Чатыры галоўных адрозненні паміж «дармаедскімі дэкрэтамі»
Усё што варта ведаць пра тое, чым розняцца абодва дэкрэта.
Першае адрозненне. Мэта дэкрэта
Дэкрэт №3
У мэтах папярэджання сацыяльнага ўтрыманства, стымулявання працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці, забеспячэння выканання канстытуцыйнага абавязку грамадзян па ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў.
Дэкрэт №1
У мэтах актывізацыі дзейнасці дзяржаўных органаў па максімальным садзеянні грамадзянам знаходзіць працу, стымуляванні занятасці, правядзенні мерапрыемстваў, накіраваных на рэсацыялізацыю асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.
Высновы: Змяняецца пазіцыянаванне дэкрэта, калі першы быў пра «сацыяльнае ўтрыманства», то цяперашні варыянт фармальна аб «стымуляванні занятасці» і «рэсацыялізацыі асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця».
Другое адрозненне. Хто такі дармаед?
Дэкрэт №3
Грамадзяне, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічаюць у такім фінансаванні менш за 183 каляндарных дзён у падатковым перыядзе.
Дэкрэт №1
Пакуль не вядома. Савет Міністраў вызначыць парадак аднясення працаздольных грамадзян да незанятым у эканоміцы.
Цяпер дармаеды – гэта "працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, якія аплачваюць паслугі з пакрыццём выдаткаў". Раней дармаедамі былі "грамадзяне, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў". Самі судзіце, наколькі прынцыповая розніца.
Высновы: калі ў дэкрэце не прапісаны нават аб'ект, на які ён накіраваны, значыць, у дэкрэце не прапісана нічога.
Адрозненне трэцяе. Рэсацыялізацыя
Дэкрэт №3
У тэксце дэкрэта «рэсацыялізацыя» не фігуруе, як і «асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця».
Дэкрэт №1
Са словаў пра "рэсацыялізацыю асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця" пачынаецца тэкст дэкрэта. Вядома, што будуць створаныя камісіі, ім будзе дадзена права прымаць рашэнні аб неабходнасці накіравання працаздольных непрацуючых грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.
Высновы: пад «рэсацыялізацыяй», імаверна, маюць на ўвазе адпраўленне людзей у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.
Адрозненне чацвёртае. Што возьмуць з дармаедаў?
Дэкрэт №3
20 базавых велічынь.
Дэкрэт №1
У Дэкрэце гэта таксама не вызначана. Да 1 красавіка Савет міністраў павінен вызначыць спіс паслуг, якія давядзецца кампенсаваць, а таксама ўмовы іх аказання. Хоць старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Тамара Красоўская ўжо ўдакладніла, што гэта будуць паслугі ЖКГ.
Высновы: мы не ведаем, хто дакладна падпадае, а хто вызваляецца і на каго не распаўсюджваецца дэкрэт. Няма спісу паслугаў, якія давядзецца аплачваць па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. Пакуль зусім не ясна, як будзе дзейнічаць механізм аплаты і ўмовы аказання паслугаў, якія давядзецца кампенсаваць. Але самае незразумелае, навошта падпісваць такі дэкрэт, дзе нічога з гэтага не вызначана.
Урад мае ўсяго тры месяцы на тое, каб прыдумаць і ўвасобіць механізмы, з дапамогай якіх будзе працаваць гэты дэкрэт, хто пад яго падпадае, а хто вызваляецца. Увогуле, за тры месяцы ўрад павінен прыдумаць тое, што яму не ўдалося зрабіць цягам 34 месяцаў, пакуль дзейнічаў ранейшы «дэкрэт аб дармаедах».
Паводле Еўрарадыё