«Да суда яшчэ далёка». Адвакатка сустрэлася з Марыяй Калеснікавай

12 студзеня з Марыяй Калеснікавай у СІЗА на Валадарскага ў Мінску бачылася адвакатка Людміла Казак, піша Свабода.

zanoczy_marsz_fota_dzmitryja_dzmitryeva__33__logo_1_1_1.jpg


8 студзеня Калеснікаву перавялі ў Мінск з СІЗА ў Жодзіне.
6 студзеня стала вядома, што Марыя Калеснікава застанецца пад вартай да 8 сакавіка.
«Сёння працягвалася праца па справе, сутнасць якой ёсць следчай таямніцай, — сказала Свабодзе адвакатка. — Мы падалі скаргу на падаўжэнне ёй тэрміну ўтрымання пад вартай. Мяркую, што на гэтым тыдні скарга будзе разгледжана ў судзе Партызанскага раёну».
Адвакатка сказала, што не можа назваць прычыну пераводу Марыі Калеснікавай у Мінск, бо дагэтуль не бачыла адпаведнага афіцыйнага дакументу.
«Застаецца толькі здагадвацца, — сказала Свабодзе Людміла Казак. — Да суду яшчэ далёка, бо следства і ўтрыманне пад вартай працягнутае да 8 сакавіка, таму наўрад ці блізкая судовая перспектыва».
Свой перавод з Жодзіна ў Мінск Марыя Калеснікава назвала «рамантычнай паездкай на начным цягніку».
«Я нават не ведала, што з Жодзіна ў Мінск можна прыязджаць на гэтым этапным цягніку. Яе размясцілі ў асобным вагоне з кратамі і давезлі да Мінску», — сказала Людміла Казак.
Што да ўмоваў ўтрымання на Валадарскага, то Марыя «ні на што не скардзіцца».
«Яна пакуль застаецца ў камеры адна, хоць сітуацыя можа мяняцца. Марыя называе ўмовы даволі прымальнымі. Адміністрацыя і персанал ставяцца да яе паважліва і карэктна».
Паводле адвакаткі, са здароўем у Марыі «ўсё ў парадку».
«А настрой, відаць, нічым нельга сапсаваць. Яна настроена на актыўную барацьбу за свае правы, яна напісала скаргі па ўсіх пытаннях, якія тычацца справы», — сказала адвакатка.
Людміла Казак сказала, што трапіць да абароннай праблем няма. Але ўмовы для сустрэч створаны не вельмі добрыя, і наконт гэтага таксама пададзеныя скаргі.
«Выдзяляюцца кабінеты для сустрэч з перагародкамі з аргшкла, і з-за гэтага немагчыма нармальна працаваць і размаўляць. Мы лічым, што гэта з'яўляецца процідзеяннем для аказання ёй юрыдычнай дапамогі», — сказала адвакатка.
З гэтай нагоды Марыя Калеснікава падала скаргу ў дэпартамент выканання пакаранняў і ў Мінскую гарадскую пракуратуру. Такія ж скаргі накіруе і адвакатка.
«Яна лічыць, што гэта парушэнне яе правоў, а я лічу, што гэта таксама парушэнне права абаронцы. Бо ўмовы зносін з падабароннымі проста невыносныя. Ясна, што яны ня самі гэта прыдумалі, але выглядае даволі дзіўна», — сказала Людміла Казак.

«Лістоў ад Калеснікавай няма»

Марыя Б., якая актыўна перапісваецца з палітвязнямі, сказала Свабодзе, што дагэтуль не атрымала ніводнага ліста ад Марыі Калеснікавай.
«Лісты не вярнуліся. Калесьнікавай я пісала ў верасні, лістападзе, снежні і вось учора напісала ўжо ў СІЗА-1», — сказала яна.
Наогул Марыя не атрымлівае лістоў ад вязняў з СІЗА КДБ.
«Напісала больш за 200 лістоў Бабарыку-старэйшаму — ён атрымаў 4 лісты і адказаў. І быў адзін адказ ад Купрэевай. Больш з СІЗА КДБ мне адказаў не было».
Марыю Калеснікаву затрымалі 8 верасня ў Мінску і спрабавалі вывезці з Беларусі. Яна парвала свой пашпарт і адмовілася пакідаць краіну. Калеснікаву змясцілі ў СІЗА № 1 Мінску, яе падазраюць па крымінальнай справе, пачатай па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу. 12 верасня Калесьнікаву перавялі ў жодзінскую турму.
16 верасня Марыі прад’явілі абвінавачанне па ч. 3 арт. 361 (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і інтэрнэту).
Абарона настойвае, што дзеянні Калеснікавай накіраваныя не на прычыненне, а на прадухіленне шкоды нацбяспецы, паведаміла прэс-служба Віктара Бабарыкі.