«Я гуляў з агнём і апёкся»: Фазель апраўдваецца за сустрэчу з Лукашэнкам

11 студзеня кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазель наведаў Мінск для абмеркавання лёсу чэмпіянату свету па хакеі. Фотаздымкі яго сяброўскіх абдымкаў з Аляксандрам Лукашэнкам выклікалі шквал крытыкі ў заходніх СМІ. У інтэрв’ю SRF Фазель паспрабаваў растлумачыць, што адбылося.

38_1000x652.jpg


На пытанне ці не здзейсніў Фазель памылку, абняўшыся з аўтакратам, ён адказаў, што ўжо 20 гадоў знаходзіцца ў добрых адносінах з Лукашэнкам і хацеў выкарыстаць гэтыя адносіны на карысць, піша Reform.by.

«IIHF хацела скарыстацца магчымасцю і правесці адкрытую размову з Лукашэнкам. Я шкадую, што гэта інтэрпрэтавалі так, быццам бы я ўхваляю тое, што адбываецца, і рэпрэсіі ў Беларусі. Але я хацеў выкарыстаць гэтыя асаблівыя адносіны з Лукашэнкам на карысць. Каб Чэмпіянат свету прывёў да нейкага прымірэння паміж апазіцыяй і ўладамі», — сказаў Фазель. Ён прызнаў, што сітуацыя атрымалася трохі дурной і цяпер яму няёмка.

Фазель заявіў, дэлегацыя IIHF разлічвала пераканаць Лукашэнку, што з дапамогай чэмпіянату свету ён можа паслаць сігнал аб сваім жаданні дыялогу з апазіцыяй.

«Уявіце, што мы адмяняем Чэмпіянат свету ў Беларусі. Ці зменіцца што-небудзь у краіне? Вядома, не. Сам Лукашэнка сказаў, што ён хоча змяніць Канстытуцыю, што гатовы правесці новыя выбары. І мы абмяркоўваем з ім і імкнемся зрабіць штосьці добрае. Вымушаны прызнаць: я гуляў з агнём у Мінску. І мы трохі апякліся. І цяпер гэта цяжка змяніць», — сказаў Фазель.

Кіраўнік IIHF заявіў, што гутарка праходзіла эмацыйна.

«Першы кантакт быў вельмі сяброўскім. Потым, калі мы абазначылі праблемы, размова стаў вельмі эмацыйнай. З такімі людзьмі звычайна вельмі складана размаўляць. Дзякуючы асаблівым адносінам, якія ў мяне склаліся з Лукашэнкам, мы змаглі ўсё растлумачыць. Але ў сацыяльных сетках людзі вельмі хутка робяць высновы з таго, што бачаць. Усё пайшло ў дрэнным кірунку. І мне балюча і вельмі шкада», — сказаў Фазель.

Фазель дадаў, што не лічыць, што зрабіў нешта дрэннае. На яго думку, чэмпіянатам можна дасягнуць тое, што не атрымліваецца дасягнуць іншымі сродкамі.

«Хто ўжо чагосьці дамогся ў Беларусі санкцыямі і байкотамі? Ніхто», — заявіў Фазель. Ён дадаў, што спорт павінен аб'ядноўваць людзей. «Трэба імкнуцца да дыялогу. Мне сорамна, што ўсё так выйшла, і я бяру за гэта адказнасць», — сказаў кіраўнік IIHF.

Рэнэ Фазэль быў з візітам у Мінску 11 студзеня. На сустрэчы Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая правесці турнір, але Фазель адзначыў, што сітуацыя ў краіне змянілася з лета.

Увагу заходніх СМІ прыцягнуў не столькі сам візіт, колькі сяброўская сустрэча спартыўнага функцыянера і беларускага пакуль што кіраўніка. Фатаграфіі цёплых абдымкаў Фазеля і Лукашэнкі сталі прадметам абмеркавання Савета Федэрацыі па выніках візіту. Па словах віцэ-прэзідэнта IIHF Калерва Кумолы, Фазель быў шакаваны тым, што яны з’явіліся ў прэсе і выклікалі такую крытыку.

Кумола назваў фатаграфіі сяброўскіх абдымкаў Лукашэнкі і Фазеля абуральнымі. «Фотаздымкі абуральныя, але я не здзіўлены. Гэтыя людзі добра ведаюць адзін аднаго», — сказаў ён фінскаму выданню Ilta Sanomat.

У інтэрв’ю Yle кумола сказаў, што Фазель сам быў шакаваны тым, як шырока разышліся фатаграфіі. «Ён сам быў трохі ў жаху. Я мяркую, што была дамоўленасць, што прэса не будзе прысутнічаць, але яна там была. Гэта паказвае, што Лукашэнка хоча прасоўваць сваю ўласную прапаганду праз гэтую сустрэчу», — заявіў Кумола.

Вынікі візіту абмяркоўваліся ў аўторак на савеце IIHF. Са слоў Кумолы, справа рухаецца да таго, каб перанесці чэмпіянат з Мінска. Федэрацыя будзе разглядаць некалькі варыянтаў, але самым простым будзе правесці турнір у Латвіі, мяркуе віцэ-прэзідэнт IIHF.

Як распавёў кумола MTV Uutiset, на сустрэчы з Лукашэнкам дэлегацыя Федэрацыі сярод іншага ўздымала пытанне свабоды слова і палітычных зняволеных. Па словах Кумолы, па многіх пунктах Лукашэнка пагадзіўся, але не варта чакаць, што ён пачне выпускаць палітвязняў.

Канчатковае рашэнне аб правядзенні чэмпіянату будзе прынята не пазней 27 студзеня, заявіў Кумлола. «Спачатку трэба прыняць палітычнае рашэнне, а потым вырашыць шмат эканамічных пытанняў», — сказаў ён.

Калі размова пайшла пра «шмат эканамічных пытанняў», то верагоднасць пазбаўлення Мінска праводзіць ЧС па хакеі — вельмі імаверная.