Deutsche Welle прызналі экстрэмісцкай у Беларусі, а Zerkalo.io заблакавалі ў Расіі

Інфармацыйная прадукцыя ўсёй медыйна-інфармацыйнай сеткі Deutsche Welle прызнаная экстрэмісцкай у Беларусі.

scale_1200__1__5.webp


Гэта тычыцца ў тым ліку інфармацыі тэлеграм-канала «DW Беларусь». Акрамя таго, экстрэмісцкім лічыцца лагатып у выглядзе двух літар D і W, паведамляе АФН.

Deutsche Welle («Нямецкая хваля») і часам скарочана DW — нямецкая грамадска-дзяржаўная міжнародная тэлерадыёкампанія, якая фінансуецца за кошт федэральнага падатковага бюджэту Германіі. Сэрвіс даступны на 32 мовах. Праца DW рэгулюецца Законам аб «Нямецкай хвалі», што азначае, што кантэнт павінен быць незалежным ад уплыву ўрада.

DW вядзе вяшчанне з 1953 года. Штаб-кватэра кампаніі знаходзіцца ў Боне, дзе вырабляюцца яе радыёпраграмы. Тэлевізійныя перадачы амаль цалкам вырабляюцца ў Берліне. Абодва месцы ствараюць кантэнт для навінавага сайта DW. Па стане на 2019 год у офісах Deutsche Welle у Боне і Берліне працуе каля 1500 супрацоўнікаў і 1500 фрылансераў з 60 краін.

А ў Расіі заблакавалі Zerkalo.io. Рашэнне прыняла Генпракуратура РФ у першы дзень расійскага ўварвання. Цяпер Zerkalo.io -адзінае буйное беларускае медыя, якое заблакавана і ў Расіі, і ў Беларусі.

Блакаванне звязана з рашэннем Генпракуратуры 27-31-2020/Ид2145−2 на падставе артыкула 15.3 Федэральнага закона «Аб інфармацыі, інфармацыйных тэхналогіях і аб абароне інфармацыі» (поўны яго тэкст знайсці не ўдалося). Па дадзеных сэрвісу GlobalCheck, даступнасць Zerkalo.io у Расіі цяпер складае 0%.

«За што нас заблакавалі ў Расіі? Шчыра? Мы самі не ведаем. Артыкул, на які спасылаецца Раскамнагляд, рэгламентуе абмежаванне доступу да сайту за распаўсюд інфармацыі з заклікамі да масавых беспарадкаў, экстрэмісцкай дзейнасці, несанкцыянаваных акцый, а таксама за распаўсюджванне недакладнай грамадска значнай інфармацыі.

Пра якую канкрэтна інфармацыі ідзе гаворка, не ўдакладняецца. Нічога вышэйпералічанага мы не публікавалі, не публікуем і публікаваць не будзем. З вопыту блакавання ў Беларусі, мы толькі можам уявіць, што абмежаванне доступу звязана з тым, што мы расказваем пра падзеі максімальна сумленна і аб'ектыўна, што не заўсёды адпавядае пазіцыі афіцыйных органаў Расіі і Беларусі», — гаворыцца ў каментары рэдакцыі.