«Чэкіст», ветэран ці шпіён ГУР? У Польшчы выкрылі агента беларускага КДБ

 На «Радыё Рацыя» ўчора была апублікавана размова з Вячаславам Галагуцкім. Мужчыну прадставілі як «прадпрымальніка, кандыдата навук, выкладчыка тэхнічнага ўніверсітэта», асуджанага двойчы за актыўную грамадзянскую пазіцыю, пацярпелага ад рэпрэсій, які змог пакінуць Беларусь. Але «Новы Час» знайшоў іншыя звесткі пра гэтага чалавека. На гэты момант артыкул з сайта «Рацыі» выдалены. Аднак мы лічым неабходным распавесці чытачам, хто такі насамрэч Вячаслаў Галагуцкі і чаму не варта яму давяраць.

Вячаслаў Галагуцкі, фота з сайта Радыё Рацыя

Вячаслаў Галагуцкі, фота з сайта Радыё Рацыя

Мы распыталі Карыну (імя зменена), арэндадаўцу жытла ў Варшаве, дзе жыў Вячаслаў, і яго знаёмага Кірыла (імя зменена), які меў з ім кантакт некалькі апошніх тыдняў.

Вось што распавядае Карына:

— Адзін з нашых жыльцоў сказаў, што ў яго ёсць сябар, і запытаў, ці можна, каб гэты сябар прыехаў і таксама жыў у нас. Мы згадзіліся.

Вячаслаў Галагуцкі прыехаў, засяліўся, і мы даведаліся, што ён ходзіць з мыліцай і кульгае на адну нагу. Мы ў яго запыталі, што з нагой. Ён сказаў, што ваяваў у Палку Каліноўскага, падарваўся на міне «пялёстак». І дадаў, што ў яго ампутавана палова ступні — засталася пятка і пару пальцаў. 

З дакументаў у яго было часовае пасведчанне — ён падаваўся на міжнародную абарону, казаў, што ў яго было некалькі адміністратывак у Беларусі. Яшчэ ён паказваў шалік і шэўрон, казаў, што служыў у батальёне «Тэрор» і меў пазыўны «Змей». Мы вельмі пранікліся гэтай гісторыяй, прынялі яго, пасялілі на першым паверсе.

Я пазваніла свайму знаёмаму з Фонду ветэранаў, які служыў у Палку Каліноўскага, а цяпер заснаваў фонд для дапамогі. Я распавяла пра Вячаслава, каб яму аказалі падтрымку па магчымасці.

Мой знаёмы прыехаў, агледзеў нагу Вячаслава і прасіў паказаць дакументы аб раненні. У Вячаслава не было такіх папер. Мой знаёмы яго сфатаграфаваў, пасля здымкі разаслалі ў Полк Каліноўскага, там яго ніхто не мог апазнаць.

Ён вельмі шмат піў, і я яго папярэдзіла, што калі ён працягне так выпіваць, то нам прыйдзецца развітацца.

І раптоўна мне пазваніў чалавек, які прадставіўся пляменнікам Вячаслава. Ён сказаў, што ўсе сваякі Галагуцкага хочуць, каб ён вярнуўся ў Мінск, але ён збег. Чаму так здарылася, ён не патлумачыў.

Я, канешне, запытала, чаму яго кінулі, калі ён ваяваў, дзе яго сябры, знаёмыя якія-небудзь. І пляменнік мне адказаў: «Слава нідзе не ваяваў, гэта дакладна, а што з яго нагой, будуць высвятляць дактары, ён кладзецца ў бальніцу».

Яшчэ пляменнік сказаў, што ў Беларусі Галагуцкі працаваў на высокай пасадзе ў нейкай прыватнай фірме і што ў яго багатая сям’я.

Неўзабаве пасля гэтага тэлефанавання Вячаслаў з’ехаў і лёг у бальніцу.

Паралельна з падзеямі, пра якія распавядае Карына, Вячаслаў камунікаваў з адным жыльцом — Кірылам (імя зменена), які, чым больш з ім размаўляў, тым больш стаў падазраваць у Галагуцкім шпіёна. Вось чым падзяліўся з намі Кірыл:

— Я задаваў яму пытанні пра яго жыццё, яго ўдзел у пратэстах у Беларусі, а ён часта не мог адказаць, ці ягоныя адказы былі зблытаныя, было шмат несупадзенняў.

Адзін раз у мяне была магчымасць паглядзець яго тэлефон, і я знайшоў перапіску з чалавекам, хутчэй за ўсё, агентам КДБ. Там былі прапісаныя заданні. Маўляў, табе трэба ўкараніцца ў дыяспару, цісні на жаласць, прасі падтрымкі ў фондах, збірай гранты. А яшчэ яму трэба было даведацца, як фінансуецца РДК (Расійскі добраахвотніцкі корпус), адкуль там падтрымка.

У перапісцы я прачытаў пра непакой Вячаслава наконт яго «легенды», на што быў адказ: «не хвалюйся, мы цябе абвесцім у міжнародны вышук, і ўсё будзе ок». Яшчэ там былі парады выдаляць усю перапіску, абмяркоўвалася эвакуацыя з Польшчы.

Я знайшоў у тэлефоне Галагуцкага фота прысуду ад 2023 года — там было напісана, што ён намеснік дырэктара прыватнай фірмы, на жаль, я не запомніў назву. Паводле дакумента, ён у стане алкагольнага ап’янення накінуўся на аўтамабіль з расійскімі нумарамі і пашкодзіў яго. Ніякіх дакументаў, фота, звязаных з пратэстамі, я ў яго тэлефоне не знайшоў.

Магчыма, што калі яго злавілі і судзілі за гэты ўчынак, яго і завербавалі. Я распавёў усё гэта Карыне, каб яна ведала, што гэта за чалавек.

Карына дадае, што Вячаслаў званіў ёй перад выпіскай з бальніцы. Яна папрасіла яго забраць рэчы і з’ехаць, таму што адкрыліся вось такія непрыемныя факты — што ён працуе на беларускае КДБ. 

— У адказ Галагуцкі стаў крычаць у трубку, што мы ўсе ненармальныя і нас трэба здаць у псіхушку, — кажа Карына. — Я яго запытвала: дык чаму вы хлусілі, што ваявалі? Вас ніхто не апазнаў, вас ніхто не ведае. Пазней мой знаёмы з фонда паказаў фота нагі Вячаслава медыкам — яны сказалі, што гэта наступствы запушчанага дыябету. 

Галагуцкі пачаў мне казаў, што ён тайны агент ГУР. У выніку мы развіталіся, і больш ён мне не званіў.

«Новы Час» паспрабаваў праверыць звесткі пра тое, што Вячаслаў Галагуцкі з’яўляецца выкладчыкам і кандыдатам навук. Мы «прагуглілі» яго імя і прозвішча і не змаглі знайсці ніякіх матэрыялаў, спасылак на артыкулы, інфармацыі пра ўдзел у навуковых канферэнцыях — звычайны «электронны след» у сеціве любога выкладчыка, нават рэпрэсаванага.

Мы заклікаем чытачоў быць пільнымі пры кантактах з незнаёмымі людзьмі, нават калі яны сцвярджаюць, што былі рэпрэсаваныя ў Беларусі. Памятайце, што прыгожая гісторыя можа быць «легендай», распрацаванай КДБ. А неабдуманы распаўсюд асабістай інфармацыі можа нанесці шкоду вам ці іншым людзям.