Ці з’явяцца «дармаедскія квіткі» на аўтобус?

Здаровы сэнс перамог, але не да канца. Зразумела: кіраўнік краіны псіхалагічна не гатовы прызнаць сваю памылку з дармаедскім дэкрэтам. Таму і, можна сказаць, выкруціўся. 

c7348b34be23cec06f4658765a32b875.jpg

Учора мы пабачылі новы дэкрэт, які замяняе сабою «дэкрэт пра дармаедаў». Дакумент называецца «аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» і не ўтрымлівае абавязку афіцыйна непрацуючым грамадзянам сплочваць грошы на пакрыццё дзяржаўных выдаткаў па ўтрыманні сацыяльнай сферы. То бок, дармаедскі падатак адменены.

Занятасць? Ну-ну…

 У першай частцы дакумента шмат прыгожых словаў пра тое самае «садзейнічанне занятасці». Маўляў, мясцовыя ўлады створаць камісіі па працаўладкаванні. У выніку ў нас атрымалася дзве структуры, якія дублююць адна адну: камісія па працаўладкаванні і служба занятасці.

То бок, чыноўнікі, якія працавалі над дэкрэтам, сябе не пакрыўдзілі. Яны стварылі дадатковыя месцы працы толькі для сябе, любых — магчымасць уласнага працаўладкавання ў гэтых камісіях. Што ж тычыцца беспрацоўных, то вакансій у выніку прыняцця дэкрэта больш не стала.

188078_1516943555_big.jpg

Яшчэ адна задача дакумента, па словах яго распрацоўшчыкаў, — выцягнуць з ценявога сектару эканомікі тых, хто працуе ў шэрай зоне. Маўляў, для іх ствараюць сітуацыю, калі легальнае працаўладкаванне будзе выгадна ў любым выпадку, піша БелТА. Як сказала міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. «У рэспубліцы ёсць пэўная катэгорыя працаздольных грамадзян, якія не працуюць і не зацікаўлены ў пошуку працы. Магчыма, частка з іх — гэта грамадзяне, занятыя ў ценявым бізнесе. Таму неабходна фармаванне ўмоў, пры якіх грамадзянін будзе сам зацікаўлены ў працаўладкаванні».

Але пра гэта — нармальныя ўмовы працы, магчымасць легалізацыі свайго бізнесу, дэбюракратызацыя, празрыстае і яснае заканадаўства і нармальная, зразумелая правапрымяняльная практыка — дзясятак гадоў талдычаць як незалежныя эканамісты, так і самі прадпрымальнікі. Баюся, што «неабходнае фармаванне ўмоў», калі яно не адбылося за дзясяцігоддзе, не адбудзецца ніколі. Прынамсі, не пры гэтай уладзе, якая бачыць у прадпрымальніках і бізнесоўцах у лепшым выпадку «дойную карову», а ў горшым — кроўных ворагаў.

Плаці за то, не ведаю за што

Цікавая частка дакумента, якая прадугледжвае абавязак працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, аплачваць паслугі па цэнах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на іх аказанне. Норма пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2019 года, але як яна пачне дзейнічаць, не ведае яшчэ ніхто. Па словах Касцевіч, парадак разліку будзе вызначаны ўрадам да 1 красавіка бягучага года.

3b608fdd_226f_4ed5_874e_99805b63d80c_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg

Але давайце разбярэмся, якія «паслугі» будуць «поўнасцю пакрываць» дармаеды, і што такое «эканамічна абгрунтаваныя затраты на іх аказанне».

Найперш на розум прыходзяць, канешне, медыцына і адукацыя. Але тут праблему разумеюць нават тыя, хто распрацоўваў новы варыянт дэкрэту. Напрыклад, адзін з удзельнікаў працоўнай групы, дырэктар Інстытута эканомікі НАН Валер Бельскі казаў tut.by, што ў Беларусі не так і шмат сфер, якія могуць быць задзейнічаны ў механізме поўнай аплаты спажытых паслуг.

А ўсё таму, што па Канстытуцыі ў нас медыцына і адукацыя бясплатныя, і пры патрэбе тую ж медыцынскую дапамогу павінны аказаць усім — і працоўным, і непрацуючым. Так што ў тэрміновым выпадку дактары «хуткай дапамогі» не будуць патрабаваць даведку аб працаўладкаванні. І настаўнікі ў школах не павінны цікавіцца ў вучняў, дзе і як працуюць іх бацькі.

А па-за «хуткай дапамогай» і школай? Давайце будзем шчырыя: у нас бясплатнай медыцыны і адукацыі практычна не існуе. Бясплатна доктар можа хіба толькі выдаць даведку пра хваробу, а лекі і іншае патрэбна набываць самім. Прайшлі тыя часы, калі табе выпісалі рэцэпт — і ты па ім бясплатна атрымаў пігулкі.

Гады два таму я сама трапіла ў бальніцу. Нармальную бальніцу, але не па месцу рэгістрацыі. Валялася там тыдзень, але бясплатна мяне лячылі толькі першыя тры дні, як «аказанне тэрміновай дапамогі». За астатнія дні лекавання давялося заплаціць. Кошты былі прымальныя.

Што да адукацыі, то колькасць студэнтаў-платнікаў у беларускіх ВНУ ўжо некалькі гадоў вагаецца на ўзроўні 70%. І толькі каля 30% навучаюцца за бюджэтны кошт.

Яшчэ дзяржава кажа, што субсідуе грамадскі транспарт. Па ідэі, за гэта таксама трэба аплачваць «эканамічна абгрунтаваныя выдаткі». Ці азначае гэта, што для дармаедаў увядуць асобныя праязныя і «дармаедскія квіткі на адну паездку»? Выбачайце, але гэта глупства.

Канешне мы звыклі чакаць ад дзяржавы любога глупства, і «дармаедскіх квіткоў» у тым ліку. Але атрымаецца, як у папярэднім варыянце дэкрэту, калі на «лісты шчасця» з падатковых сышло значна больш грошай, чым атрымалі падатку ад лайдакоў. Друкаваць асобныя квіткі для дармаедаў — занадта дорага выйдзе.

pisma_schastya_s.jpg

Дзяржава таксама гарантуе, наколькі гэта магчыма, бяспеку сваім грамадзянам. Міліцыянты будуць цікавіцца ў пацярпелых іх даведкамі аб працаўладкаванні?

А яшчэ дзяржава ўтрымлівае войска, якое заўсёды гатовае (прынамсі, я на гэта спадзяюся) бараніць нашую Бацькаўшчыну. Думаю, што ў выпадку агрэсіі нашыя салдаты не будуць страляць праз адзін патрон: адзін стрэл нармальны, за працоўнага, адзін халасты — за дармаеда. 

ЖКГ? Не ведаем, не бачылі…

Што застаецца? Застаецца тое, пра што казаў той самы спадар Бельскі. «У сферы ЖКГ ёсць магчымасць увесці поўную аплату паслуг для непрацуючых грамадзян. Але ў бліжэйшай перспектыве застанецца толькі два віды паслуг, якія будуць субсідавацца дзяржавай і за спажыванне якіх непрацуючыя грамадзяне могуць плаціць па стопрацэнтным тарыфе — ацяпленне і забеспячэнне палівам. Кошт гэтых паслуг у значнай ступені субсідуецца дзяржавай», — пазначаў Бельскі.

Але і тут маштабная праблема: камунальнікі самі не ведаюць, колькі насельніцтва павінна плаціць за паслугі ЖКГ і колькі ўсё ж складае ў грошах гэты «стопрацэнтны тарыф». Тройчы Аляксандр Лукашэнка прасіў і патрабаваў прадставіць яму гэтыя лічбы, і тройчы камунальнікі не маглі гэтага зрабіць. Прынамсі, пра прадстаўленне такіх лічбаў не было нічога чуваць, — у адрозненне ад патрабаванняў кіраўніка дзяржавы, — і ніхто іх дагэтуль не пабачыў.

Дык як можна заплаціць за ацяпленне і забеспячэнне палівам сто працэнтаў, калі мы не ведаем, колькі гэта — сто працэнтаў?

Сухая рэшта

Гэтая рэшта ў тым, што грамадства можа і павінна прымушаць дзяржаву вызнаваць свае памылкі і скасоўваць нягеглыя рашэнні. Галоўнае — не сядзець на попе роўна. Каб не было «дармаедскіх пратэстаў» год таму, каб не атрымала гэтая тэма агромністы рэзананс — так і заставаліся б мы з дармаедскім падаткам.

maxresdefaulasdfgxcvbn.jpg

Дармаедскі падатак адменены. І гэта — галоўнае, што ўтрымліваецца ў новым дэкрэце кіраўніка дзяржавы. Мы змаглі гэта зрабіць. Мы здолелі перамагчы дзяржаву.