Чаму сілавікі Лукашэнкі не хапаюць расійскіх «беглых»? Адказвае Валерый Карбалевіч
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што краіна павінна «праявіць клопат і гарантаваць бяспеку» расіянам, што прыехалі ў выніку сітуацыі, якая склалася («палітычнае і гуманітарнае пытанне»), і даручыў ураду прыняць неабходныя меры. А ці змогуць у Беларусі адчуваць сябе бяспечна тыя, хто бег ад мабілізацыі? «Филин» абмеркаваў з палітолагам Валерыем Карбалевічам.
— Я ацаніў бы сітуацыю так: беларускія ўлады спрабуюць
перашкодзіць прыезду ў краіну расійскіх грамадзян, якія падлягаюць мабілізацыі.
Перашкодзіць іх прыезду і таму, каб яны знайшлі ў Беларусі прытулак альбо выкарыстоўвалі краіну як транзіт для паездкі ў іншыя дзяржавы.
Мы ведаем некалькі фактаў таго, што беларуская міліцыя
знаходзіла, не пускала, здымала з цягніка і гэтак далей. Але наколькі гэтая палітыка праводзіцца актыўна? У мяне няма ў гэтым упэўненасці. Хутчэй ва
ўлад Беларусі пазіцыя пасіўная, такое адбыванне нумара.
Маўляў, фармальна дапамагаем і не пускаем. Але каб змагацца
з людзьмі, якія бягуць ад мабілізацыі так, як беларускія сілавікі змагаліся з
апазіцыянерамі — гэтага я не бачу. Таму тут, хутчэй, ідзе нейкая імітацыя
гэтай барацьбы.
Мяркую, Лукашэнка паўстае перад дылемай. З аднаго боку,
трэба паказаць Пуціну лаяльнасць, падтрымаць яго і выканаць патрабаванні, якія
гучаць з Масквы. З іншага, Лукашэнка разумее, што мабілізацыя ў Расіі —вельмі
непапулярная рэч.
Калі беларускія ўлады пачнуць вельмі жорстка змагацца з
гэтымі «беглымі», на іх жаргоне, то гэта ўдарыць па папулярнасці Лукашэнкі
ў расійскім грамадстве. А там яго папулярнасць усё яшчэ высокая, таму кіраўнік
не хацеў бы яе губляць.
Бо гэтая папулярнасць — палітычны капітал, які ў значнай меры
дазваляе ўладам Беларусі атрымліваць эканамічныя і палітычныя дывідэнды.
Менавіта па гэтых прычынах, мяркую, у нашай краіне праводзіцца мяккая
рэпрэсіўная палітыка ў адносінах да тых расійцаў, якія пакідаюць сваю краіну.