У цэнтры Мінска прайшла акцыя прадпрымальнікаў

У цэнтры Мінска прайшоў чарговы мітынг прадпрымальнікаў — трэці за апошнія два тыдні. Ён пачаўся на Кастрычніцкай плошчы, а завяршыўся на плошчы Незалежнасці.



miting21_245.jpg

 БелаПАН вёў з акцыі анлайн-рэпартаж.
15.00 Блізу 15-й гадзіны, часу пачатку акцыі, каля Палаца Рэспублікі сабраліся прыкладна 40 чалавек. У іх ліку грамадская актывістка Вольга Нікалайчык, якая прынесла баул з рэчамі. Яшчэ адзін удзельнік акцыі трымае імправізаваную касу з надпісам "каса". Нехта прынёс бел-чырвона-белы сцяг.
15.15 На Кастрычніцкай плошчы ўжо прыблізна 250 чалавек. Яны трымаюць шматлікія транспаранты з надпісамі: "Стоп эканамічнаму генацыду", "Мы бачым будучыню без дыктатуры", "Выйдзі на вуліцу, вярні сабе горад", "Воля, роўнасць, братэрства". Сярод прысутных ёсць актывісты анархісцкага руху. 
15.25 На мітынг прыйшлі палітыкі Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец, Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і некаторыя іншыя. Ледзь акцыя пачалася, як каля ўваходу ў Палац Рэспублікі з`явіліся пяцёра міліцыянераў у форме з бланкамі для складання пратаколаў. Удзельнікі мітынгу акружылі выступоўцаў шчыльным колам, каб не прапусціць да іх міліцыянераў. 
Лідар Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў сувязі з гэтым заўважыў, што на плошчы адбываецца не сход крымінальнікаў, а сход грамадзян Беларусі. Палітык заклікаў міліцыянераў не рабіць правакацый. 
У сваю чаргу актывіст і прадпрымальнік Алесь Макаеў заявіў, што ўдзельнікі мітынгу будуць разглядаць як грубую правакацыю дзеянні міліцыянераў, якія складаюць пратаколы. Ён звярнуўся да прысутнага на плошчы начальніка мінскай міліцыі Аляксандра Барсукова і заявіў, што той асабіста адказны за з`яўленне камунальнай тэхнікі на мінулым мітынгу. "Гэта з`яўляецца перавышэннем службовых паўнамоцтваў і стварэннем пагрозы для жыцця грамадзян", — сказаў Макаеў. 
Удзельнікі мітынгу зладзілі пераклічку, якая паказала, што на акцыю прыехалі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі. 
15.27 Грамадская актывістка Вольга Нікалайчык правяла на прыступках Палаца Рэспублікі перформанс "Кірмаш 222". Яна паведаміла, што прынесла рэчы, якія сапсаваліся за той час, пакуль прадпрымальнікі не маглі працаваць. У прыватнасці актывістка дастала з мяшка пінжакі і штаны, прызначаныя, паводле яе слоў, для найвышэйшых службовых асобаў — Аляксандра Лукашэнкі, Міхаіла Мясніковіча і Андрэя Кабякова, а таксама накрыўку ад каструлі для кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай і членаў урада. 
15.30 Карэспандэнты "Радыё Свабода" і газеты "Наша нiва" паведамілі, што ў іх адначасова знікла магчымасць весці анлайн-трансляцыю. Журналісты лічаць, што ўлады наўмысна ствараюць перашкоды для відэатрансляцыі мітынгу. 
15.37 Абвешчана, што на акцыю выехаў генеральны сакратар Сацыялістычнага інтэрнацыянала Луіс Аяла, які знаходзіцца ў Мінску. Ён браў удзел у сённяшнім пасяджэнні цэнтральнага камітэта аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), які ўзначальвае Мікалай Статкевіч. 
15.40 На прыступках Палаца Рэспублікі з`явіўся удзельнік акцыі, апрануты ў турэмную робу, з транспарантам, на якім напісаныя словы Генадзя Бураўкіна: "Адкінем страх, сумненне і ныццё. За Беларусь, за лепшае жыццё!" 
Прадпрымальнік з Барысава Алесь Абрамовіч, выступаючы на мітынгу, заявіў, што прадстаўнікам малога бізнесу неабходна "збірацца на месцах, ствараць камітэты па выратаванні прадпрымальніцтва ў рэгіёнах". Ён заклікаў усіх, у тым ліку інтэлігенцыю, падтрымаць сфармаваныя камітэты па выратаванні прадпрымальніцтва. На думку Абрамовіча, калі інтэлігенцыя падтрымае пратэст прадстаўнікоў бізнесу, сітуацыя ў Беларусі можа змяніцца гэтак жа, як яна змянілася ў Польшчы пры ўдзеле руху "Салідарнасць". 
Павел Севярынец падчас выступу на мітынгу заявіў, што цяперашняя эканамічная сітуацыя ў краіне нагадвае крызіс 1990-х гадоў. Ён запытаўся ў прысутных, ці возьмуць яны ўдзел у маршы прадпрымальнікаў 14 сакавіка, ініцыятарамі якога з`яўляюцца Мікалай Статкевіч і Анатоль Шумчанка. Людзі ідэю падтрымалі. "Гэты рэжым рана ці позна абваліцца. Але для гэтага нам трэба аб`ядноўвацца, салідарызавацца", — заявіў Севярынец. 
15.56 Мікалай Статкевіч, які прыбыў на мітынг, заявіў, што палепшыць становішча прадпрымальнікаў і ўсіх жыхароў Беларусі можна толькі са зменай улады. "Зараз прадпрымальнікі змагаюцца за сваю працу, за годнае існаванне сваіх сем`яў. Але вырашыць праблемы можа толькі законная ўлада, а не банда, якая знаходзіцца ва ўладзе і думае толькі пра сябе", — сказаў былы палітвязень. Свой выступ ён завяршыў словамі: "Банду гэць! Жыве Беларусь!", якія падтрымалі ўдзельнікі мітынгу. 
Генеральны сакратар Сацыялістычнага інтэрнацыянала Луіс Аяла, што прыбыў разам са Статкевічам, назірае за мітынгам на аддаленні ад дэманстрантаў. Як растлумачылі яго беларускія калегі, якія суправаджаюць Аялу, гэта неабходна ў мэтах яго бяспекі. 
16.00 Анатоль Лябедзька заявіў, што заўтра, 29 лютага, ён са сваімі паплечнікамі мае намер аднесці ў Мінгарвыканкам заяву на правядзенне мітынгу студэнтаў, пенсіянераў і хатніх гаспадынь. Паводле слоў палітыка, гэтае мерапрыемства плануецца правесці ў той жа дзень, у той жа час і ў тым жа месцы, што і марш прадпрымальнікаў 14 сакавіка. "Не будзем аддзяляць студэнтаў, пенсіянераў і хатніх гаспадынь ад прадпрымальнікаў. Нам патрэбны адзіны марш людзей, якія жадаюць перамен", — заявіў Лябедзька. Ён нагадаў пра тое, як руйнавалася Берлінская сцяна, як паступова ва Усходняй Германіі людзі пачалі масава збірацца і выказваць уласнае меркаванне. "Дык давайце казаць слова праўды, і праз месяц тут будуць дзясяткі тысяч, а ўвосень — сотні тысяч людзей", — лічыць лідар АГП. 
Беларусамі, паводле яго слоў, "кіруюць ад балды". "Захацелі адпусціць карупцыянераў — адпусцілі. Яму далі восем гадоў, а вызвалілі праз восем месяцаў і прызначылі на пасаду", — сказаў Лябедзька. Несупадзенне лічбаў у рахунках за камунальныя паслугі, вынікі выбараў — усё гэта, паводле яго слоў, кажа пра тое, што "Беларуссю кіруюць ад балды". "Пакуль у краіне кіруюць ад балды, будуць праблемы. Нам патрэбны новы эканамічны курс", — падкрэсліў палітык. 
16.15 Мітынг на Кастрычніцкай плошчы завершаны, але большасць яго ўдзельнікаў паводле прызыву Алеся Макаева рушылі калонай на плошчу Незалежнасці. Па ходзе руху яны скандуюць: "Працу!", "Салідарнасць!", "Далучайся!". 
16.25 Калона прыкладна з 200 чалавек рушыць па тратуары праспекта Незалежнасці, удзельнікі працягваюць скандаваць лозунгі. 
16.33 Людзі прыйшлі на плошчу Незалежнасці і сабраліся перад Чырвоным касцёлам. Пачаўся мітынг. 
16.38 Як заявіў, выступаючы на мітынгу, Алесь Макаеў, плошча Незалежнасці для беларусаў — знакавае месца, тут у 2010 годзе ўлады жорстка разагналі дэманстрацыю пасля прэзідэнцкіх выбараў. Ён нагадаў, што сёння ў беларускіх турмах знаходзяцца двое праваабаронцаў — Андрэй Бандарэнка і Міхаіл Жамчужны, якія прызнаныя палітвязнямі. Паводле слоў Макаева, яны праводзілі важную працу па маніторынгу сітуацыі ў месцах пазбаўлення волі, дзе "сёння знаходзяцца прыблізна 12 тысяч прадпрымальнікаў". 
Макаеў выказаў надзею, што "беларускія прадпрымальнікі будуць здольныя масава прыйсці на марш прадпрымальнікаў". "Беларускі народ павінен адрынуць страх і прыйсці таксама. Сёння мы абараняем правы не толькі прадпрымальнікаў, мы абараняем правы ўсіх беларусаў", — заявіў актывіст і завяршыў свой выступ малітвай "Ойча наш". 
16.47 Мітынг абвешчаны завершаным. Макаеў анансаваў наступныя акцыі — мітынгі ў рэгіёнах 7 сакавіка, пасяджэнне камітэта па выратаванні прадпрымальніцтва 10 сакавіка ў сядзібе Партыі БНФ, а таксама марш прадпрымальнікаў 14 сакавіка ў цэнтры Мінска. Людзі паступова разыходзяцца. Міліцыя працягвае здымаць тое, што адбываецца, на відэакамеры. 
Паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, ніхто з удзельнікаў не затрыманы. 
Алесь Макаеў лічыць мітынг паспяховым. "Ва ўмовах Беларусі нават калі 10 чалавек прыйшлі — гэта поспех, а сёння ў акцыі ўдзельнічалі некалькі соцень чалавек. Сёння любыя акцыі патрэбныя як прадпрымальнікам, так і ўсяму беларускаму грамадству", — сказаў ён у каментарыі БелаПАН. На думку Макаева, у акцый у падтрымку прадпрымальнікаў "ёсць перспектывы". "Калі ў краіне крызіс, калі прымаюцца дрэнныя законы, людзі павінны мець магчымасць выказаць свае прэтэнзіі да ўладаў на вуліцы. Гэта натуральна для любой краіны Еўропы", — заявіў ён. 
Дзве папярэднія акцыі прайшлі на Кастрычніцкай плошчы 15 і 22 лютага, прычым на першую сабраліся прыблізна тысяча чалавек. Удзельнікі мітынгаў патрабавалі адмены указаў № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі" і № 48 "Аб мерах па забеспячэнні дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў", а таксама пастановы ўрада № 666 аб абавязковай санітарна-гігіенічнай экспертызе шэрагу імпартаваных тавараў. Акрамя таго, ІП патрабуюць ад уладаў вярнуць дзеянне ўказа № 285 узору 2005 года, які прадугледжвае максімальна спрошчаныя ўмовы вядзення рознічнага гандлю, і спрасціць сістэму выплаты узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Усе гэтыя патрабаванні былі накіраваныя ў Адміністрацыю прэзідэнта, аднак адказу на іх пакуль не было.
Указ № 222 увайшоў у сілу 1 студзеня 2016 года. У адпаведнасці з ім ІП павінны рэалізоўваць прадукцыю лёгкай прамысловасці, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Прадпрымальнікі сцвярджаюць, што гэтыя патрабаванні невыканальныя, таму што большасць расійскіх пастаўшчыкоў, у якіх яны закупляюць тавар, не жадаюць займацца афармленнем дакументаў аб паходжанні прадукцыі альбо даюць фіктыўныя даведкі. У выніку ІП штрафуюць, у іх канфіскуюць тавар. Праца многіх прадпрымальнікаў, такім чынам, фактычна паралізаваная — яны баяцца гандляваць з парушэннямі, але выканаць патрабаванні ўказа аб`ектыўна не могуць.
Шматлікія спробы ІП дамагчыся адмены ўказа шляхам перамоў з уладамі пакуль застаюцца безвыніковымі. Пазіцыю дзяржавы абвясціў 9 лютага Аляксандр Лукашэнка, які запатрабаваў ад урада не звяртаць увагі на патрабаванні ІП. Больш за тое, Лукашэнка абвінаваціў прадпрымальнікаў у тым, што яны "загубілі лёгкую прамысловасць".