Добраахвотна-прымусова: як пад Лунінцам збіраюцца навучаць «народнае апалчэнне» і пры чым тут клубніцы

Найшла каса на камень: у той час, калі простаму народу трэба зарабляць грошы на ўраджаі клубніц, «государевы люди» прыдумалі вайсковыя вучэнні — і не падобна на тое, што яны «планавыя».

Ілюстрацыйнае фота «БелТА»

Ілюстрацыйнае фота «БелТА»


Да канца чэрвеня 2023 года ўлады Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці будуць асвойваць навыкі не толькі кіравання тэрытарыяльнай абаронай, але і ўзаемадзеяння з так званым «народным апалчэннем». Статус гэтага ўзброенага фарміравання ў Беларусі дагэтуль не зразумелы: існуе толькі адпаведны законапраект. Пра вайсковыя зборы ў размешчаным недалёка ад мяжы з Украінай Лунінецкім раёне, неафіцыйнай «клубнічнай сталіцы» краіны, расказвае «Deutsche Welle».

Вайсковыя зборы пройдуць паблізу мяжы з Украінай

Паводле паведамлення прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі, вучэбныя зборы з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці праводзяцца з 8 па 29 чэрвеня. Зборы названыя планавымі, а кіраваць імі будзе мясцовы райвыканкам.

Як вынікае з афіцыйна агучанай мэты збораў, улады маюць намер навучыцца фармаваць вайсковыя часткі тэрытарыяльных войскаў, а самі ваеннаабавязаныя — падрыхтавацца да выканання «задач па прызначэнні». Падвесці вынікі збораў павінны камандна-штабныя вучэнні з сіламі тэрытарыяльнай абароны Лунінецкага раёна, перад якімі пройдзе мабілізацыйнае разгортванне з удзелам прызваных з запасу ваеннаабавязаных.


І ўсё гэта адбудзецца на тэрыторыі, якая размешчана паблізу мяжы Беларусі з Украінай. Хоць сам Лунінецкі раён памежным не лічыцца, ад мясцовага райцэнтра да мяжы — каля паўсотні кіламетраў. Раней паведамлялася, што беларускія ўлады актыўна пашыраюць і мадэрнізуюць вайсковы аэрадром у Лунінцы, пабудаваны ў часы СССР для палётаў знішчальнікаў-бамбавікоў у навучальных мэтах. Вядомасць ён атрымаў у 2022 годзе: у першыя месяцы ўварвання ва Украіну з гэтага аэрадрома здзяйснялі вылеты расійскія вайсковыя самалёты.

Для тых, хто зарабляе на ягадах, наступіў гарачы сезон

Хоць у паведамленні Мінабароны колькасць ваеннаабавязаных, якіх плануюць прыцягнуць на зборы, не называецца, крыніцы ў самым Лунінецкім раёне расказваюць, што прызыву падлягаюць звыш 100 чалавек. «Для нашага раёна гэта немалая лічба, — лічыць жыхарка Лунінца Святлана. — Тым больш, што зборы працягнуцца тры тыдні: тут далёка не кожны зможа без шкоды для сям'і адцягнуцца ў такі гарачы час».

Пад «гарачым часам» Святлана мае на ўвазе сезон збору клубніц, бо Лунінецкі раён лічыцца своеасаблівай «клубнічнай сталіцай» не толькі Брэсцкай вобласці, але і ўсёй Беларусі. І менавіта ў ім зараз ідзе актыўны збор ураджаю, у якім занятыя многія мясцовыя жыхары. Для іх клубнічны сезон — адзін з самых важных у годзе, які дазваляе няблага зарабіць.

«Ёсць у нас такая вёска Дварэц: у самы пік паспявання ягады там працуе аптовы рынак, адкуль клубніцы вязуць па ўсёй Беларусі і ў Расію», — дзеліцца мясцовы пенсіянер Мікалай. Паводле яго слоў, у былыя гады на рынку ў Дварцы часам чакалі дзясяткі фур: «Гандаль ішоў бойка, цана змянялася па некалькі разоў на суткі: усё залежыць ад памеру ягады, колькасці пакупнікоў і прадаўцоў».


Цэны, якія фарміруюцца ў Лунінецкім раёне, становяцца арыенцірам і для тых, хто прадае клубніцы ў іншых беларускіх рэгіёнах. «Напрыканцы мінулага тыдня ў Дварцы скупшчыкі прымалі добрую буйную ягаду да чатырох беларускіх рублёў за кілаграм, а часам і танней, — расказвае мясцовы фермер Анатоль. — Потым яна трапляла на Камароўку, і там ягаду прадавалі ўжо па 9-10 рублёў».

Ці пацерпіць «клубнічная сталіца» ад правядзення вайсковых збораў?

На думку фермера Анатоля, абвешчаныя вайсковыя зборы вымушаюць уладальнікаў клубнічных плантацый ўносіць карэктывы, але наўрад ці паўплываюць на сам працэс збору ўраджаю. «Ягаду ўсё роўна збяруць, іншая справа, што клубніцы — прадукт, які хутка псуецца, а сезон цягнецца нядоўга, — удакладняе Анатоль. — Я раней таксама займаўся клубніцамі сур'ёзна. Быў час, калі выдзяляў для яе паўгектара зямлі. Самае важнае — мець людзей, якія змогуць хутка сабраць ягаду ў сезон. Ад гэтага залежыць і кошт, і атрыманы даход».

Фермер кажа, што, калі на вайсковыя зборы прызавуць кагосьці з сям'і, дзе клубніцы вырошчваюць у вялікіх аб'ёмах і на продаж, то такім людзям давядзецца шукаць зборшчыкаў ягад: «Справа гэта клапотная, і далёка не кожны справіцца, калі не меў досведу».

Пры гэтым Анатоль здзіўлены агучанай версіяй, што вайсковыя зборы ў Лунінецкім раёне з'яўляюцца планавымі. Паводле яго ацэнкі, у такім выпадку мясцовыя ўлады ў першую чаргу былі б зацікаўленыя, каб менавіта ў сезон збору клубніц не пазбаўляць людзей магчымасці зарабіць. «У нас ужо людзі жартуюць, што тады наступныя зборы трэба правесці ў ліпені або ў жніўні ў Драгічынскім раёне, які славіцца вырошчваннем маліны», — іранізуе фермер.

Народныя апалчэнцы ў Беларусі пакуль без прававога статусу

Адным важным нюансам абвешчаных вайсковых збораў на Брэстчыне стане той факт, што ўлады маюць намер адпрацаваць узаемадзеянне з атрадамі народнага апалчэння. Гэта новае ўзброенае фарміраванне сапраўды можа з'явіцца ў краіне, але фармальна яшчэ не існуе: у парламенце пакуль толькі абмяркоўваюць праект адпаведнага закона.

«Удзел грамадзян у дзейнасці народнага апалчэння грунтуецца на прынцыпах добраахвотнасці, законнасці, гуманізму і галосных форм дзеяння», — адзначаецца ў законапраекце. У ім таксама згадваецца, што мясцовыя ўлады задзейнічаюць апалчэнцаў для ўдзелу ў «забеспячэнні ваеннага становішча», а непасрэднае кіраванне гэтым фарміраваннем даручаць органам унутраных спраў.

Жыхары Лунінца, з якімі пагутарыла DW, насцярожана паставіліся да пытанняў пра народнае апалчэнне, спасылаючыся на адсутнасць дастатковай інфармацыі. «Нам жа ніхто не расказвае, што гэта будзе і каго гэта закране, — прызнаецца мясцовы пенсіянер Мікалай. — Са свайго, яшчэ савецкага, досведу ведаю, што наўрад ці ўсё будзе добраахвотна і без прымусу».