У Мінску ўшанавалі памяць Барыса Нямцова

У Мінску ў суботу ўшанавалі памяць расійскага палітыка Барыса Нямцова, забітага год таму ў цэнтры Масквы. Ініцыявалі памінальную акцыю ў Мінску актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі, якія прапанавалі неабыякавым беларусам прыйсці ў суботу днём да пасольства Расіі.

12791011_966229520120137_4698485903577008053_n.jpg


Як паведаміў БелаПАН лідар АГП Анатоль Лябедзька, да прызначанага часу ушанаваць памяць Нямцова каля расійскага дыппрадстаўніцтва сабралася прыкладна паўтара дзясятка чалавек, у асноўным актывісты АГП, але былі прадстаўнікі і іншых дэмакратычных сіл, напрыклад "Еўрапейскай Беларусі".
"Мы паставілі каляровы партрэт Барыса Нямцова, паклалі кветкі, запалілі свечкі, гаварылі пра яго. Я пастараўся падабраць нейкія сардэчныя, небанальныя словы", — расказаў Лябедзька.
"На жаль, пакуль у Мінску няма нейкага памятнага месца, звязанага з Барысам Нямцовым. Спадзяюся, што калі-небудзь у Мінску з'явіцца і вуліца імя Барыса Нямцова. Ну, а пакуль выбрана пасольства, таму што гэта ўсё-такі нейкі сімвал краіны, у якой нарадзіўся, вырас, жыў і загінуў Барыс Нямцоў", — адзначыў Лябедзька.
 
Паводле яго слоў, памінальная акцыя праходзіла ў прысутнасці асоб у цывільным, якія назіралі за тым, што адбываецца, і здымалі на відэакамеру.
"Мы сыходзілі, а людзі працягвалі прыходзіць і класці кветкі. Так што, я думаю, мы сваім заклікам проста далі старт і людзі яшчэ на працягу дня знойдуць магчымасць падысці і ўшанаваць памяць Нямцова", — адзначыў лідар АГП