«Дрэнныя дзядзі забралі тату». Як жонка палітвязня адна выхоўвае чатырох дзяцей і вядзе сямейны бізнэс

Мікалай Шэметаў ні разу не бачыў жыўцом свайго малодшага сына Віктара: мужчыну затрымалі напярэдадні родаў жонкі. За тое, што адміністраваў чат «Пушкары», дзе ў тым ліку абмяркоўвалася перасоўванне людзей па раёне падчас акцый пратэсту. У ліпені Мікалаю прысудзілі два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а гэта значыць, што ён яшчэ няхутка ўбачыць і нованароджанага сына, і яшчэ трох маленькіх дзяцей.

«Наша Ніва» пагутарыла з жонкай палітвязня Аксанай пра роды і выпіску без мужа, выбар імя для сына праз шкло ў СІЗА і тое, дзеля чаго ўсім беларусам патрэбна было перажыць жудасныя падзеі 2020-га.

«Коля марыў адкрыць на Пушкінскай фермерскі рынак, вёў перамовы з адміністрацыяй»

Прысуд Мікалаю Шэметаву быў вынесены 16 ліпеня: два гады па 342-м артыкуле Крымінальнага кодэкса (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушылі грамадскі парадак). Зачэпкай для міліцыі стала тое, што на адным з маршаў Мікалай стэлефаноўваўся з Анастасіяй Тарэлка і падказваў ёй, як абысці перакрытыя ўчасткі дарог (Анастасію пакаралі трыма гадамі хатняй хіміі).

На агучванне выраку суддзі Дзмітрыю Карсюку спатрэбілася каля дзесяці хвілін. Пад следствам жа Мікалай знаходзіўся са снежня 2020-га. Яго затрымалі напярэдадні навагодніх святаў каля школы, куды ён паспеў адвесці дачку.

«Пасля Коля расказваў, што калі яго схапілі і паклалі тварам у падлогу, а пасля пасадзілі ў чорны бусік, ён яшчэ паспеў пажартаваць: «Каму перадаць за праезд?» Супрацоўнікі парагаталі — можа, таму больш не лютавалі.

Яго павезлі на ператрус на працу, паралельна паступіў званок мне: «Вы дома? Хочам завітаць да вас у госці». Я адразу зразумела, што гэта пра вобшук, але якраз ехала на навагодні маркет са свежаскручанымі вянкамі і свечкамі і не магла ўсё кінуць. Таму сказала, што буду дома праз гадзіну, спакойна перадала ўсё прадаўцу, паспела абзваніць знаёмых і ўжо тады вярнулася. Мужу пры гэтым набрала разоў 20, пакуль яму нейкім цудам не далі слухаўку і ён не паведаміў, што з ім», — згадвае Аксана.

Спачатку следчы казаў сям’і, што затрыманага адпусцяць пасля 10 сутак (Мікалай нават сам патэлефанаваў на Новы год і папярэдзіў, што выходзіць). Пасля — абяцалі адпусціць, калі мінуў месяц арышту. Але цудаў не здарылася.

«Да затрымання муж казаў неяк, што для яго лепш памерці, чым апынуцца ў турме. У яго было прадчуванне, што яго могуць забраць, і ён баяўся турмы. Хаця калі б мы жылі ў нармальных рэаліях, цяжка ўявіць, каб за чацік і падказкі дарогі па тэлефоне давалі тэрмін. Тым больш першапачаткова чат ствараўся для вырашэння і абмеркавання мясцовых праблем: адрамантаваць сцежкі ў скверы, зрабіць фантаны. Коля марыў адкрыць на Пушкінскай фермерскі рынак і вёў з гэтай нагоды перамовы з адміністрацыяй. Заадно і іншыя ідэі прасоўваў туды».

«8-га жніўня мы адкрылі другую краму з кветкамі, а ўжо 9-га каля яе ляжалі кулі»

З затрымання Мікалая для Аксаны пачалася новая рэальнасць: збіраць перадачы, самастойна кіраваць майстэрняй мужа па вырабе драўляных скрыняў і весці свой кветкавы бізнэс, рыхтавацца да нараджэння чацвёртага дзіцяці.

«У мяне ўся цяжарнасць была суцэльным стрэсам, можна сказаць. У красавіку памёр тата, у маі мы яго пахавалі, а ў чэрвені я даведалася, што чакаю дзіця. Пасля адразу пачалася перадвыбарчая гонка: ланцугі салідарнасці, першыя затрыманні. 8-га жніўня мы адкрылі другую краму з кветкамі, а ўжо 9-га каля яе ляжалі кулі. Муж па начах хадзіў туды дзяжурыць, бо баяўся, што вітрыны будуць разбітыя і адтуль усё вынесуць. Гэтага не адбылося, але мы адмывалі асфальт побач з крамай ад крыві. Наўпрост залівалі там усё хлоркай. Ніхто не чакаў, што такое можа здарыцца на Пушкінскай: гэта ж не цэнтр, не плошча. З такім стрэсавым наборам да родаў я, відаць, выпрацавала нейкі абаронны блок і ўспрымала ўсе падзеі максімальна спакойна. Я разумела, што мне трэба клапаціцца найперш пра сябе і будучага сына».

Напярэдадні родаў у Аксаны назіраўся высокі ціск (часам да 190), былі дрэнныя аналізы: тры разы на дзень яна хадзіла ў паліклініку на кропельніцы. На 35-м тыдні цяжарнасці дактарам прыйшлося рабіць кесарава. Праз тое, што хлопчык нарадзіўся неданошаным, яму калолі прэпарат для раскрыцця лёгкіх. Але праз дзесяць дзён стан абодвух нармалізаваўся. Аксану з сынам адпусцілі дамоў.

«Я нараджала незвычайна, — дадае жанчына. — Мой тата Генадзь Буцько быў святаром, служыў у Петрапаўлаўскім саборы. І ў аперацыйнай толькі хірург не ведаў яго, усе астатнія раней былі яго прыхаджанамі. У рэанімацыі таксама былі татавы прыхаджанкі, і яны ўсе мяне неяк адцягвалі і забаўлялі, згадвалі добрае пра бацьку. Гэта ўсё дало мне нейкі спакой, упэўненасць, што ўсё будзе добра. Нібыта сам тата быў побач».

Пасля выпіскі адвакат адразу патрапіў да Мікалая з раздрукаваным фотаздымкам нованароджанага сына — трэба было абраць яму імя. Аксана праз абаронцу перадавала мужу свае варыянты, Мікалай у адказ — свае. І яны ніяк не маглі дамовіцца. У выніку для самой Аксаны выбілі спатканне.

«Мы дамовіліся толькі калі пачулі: «У вас застаецца пяць хвілін». Першае імя, якое прапанавала я, было Віктар. І апошнім ад мужа таксама прагучала яно. Вырашылі, што сын — ужо пераможца ў нас, і хай у яго будзе яшчэ шмат перамог у жыцці».

«У камеры ад спёкі плавіліся нават пластыкавыя асадкі на стале»

Лісты ад Мікалая (і яму) пачалі даходзіць больш-менш рэгулярна толькі ў красавіку.

З іх і тых трох спатканняў, што адбыліся са снежня, Аксана даведалася, што мужа ўтрымліваюць у паўпадвальным памяшканні. У камеры на 30 метраў квадратных 18 чалавек, з іх «палітычны» толькі Шэметаў. Астатнія затрыманыя за крадзеж, махлярства і наркотыкі.

«На пару дзён да мужа падсялялі Сяргея Ярашэвіча (адміністратара тэлеграм-канала «Армія з народам») і праваабаронцу Алеся Бяляцкага, але, відаць, яны хутка знайшлі агульную мову, таму іх зноў развялі».

Муж расказваў Аксане, што ў чатырох сукамернікаў дыягнаставаны ВІЧ, а яшчэ, што іх усіх вакцынавалі.

«Яны вельмі цяжка прышчэпкі пераносілі, тэмпературылі. Пры гэтым у камеры тады стаяла дзікая спёка: нават пластыкавыя асадкі на стале плавіліся, а бутэлькі з-пад мінералкі ўзрываліся. Нармальнай медычнай дапамогі ім не аказвалі. Муж пасля гэтага моцна схуднеў. Ëн мне нават пісаў: «Я не памятаю, што было з 25 чэрвеня па 3 ліпеня, але калі я дасылаў табе нешта пра апошняе слова і завяшчанне, ты парві той ліст і выкінь».

Аксана прызнаецца, што самыя цяжкія моманты для яе — гэта кароткія спатканні з мужам, таму што складана падбіраць патрэбныя і дазволеныя словы. «Але мне адразу стала лягчэй, калі я ўбачыла, што паралельна са мной на спатканне прыйшлі сваякі студэнтаў. І вось я сяджу ў адной кабінцы, а побач — бабуля Касі Будзько. І ты разумееш, што твой муж хаця б дарослы мужчына, ён пажыў хаця б, фізічна адужэў. А тут дзіця атрымала 2,5 гады калоніі ні за што».

«Тата памёр, і вы мне не расказваеце»

Лістоў ад таты і новых сустрэч з ім больш за ўсё чакалі дзеці. Асабліва старэйшая дачка Васіліса — татава дачка. З ёй яны ўсё рабілі разам: ад чытання кніжак да напісання песень і захоўвання агульных сакрэтаў.

Першапачаткова, пакуль была надзея на хуткае вызваленне, Мікалай прасіў Аксану не расказваць, што з ім. Па адной з легенд тата паехаў на Паўночны полюс за футрам для маці.

«Але пасля ў нейкі момант дачка пачала прачынацца ноччу ад кашмараў і плакаць. Яна сказала мне: «Тата, відаць, памёр, і вы мне не расказваеце». Пасля гэтага я вырашыла перастаць выдумляць гісторыі і хлусіць. Я сабрала ўсіх дзяцей і сказала прама: «Дрэнныя дзядзі забралі вашага тату і трымаюць яго ў закладніках». Я думала, яны адразу пачнуць плакаць, але ім стала лягчэй. Яны, нарэшце, зразумелі, чаму ад таты было ўсяго пару лістоў, не было званкоў. Мы нават з’ездзілі да Валадарскага, і я паказала ім гэты былы замак, які стаў СІЗА. Мы пачалі разам збіраць перадачы. Для іх увогуле вельмі важна мець магчымасць зрабіць для таты нешта разам. Але ўсё адно з дачкой мы некалькі месяцаў наведвалі псіхолага: яна працягвала прачынацца з крыкамі, пачала смактаць палец. Мы таксама завялі шпіца, каб дзецям было спакайней спаць».

У СІЗА не любяць пускаць дзяцей, але Аксана змагла дамагчыся пасля суда аднаго спаткання для дачкі ў сувязі з яе станам. Той трэба было на свае вочы ўбачыць, што ёй дакладна не хлусяць, што тата жывы і здаровы, не збіты.

«Прапанаваў выйсці замуж на першай сустрэчы»

З дзецьмі Аксане дапамагаюць маці і свякроў. Хаця Аксана прызнаецца, што калі б не трэба было займацца бізнэсам, то ўправілася б з сямейнымі абавязкамі сама.

У Шэметавых засталася адна кветкавая крама, працягвае працаваць майстэрня мужа. Кожны можа падтрымаць сям’ю, набыўшы ў іх драўляныя скрыні, як на фота. Яны прадаюцца ў «Гіпа», «Грыне», «Віталюры» і «Еўраоптах». А таксама завітаць за букетам у краму кветак па адрасе Матусевіча, 2. З іншымі прапановамі дапамогі можна асабіста напісаць Аксане ў інстаграм.

Аксана і Мікалай заўсёды марылі, што ў іх будзе шмат дзяцей. Пры гэтым гісторыя іх сям’і гучыць проста неверагодна.

«Мы разам вучыліся на маркетолагаў у інстытуце. Я яго ведала як хулігана з апошняй парты. Але знаёмыя мы не былі: усё ж завочка, 60-120 чалавек на плыні ў вялікіх аўдыторыях. У мяне ўжо тады працавала кветкавая крама. І адна сесія супала з восьмым сакавіка. Заняткі скончыліся позна, мы выйшлі натоўпам на вуліцу. Я пачала ўслых плакацца, што заўтра свята, а ў мяне няма прадаўцоў — давядзецца адной з ранку да ночы круціць букеты. І прапанавала: калі ў каго ёсць жаданне падпрацаваць, з задавальненнем пабачу заўтра. І зранку мне патэлефанаваў Мікалай: «Вам работнікі патрэбныя?» Ëн прыехаў і амаль адразу на гэтай першай сустрэчы прапанаваў выходзіць за яго замуж — я толькі аджартавалася. Ëн паўтараў. Увечары, калі я сядзела стомленая, з рукамі ў крыві і калючках, ён зноў: «Ты такая прыгожая, выходзь за мяне замуж!» Я сказала, што ў мяне ж дачка ад першага шлюбу, ты не ведаеш, але ён сказаў, што гэта не праблема, бо ён вельмі любіць дзяцей. Я зноў у жарт адказала: «А давай жаніцца!» Але для яго гэта быў не жарт. Коля ў той жа момант патэліў сваёй маці, брату, а пасля і маёй матулі, каб анансаваць: «Жанюся!» Праз год мы сапраўды ажаніліся», — расказвае Аксана.

Цяпер жанчына з адвакатам падалі дакументы на апеляцыю. Аксана кажа, што пасля суда многія плакалі, але яна — не. Не толькі таму, што не спадзявалася на памілаванне, але і таму, што ўся гэтая сітуацыя ў яе выклікае больш здаровай злосці, чым адчаю.

«Я думаю, тое самае адбываецца са многімі жонкамі палітзняволеных. Асабліва калі ў іх ёсць малыя дзеці. Часу паплакаць, застацца сам-насам з сабой у мяне банальна не было і няма. Мы з Колем пасміхнуліся адно аднаму пасля прысуду, і я буду верыць у тое, што ён не будзе сядзець увесь тэрмін, ён хутка выйдзе на волю. Муж баяўся турмы, але цяпер, здаецца, нічога не баіцца. Гэтыя падзеі ўсіх нас загартавалі. У нейкім сэнсе яны і былі патрэбныя дзеля гэтага. А яшчэ, каб мы ўключылі галаву і пачалі думаць, перасталі быць апалітычнымі, таму што палітыка тычыцца кожнага: тое ж размеркаванне нашых падаткаў — гэта таксама палітыка. Нехта можа закрыць вочы і жыць у доміку, але яго дом заўтра лёгка могуць разбурыць. Страшна выйсці, страшна зрабіць нешта, але думаць нам не забароняць».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: