Прысуд Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку агучаць 6 верасня. Інфармацыя пра 12 гадоў не спраўдзілася
Пра гэта паведаміла прэс-служба Віктара Бабарыкі. Таксама тэлеграм-канал былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі абвергнуў інфармацыю аб тым, што абвінавачанне запрасіла для Марыі і Максіма 12 гадоў калоніі.
Прысуд палітвязням Марыі і Максіму абвесцяць 6 верасня ў 12.00. Гэта будзе адзіная адкрытая частка закрытага судовага працэсу.
Сёння быў 17 дзень пасяджэння, завяршыліся спрэчкі бакоў. Абвінавачаныя выступілі з апошнім словам.
Таксама прэс-служба Віктара Бабарыкі абвергла інфармацыю аб тым, што пракурор запрасіў для палітвязняў 12 гадоў калоніі. Пра гэта паведамляла агенцтва «БелаПАН» са спасылкай на адвакатаў, але пазней калегі выдалілі артыкул.
Марыю Калеснікаву і Максіма Знака абвінавачваюць ў спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання. Марыя ўзятая пад варту 8 верасня, Максіма затрымалі 9 верасня.
Яны прызнаныя палітвязнямі.