Дом за адну базавую? Лёгка!
У Беларусі 11 тысяч дамоў, у якіх няма ўласнікаў. І некаторыя з іх пад знос ці дабудову прадаюцца па смешным кошце — 37 рублёў.
У Беларусі ёсць шмат дамоў, якія засталіся без гаспадароў: ужо доўгі час там ніхто не жыве, уласнік памёр, спадчыннікаў няма, а зямельныя ўчасткі запушчаныя і захламленыя. Напрыклад, толькі ў чэрвені 2023 года безгаспадарнымі прызналі тры дамы ў вёсцы Шэйка Крупскага раёна.
«PALATNO» расказвае, што адбываецца ў Беларусі з жыллём, якое не мае законных гаспадароў і спадчыннікаў, што такое адзіны рэестр пустуючых дамоў і ці рэальна купіць дом за 37 рублёў.
Пустуючыя дамы забірае дзяржава?
На праблему пустуючых і старых дамоў у Беларусі звярнулі ўвагу ў 2006 годзе. Тады падпісалі ўказ № 70 «Аб мерах па ўпарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці». 23 лютага 2012 года Лукашэнка падпісаў новы ўказ № 100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці».
Што гэта значыць? Калі першага студзеня кожнага года з’яўляецца дакладная інфармацыя пра тое, што ў доме ніхто не жыве больш за адзін месяц у год на працягу трох гадоў, яго прызнаюць пустуючым. Часцей за ўсё такія дамы непрыдатныя для пражывання чалавека, іх санітарныя і тэхнічныя патрабаванні не адпавядаюць нормам. Але такі закон у 2018 годзе страціў сілу.
На змену яму прыйшоў указ № 357 «Аб пустуючых і старых дамах». Згодна з ім, пустуючымі прызнаюць тыя дамы, у якіх на працягу трох апошніх гадоў не пражывалі аніводнага дня. Акрамя таго, у гэтую катэгорыю трапляюць дамы, якія знаходзяцца ў аварыйным стане або могуць абваліцца.
У 2021 годзе прынялі яшчэ адзін указ — № 116. Згодна з ім, усе кінутыя дамы (разбураныя, старыя, дамы, якія знаходзяцца ў аварыйным стане або пагражаюць абвалам) могуць прызнаць пустуючымі. Купіць такую нерухомасць можна ў трох выпадках:
- у доме на працягу трох гадоў ніхто не пражываў;
- дом аварыйны або пагражае абвальваннем — на працягу аднаго года;
- былыя гаспадары не выкарыстоўваюць дом і не прыводзяць яго ў парадак.
А што робіць дзяржава з такімі дамамі? Спачатку выканкамы шукаюць уласніка (калі пра яго няма аніякіх звестак) і магчымых спадчыннікаў, каб папярэдзіць іх, што дом могуць прызнаць безгаспадарным. Затым звяртаюцца ў суд. Паводле артыкула 226 Грамадзянскага кодэкса, безгаспадарнай з’яўляецца рэч, якая не мае ўласніка або ўласнік якой невядомы. Безгаспадарныя нерухомыя рэчы прымаюць на ўлік арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці.
Калі дом прызнаюць пустуючым, мясцовы выканкам вырашае, што рабіць з ім далей. Такі дом могуць знесці, прадаць іншай асобе ці мясцоваму выканкаму для далейшага выкарыстання. Тое самае адбываецца і з зямельным участкам, на якім размяшчаецца дом.
Раённыя, гарадскія (гарадоў абласнога падпарадкавання) выканаўчыя камітэты, мясцовыя адміністрацыі раёнаў у Мінску вядуць рэестры пустуючых дамоў і рэестры старых дамоў, размяшчаюць звесткі з рэестраў пустуючых дамоў і рэестраў старых дамоў у адкрытым доступе на сваіх афіцыйных сайтах у інтэрнэце.
Як купіць пустуючы дом
1 студзеня 2023 года Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь (Дзяржкаммаёмасць) запусціў Адзіны рэестр пустуючых дамоў. Там можна знайсці інфармацыю аб усіх дамах на тэрыторыі Беларусі, якія прызналі безгаспадарнымі: іх месцазнаходжанне, стан, плошчу, працэнт зносу і г. д. Спіс пустуючых дамоў знаходзіцца ў адкрытым доступе на гэтым сайце.
Усяго ў рэестры маецца больш за 11 тысяч такіх дамоў, сярод іх — 276 выстаўлены на продаж (49 — праз аўкцыён, 227 — без аўкцыёну). Акрамя таго, у спісе можна знайсці дамы, якія прадаюць усяго за адну базавую велічыню (з 1 студзеня 2023 года базавая велічыня складае 37 рублёў). Такіх дамоў у рэестры больш за 200. Некаторыя з іх прадаюць праз аўкцыён, некаторыя — без аўкцыёну.
Каб купіць такі дом, трэба звярнуцца ў мясцовы выканаўчы камітэт таго раёна ці горада, у якім ён знаходзіцца. Прадаваць безгаспадарныя дамы могуць праз аўкцыён, без аўкцыёну, а таксама ў фармаце электронных таргоў.
Пачатковы кошт продажу на аўкцыёне і без яго устанаўліваюць па рынкавым кошце, які вызначае арганізацыя па дзяржаўнай рэгістрацыі.
Калі аўкцыён не адбыўся, праходзяць паўторныя таргі: спачатку кошт зніжаецца на 50%, затым на 80%, і далей — да 1 базавай велічыні. У некаторых населеных пунктах пустуючыя дамы адразу прадаюць за 1 базавую без аўкцыёну ці з пачатковым коштам у 1 БВ у фармаце таргоў.
У Мінску і абласных цэнтрах продаж безгаспадарных дамоў без аўкцыёну забаронены.
Што тычыцца пакупніка, то ў яго ёсць магчымасць узяць растэрміноўку аплаты дома, але не больш чым на тры гады.
Акрамя таго, мясцовыя органы могуць прадаць зямельны ўчастак з домам, які падлягае зносу. Пры гэтым пакупніку давядзецца альбо самастойна яго зносіць, альбо плаціць за знос, альбо займацца яго рэканструкцыяй і капітальным рамонтам.
Прывесці дом у парадак трэба на працягу года ад моманту, калі вы яго набылі. Тэрмін могуць падоўжыць, калі ў пакупніка ёсць важкія прычыны. У адваротным выпадку знос правядуць за кошт бюджэту, а новы ўладальнік павінен будзе пакрыць усе выдаткі.
Якія ёсць варыянты
Віцебская вобласць
У вёсцы Перадолы Глыбоцкага раёна прадаюць без аўкцыёну за 37 рублёў аднапавярховы дом. Яго знос складае 49%, плошча — 56 м2.
У Расонскім раёне за 37 рублёў прадаюць дом з верандай і хлявом. Знос дома — 75%, плошча — 36.1 м2. Што тычыцца пашкоджанняў, то ў сценах ёсць расколіны, аконныя праёмы, падлога часткова адсутнічаюць, а печ разбурана. Дом таксама прадаецца без аўкцыёну.
Брэсцкая вобласць
У Пінскім раёне прадаюць аднапавярховы дом плошчай 60.8 м2, знос — 60%. Аўкцыён павінен адбыцца 29 верасня 2023 года. Пачатковы кошт — 37 рублёў.
Мінская вобласць
У вёсцы Нясцеркі Вілейскага раёна на аўкцыёне прадаецца дом. Знос — 37%. Пачатковы кошт — 4750 рублёў. Дом размяшчаецца адносна недалёка ад рэчкі Жучка і Вілейскага вадасховішча. Плошча дома — 32 м2.
Магілёўская вобласць
У Бялыніцкім раёне без аўкцыёну прадаюць аднапавярховы дом за адну базавую велічыню. Плошча дома — 50 м2, матэрыял сцен — драўніна. Дом размяшчаецца ў вёсцы Майск.
У Бабруйскім раёне ёсць жылы дом плошчай 34 м2, знос — 65%. Яго прадаюць на аўкцыёне з пачатковым коштам у 37 рублёў. Матэрыял сцен — бярвёны.
Гродзенская вобласць
За 32 рублі без аўкцыёну прадаюць дом у Слонімскім раёне. Яго плошча — 51.7 м2. Да дома таксама маецца прыбудова, яе знос — 75%.
У Лідскім раёне, недалёка ад мяжы, знаходзіцца дом плошчай 63 м2. Яго таксама прадаюць за 32 рублі без аўкцыёну. Знос — 50%. Побач з домам ёсць хлеў, але яго знос — 100%.
Гомельская вобласць
У вёсцы Макоўе, побач з беларуска-ўкраінскай мяжой, у студзені 2023 года прадавалі дом плошчай 73 м2 і са зносам у 35%. У сакавіку таго ж года з’явілася інфармацыя, што дом прадалі без аўкцыёну.
Пра кватэры без уласнікаў і пра тое, як расійцы скупляюць беларускую нерухомасць, чытайце тут.