«Цяпер я бомж!» Віцябляніна, хворага на COVID-19, прымусова выселілі з інтэрнату

36-гадовы жыхар Віцебску Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард некалькі гадоў праз суд адстойваў сваё права на жытло. Аднак 1 ліпеня асабістыя рэчы мужчыны без ягонай згоды адвезлі з ягонага пакоя ў інтэрнаце ў невядомым кірунку, а праз тыдзень яго наагул выпісалі з інтэрнату. Сам мужчына ў гэты час знаходзіўся ў лякарні…

Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард зараз у лякарні

Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард зараз у лякарні


Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард пакутуе на дыхавіцу (астму), мае другую групу інваліднасці. 29 чэрвеня хвароба абвастрылася – мужчына трапіў у лякарню. Расказвае, што ў яго адразу ўзялі два тэсты на каронавірус. Вынік быў адмоўны, але пасля таго, як ён правёў некалькі дзён у палаце з трыма новымі пацыентамі, трэці тэст паказаў станоўчы вынік на COVID-19.
Пакуль чалавек змагаўся з каронавірусам у лякарні, судовыя выканаўцы разам з міліцыянтамі 1 ліпеня ўскрылі інтэрнацкі пакой Рафаэля і вывезлі ягоныя рэчы ў невядомым кірунку. Дзверы пакою – апячаталі.
«Уявіце! Я выйду з лякарні, а ў інтэрнат мяне не пускаюць! Цяпер я бомж! Што далей? Я не супраць перасялення. Дайце мне сацыяльнае або арэнднае жытло. Ці дайце нармальны інтэрнат», – кажа Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард.

Выселілі бяз згоды

Віцяблянін тлумачыць, што з былога студэнцкага інтэрнату Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжу на вуліцы Камсамольскай, 40, дзе ён пражываў ад 2009 году на падставе пажыццёвай дамовы найму, яго выселілі паводле рашэння суда Чыгуначнага раёну Віцебску ад 2019 году, якое лічыць незаконным і зараз абскарджвае.
Адміністрацыя каледжу спрабавала выселіць Кірылава-Шмільхольдхарда праз суд яшчэ ў 2017-м. Але тады суд Чыгуначнага раёну адмовіўся прызнаць дамову несапраўднай і засведчыў, што скасаванню яна не падлягае.
У верасні 2019-га каледж зноў падаў пазоў аб прымусовым перасяленні віцябляніна ў іншы інтэрнат – на Парахавую, 17. Такі варыянт для Рафаэля не падыходзіў, бо ў інтэрнаце на Парахавой рабілі капрамонт, а ён хварэе на дыхавіцу. Паводле заканадаўства, на час рамонту ўсе жыхары мусяць быць выселеныя. Апроч таго, прымусова перасяліць у іншы інтэрнат і падпісаць новую дамову найму без згоды грамадзяніна немагчыма. Але суд пастанавіў яго выселіць.

«Падставаў высяляць не існавала…»

Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард – юрыст паводле адукацыі. Ён пераконвае, што існуе ўсяго чатыры падставы, згодна з якімі можна выселіць грамадзяніна з інтэрнату без ягонай згоды. А менавіта: праз сканчэнне тэрміну дзеяння дамовы найму; праз запазычанасць аплаты паслугаў ЖКГ; у выпадку дабравольнай прапіскі ў іншым месцы пражывання; у выпадку пагрозы аварыйнага разбурэння будынка ці на час капітальнага рамонту.
«Ніводнай з пералічаных падставаў на сённяшні час не існуе. Затое ёсць шэраг заключэнняў спецыялістаў пра тое, што інтэрнат на Камсамольскай прыдатны для пражывання. Але з 2017 году студэнты каледжу там не жывуць і я – адзіны жыхар», – кажа Рафаэль.

photo_2020_07_09_11_06_04.jpg


Між тым, ён 12 гадоў стаіць у чарзе грамадзянаў, якія маюць патрэбу на паляпшэнне жыллёвых умоваў. Трэці год уключаны ў спісы на атрыманне сацыяльнага жытла.
«Калі я выпішуся і памяняю месца жыхарства, мне ўсё давядзецца пачынаць з нуля. Тады дзеля чаго я прайшоў столькі судоў, адстойваючы сваё права застацца ў чарзе на жытло?» – абураецца Кірылаў-Шмільхольдхард.

«Не захацеў перасяляцца – ідзі на вуліцу!»

Рафаэль звяртае ўвагу, што, выносячы рашэнне па справе, суд Чыгуначнага раёну Віцебску не пастанавіў скасаваць дамову найму, а каледж такіх патрабаванняў не заяўляў. Аднак каб перасяліць чалавека, трэба скасаваць дамову найму на Камсамольскай, 40 і заключыць новую дамову найму на Парахавой, 17, якую мусіць зарэгістраваць гарвыканкам.
«Так мяне пастанавілі выселіць з забеспячэннем іншым інтэрнатам. Але на якой падставе вы мяне можаце выселіць? Я сваёй пісьмовай згоды на заключэнне новай дамовы найму не даваў. Тым больш існуе судовы прэцэдэнт. У Мінску суд не дазволіў адміністрацыі аднаго з інтэрнатаў выселіць некалькі інвалідаў без іхняй згоды», – звяртае ўвагу Рафаэль.
«Не захацеў перасяляцца на Парахавую – ідзі на вуліцу! Пра прымусовае высяленне мяне нават не папярэдзілі!», – абураецца Кірылаў-Шмільхольдхард.
24 чэрвеня Рафаэль падаў скаргу ў Вярхоўны суд на рашэнне Чыгуначнага суду. Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард кажа, што застаецца надзея на скасаванне рашэння Чыгуначнага суда.
Зараз Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард знаходзіцца ў лякарні.
С. Горкі, vitebskspring.org