Чыноўнікаў «новай Беларусі» будуць рыхтаваць за мяжой

Па-за межамі Беларусі пачынае працаваць праграма навучання беларускіх чыноўнікаў. Хто ў ёй будзе ўдзельнічаць і які ў гэтым сэнс, разбіралася «Настоящее время».

Дэмакратычныя сіоы рыхтуюцца рэфармаваць верыткаль улады. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Дэмакратычныя сіоы рыхтуюцца рэфармаваць верыткаль улады. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Сёння дэмакратычныя сілы Беларусі запусцілі адукацыйную праграму для будучых чыноўніц і чыноўнікаў. Гэта частка праекта «Кадравы рэзерв для новай Беларусі», мэта якога — падабраць і падрыхтаваць кіраўнікоў, здольных правесці ў Беларусі дэмакратычныя рэформы. Прычым у праграме падрыхтоўкі будучых дзяржслужачых змогуць прыняць удзел як беларусы, якія жывуць за мяжой, так і тыя, хто застаюцца ўнутры краіны.

Ці шмат набралася ахвотных вучыцца кіраваць ва ўмовах бесперапынных рэпрэсій, хто і чаму будзе вучыць новых чыноўнікаў, а таксама чым усе гэтыя людзі будуць займацца, пакуль ва ўладзе Аляксандр Лукашэнка? Гэтыя пытанні «Настоящее время» задало Юрыю Губарэвічу, адказнаму за падрыхтоўку кадравага рэзерву ў Аб'яднаным пераходным кабінеце, і Арцёму Праскаловічу — былому чыноўніку Адміністрацыі Лукашэнкі, а цяпер — эксперту «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення».

«Яны рызыкуюць усім і могуць папросту сесці ў турму»

Паводле слоў Юрыя Губарэвіча, усяго на ўдзел у праграме «Кадравы рэзерв для новай Беларусі» паступіла каля 300 заявак. Сярэдні ўзрост суіскальнікаў — 41 год. Больш за ўсё заявак прыйшло ад людзей, якія працуюць у сферах адукацыі, IT, палітыкі і грамадскай дзейнасці, а таксама ад дзяржслужачых і бізнесу. 170 чалавек выказалі жаданне прайсці пілотную адукацыйную праграму, якая стартуе 3 красавіка.

У «кадравы рэзерв» запрашаюць не толькі беларусаў, якія эмігравалі, але тых, хто застаюцца ўнутры краіны, у тым ліку — дзеючых чыноўнікаў. Паводле звестак Юрыя Губарэвіча, тыя, хто працягваюць жыць і працаваць у Беларусі, складаюць прыкладна 40% удзельнікаў кампаніі. На думку Арцёма Праскаловіча, у сённяшніх умовах гэта «падобна да подзвігу»:

«Сітуацыя ў краіне такая, што людзі выдаляюць браўзер, калі іх выпадкова выкідае на рэсурсы, якія ў Беларусі могуць палічыць крамольнымі або "экстрэмісцкімі". Але нават пры такіх татальных рэпрэсіях беларусы знаходзяць у сабе сілы браць удзел у кампаніі. Ва ўдзельнікаў няма стыпендый у адукацыйнай праграме, у іх няма гарантый працаўладкавання пасля навучання, яны рызыкуюць усім, могуць папросту сесці ў турму, але выбіраюць свой пасільны ўнёсак у будучыню Беларусі».


Для бяспекі ўдзельнікаў і ўдзельніц навучанне ў пілотнай адукацыйнай праграме будзе праходзіць праз Zoom Webinars (інтэрфейс якіх больш падобны да трансляцыі, а не да гутаркі), што дазваляе кожнаму заставацца ананімным, удакладняе Юрась Губарэвіч. Ён таксама падкрэслівае, што персанальныя звесткі пра ўдзельнікаў праграмы будуць захоўвацца ў зашыфраваным выглядзе і да асабістай інфармацыі пра іх не будзе доступу нават у арганізатараў.

Змест пілотнай праграмы — уласная распрацоўка беларускіх экспертаў, у якой улічаны досвед, напрыклад, школы маладых менеджараў Simpa BIPART, «Лятучага ўніверсітэта» і Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Аўтарка праграмы — Святлана Мацкевіч, кандыдат педагагічных навук з досведам працы ў Міністэрстве адукацыі Беларусі. Выкладчыкі — каля 15 чалавек, якія працавалі ў ЕГУ і БДУ, у тым ліку тыя, хто быў вымушаны з'ехаць з краіны пасля пратэстаў і рэпрэсій 2020-га: былая дацэнт кафедры факультэта міжнародных адносін БДУ, кандыдат гістарычных навук Роза Турарбекава, былы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Радаман, былы часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч і іншыя. Юрась Губарэвіч падкрэслівае, што «гэта не праект адной палітычнай сілы ці групы, гэта супольная праца на будучыню Беларусі».

Удзельнікаў будуць навучаць канцэптуальным рэчам: аналізаваць, выказваць сваю пазіцыю, даваць ацэнку падзеям, кааперавацца, камунікаваць, — і прыкладным: сучасным уяўленням пра кантэксты і ключавым складнікам дзейнасці дзяржслужачых, асноўным падыходам да арганізацыі дзейнасці ў дзяржкіраванні ў сітуацыі перамен у Беларусі. Таксама будзе магчымасць выбраць спецыялізацыю: міжнародная палітыка, мясцовае кіраванне, самакіраванне, эканоміка. Пілотная праграма разлічана на 60 акадэмічных гадзін і працягнецца два месяцы, але ў планах арганізатараў — распрацаваць паўнавартасную праграму на некалькі семестраў, аналагічную магістарскай.

Навошта патрэбная Беларусі падрыхтоўка чыноўнікаў за мяжой

Арганізатары праграмы падрыхтоўкі «кадравага рэзерву» спадзяюцца, што ім удасца падрыхтаваць новых беларускіх чыноўнікаў, якія змогуць браць ініцыятыву ў свае рукі і мець зносіны на роўных з еўрапейскімі калегамі. «Яны будуць мець права на ўласнае меркаванне, — кажа Арцём Праскаловіч. — Будуць адчуваць сябе часткай сусветнай супольнасці і ведаць самыя актуальныя практыкі ў сваім кірунку дзейнасці». «У дзяржслужачых будзе адсутнічаць адчуванне, што ініцыятыва караецца, — дадае Юрый Губарэвіч. — Гэта асноўны біч сённяшняй сістэмы, у якую ты павінен убудавацца і ніяк сябе не праяўляць, таму што, калі ты маеш сваё меркаванне і рэалізоўваеш сваю ініцыятыву насуперак указанням зверху, — гэта прыкмета нелаяльнасці сістэме. Будзе і іншы ўзровень валодання замежнай мовай. Любы чыноўнік павінен свабодна мець зносіны з калегамі з іншых краін».


Пакуль рэжым Лукашэнкі ва ўладзе, падрыхтаваныя ў якасці «кадравага рэзерву» новыя кіраўнікі змогуць стажыравацца ў Аб'яднаным пераходным кабінеце, а таксама працаваць на карысць беларускіх дыяспар у розных краінах. «Магу прывесці прыклад структур Еўрасаюза, у якіх шырока прадстаўлены нацыянальныя групы. Гэта дапамагае ў лабіяванні інтарэсаў той краіны, прадстаўнікі якой маюцца ў гэтых структурах. Гэта адна з рэкамендацый на той выпадак, калі рэжым Лукашэнкі затрымаецца», — кажа Губарэвіч.

Арцём Праскаловіч, спасылаючыся на свой досвед працы ў дзяржструктурах Беларусі, мяркуе, што ў будучыні новыя менеджары не сустрэнуць супраціву з боку «старых» чыноўнікаў у Беларусі, калі і калі транзіт улады ўсё-ткі адбудзецца:

«Суадносіны сіл унутры дзяржслужачых (калі казаць не пра сілавы блок) засталіся ранейшымі. Вядома, нелаяльных людзей "зачысцілі", але ўнутры дзяржслужбы працягваюць заставацца людзі, якія не падтрымліваюць Лукашэнку і чакаюць магчымасці рэалізаваць сябе інакш. Лаяльныя, бесхрыбетныя, кіруемыя дзяржслужачыя — гэта не актыў Лукашэнкі, які дапамагае яму ўтрымліваць уладу, а пасіў. Усё гэта вядзе да таго, што пасля падзення рэжыму будзе наступны баланс: касцяк перакананых прыхільнікаў дэмакратычных перамен і асноўная маса дзяржаўных службоўцаў, у якіх няма ідэалагічнай прыхільнасці цяперашняму рэжыму, для іх гэта ўсяго толькі праца. Таму рэфарматары не сустрэнуць супраціву ў шырокай масе чыноўнікаў», — лічыць Праскаловіч.