Да сустрэчы! Усё будзе добра! (+фота)

Такімі словамі Алесь Макаеў скончыў сённяшнюю сустрэчу прадпрымальнікаў у Мінску. З яе вынікае адно: дробныя бізнэсоўцы рыхтуюцца да доўгага змагання з уладамі. І здавацца не збіраюцца.



На Кастрычніцкую плошчу ў Мінску прыйшло няшмат народа. Чалавек з дзьвесце. Некаторыя нават задаваліся пытаннем: дзе тыя сотні, якія розных сацыяльных сетках казалі: «Дайце нам мітынг у выходныя!» Ну, далі ім мітынг у выходныя, і што?

У больш дасведчаных з-за надвор’я ўзнікалі алюзіі на 2006-ы год. Тады ў сакавіку таксама ішоў снег. І тады не сотні, а тысячы людзей выгуквалі на плошчы пад моцнай завірухай: «Застаемся!». І заставаліся.

Канешне, па колькасці народа гэта ніяк не нагадвала 2006-ы, прэзідэнцкія выбары. Але па духу было нешта падобнае. Людзі прыйшлі адстойваць сваё права на працу, на годнае жыццё. І хай іх было менш. Але пад снегам амаль ніхто не сыходзіў з плошчы.

Мітынг, як заўсёды, распачаў Макаеў, прапанаваўшы выказвацца таму, хто пажадае штосьці сказаць. Пакуль выступоўцы рыхтаваліся, вядомая беларуская рэжысерка Вольга Мікалайчык з сябрамі зладзілі перформанс: яны «раздавалі непатрэбнае» — нібыта тыя рэчы, якія з-за ўказа №222 сапсаваліся ў прыватнай прадпрымальніцы. Старыя камізэлькі і спінжакі дасталіся Аляксандру Лукашэнку, Міхаілу Мясніковічу, нешта перапала Лідзіі Ярмошынай. Карацей, народ весяліўся.

Але за гэтай весялосцю было заўважна, што народ абмяркоўвае даволі сур’ёзныя рэчы. Па словах таго ж Макаева, у Мінску па-ранейшаму не працуюць каля 80% іпэшнікаў. Між тым, кожны прадпрымальнік прыносіць беларускаму бюджэту каля 300 долараў у выглядзе розных плацяжоў штомесяц. Калі сапраўды лічыць, што прадпрымальнікаў у Беларусі — 200 тысячаў, то гэта атрымліваецца калі мільярда долараў на год.

Макаеў прапанаваў падтрымаць ініцыятыву рэгіянальных прадпрымальнікаў, і ўсім адмовіцца ад сплочвання любых падаткаў — ў тым ліку арэнды, ўнёскаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Прычым, пачаць гэта рабіць з сакавіка, які ўжо на парозе. Прысутныя гэтую прапанову падтрымалі. Калі на яе адрэагуюць астатнія, тыя хто на мітынгу не прысутнічаў — гэта будзе даволі сур’ёзны ўдар па бюджэце.

Увогуле, тыя, хто сабраліся на гэтую сустрэчу, былі настроеныя даволі радыкальна, рашуча, і адзінадушна. Без пярэчанняў, напрыклад, былі прынятыя дзьве прапановы сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца. Па-першае, ён прапанаваў мараторый на крытыку адных прадпрымальнікаў іншымі. Маўляў, адны з іх хочуць дамаўляцца з уладамі (з гэтага пакуль што нічога не атрымліваецца), іншыя выходзяць на плошчу. Але мэта ва ўсіх адна. І таму, каб прадэманстраваць салідарнасць і еднасць, трэба не лаяцца ў публічнай прасторы. Гэта было падтрымана.

Па-другое, сённяшнія дэманстранты, якія выйшлі на несанкцыянаваную акцыю, якую ніхто ў Мінгарвыканкаме не замаўляў, вырашылі падтрымаць і акцыю 14-га сакавіка, якую ўсё ж замовілі Мікола Статкевіч і лідар прадпрымальніцкага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. Канешне, узнікла пытанне, навошта гэтая замова, калі прадпрымальнікі і так кожны тыдзень без асаблівых перашкодаў збіраюцца ў цэнтры горада. Але, тым не менш, і маючая адбыцца акцыя была падтрыманая.

Таксама Севярынец паведаміў, што ў Баранавічах 7-га сакавіка прадпрымальнікі ладзяць свой мітынг пад перадвыбарчым лозунгам кандыдата ў прэзідэнты 2010-га года Андрэя Саннікава: «Пара мяняць лысую гуму». І падтрымаць Баранавічы.

Рэгіянальны прадпрымальнік Алесь Абрамовіч, які гэтым разам некалькі разоў браў мегафон, таксама заклікаў ствараць у рэгіёнах суполкі камітэта выратавання прадпрымальнікаў, фонды падтрымкі актывістаў: каб было на што сплочваць адміністрацыйныя штрафы альбо ў больш горшым выпадку — насіць перадачы тым, хто патрапіў «на суткі».

А баранавіцкі актывіст Рыгор Грык, па завядзёнцы, з’явіўся на акцыю ў турэмнай робе.

Падавалася, што з-за снежнага і халоднага надвор’я акцыя скончыцца, як звычайна. То бок, паразмаўляюць і разыйдуцца. Аднак яе арганізатары, разам з удзельнікамі вырашылі інакш. Яны выказалі прапанову пайсці шэсцем ад кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці. Прагматычнага сэнсу, па вялікім рахунку, у гэтым не было аніякага: у нядзелю не працуюць ані урад, ані Мінгарвыканкам, размешчаныя на гэтай плошчы а Палата прадстаўнікоў увогуле да красавіка на канікулах. То бок, ніхто дэманстрантаў там не чакаў.

Аднак… «Дэманстрацыя» на тое і дэманстрацыя, каб нешта дэманстраваць. Па вялікім рахунку, яна дэманстравала тое, што выгуквалі маладзёны, якія бралі ўдзел у прадпрымальніцкім мітынгу: «Выйдзі на вуліцу — вярні сабе горад!». І з воклічамі «Работу!», «Свабоду!», і, канешне ж, «Жыве Беларусь» дэманстранты ўсё ж дайшлі да плошчы Незалежнасці. Па традыцыйнай апазіцыйнай завядзёнцы яны ішлі выключна па ходніках і пераходзілі скрыжаванні толькі на зялёнае святло светлафораў.

Як ні дзіўна, ім ніхто не перашкаджаў гэтага рабіць. Можа быць, ад іх проста не чакалі такога нахабства?

Але за апошнія паўгады гэта ўжо другое несанкцыянаванае шэсце па цэнтры горада з бел-чырвона-белымі сцягамі. Першае было напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, «пад соўсам» перадвыбарчай кампаніі. Гэтае ўжо ніяк заканадаўча не было абаронена. І тым не менш — прайшло без перашкодаў.

Напрыканцы людзі спыніліся каля Чырвонага касцёлу, дзе Алесь Макаеў, урэшце, распавёў пра далейшую праграму дзеянняў. Выхад іпэшнікаў на вуліцы працягнецца. Але пакуль што прадпрымальнікі павінны правесці акцыі ў рэгіёнах 7-га сакавіка, а 14-га — з’явіцца на шэсце-мітынг у Мінску.

Што вынікае агулам з гэтай акцыі? Прадпрымальнікі не вераць, што нешта ў краіне можа змяніцца ў выніку іх мітынгаў і перамоў з уладамі. Але яны не складваюць рукі, і настроеныя на доўгае змаганне. Інакш бы не было заклікаў ствараць рэгіянальныя камітэты выратавання і іншыя арганізацыйныя структуры. Ды й «графік працы», распісаны на паўмесяцы наперад, паказвае, што на хуткае вырашэнне праблемаў спадзеваў няма.

А вось зхто пераможа ў выніку гэтага доўгага змагання — паглядзім.

Фота: Сяргей Пульша, Уладзіслаў Рубанаў