Дровы, відэа «Рудабельскай паказухі», сустрэча вязняў: стала вядома, у чым абвінавачваюць Леаніда Судаленку
Палітзняволены праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка ўтрымліваецца за кратамі ў гомельскім СІЗА-3 ужо пяць месяцаў. Папярэдняе следства па яго справе завершанае — цяпер ён знаёміцца з 77-томнымі матэрыяламі справы.
Судаленка з СІЗА распавёў калегам, што яму канкрэтна ставіцца ў віну па ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і фінансаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), і каментуе абвінавачанні следства ў дачыненні да сябе.
«Працягваю знаёміцца з матэрыяламі справы, новага для сябе нічога не выявіў, усе сказалі праўду, як усё на самой справе і адбывалася. Памочніцы мае [Таццяна Ласіца і Марыя Тарасенка] таксама нічога не прыўпрыгожылі, усё як ёсць. Яны абедзве таксама абвінавачаныя. Адна [Таццяна Ласіца] тут, дзе і я, другая [Марыя Тарасенка] — на падпісцы. Абедзве па другой частцы ідуць [ч.2 арт. 342 КК]», — піша праваабаронца.
Як распавядае Судаленка, паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») яму ставяць у віну тры эпізоды:
— эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям, чыйго бацьку потым асудзілі за «беспарадкі»;
— відэа на ютуб-канале «Рудабельская паказуха», дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
— прызыў у сацсетках сустрэць з ІЧУ М. Гульжэнікаву пасля 15 сутак.
Што характэрна, пра ўсе гэтыя эпізоды распавядаў сам праваабаронца на сваёй старонцы ў Facebook, суправаджаючы гэта адпаведнымі фотаздымкі, — то-бок, інфармацыя была адкрытая.
«Усе гэтыя эпізоды лёгка аспрэчваюцца, калі суд захоча слухаць і чуць», — каментуе абвінавачанні сам Леанід.
Па ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці») ставіцца ў віну праваабаронцу:
— аплаты дзяржпошлін, штрафаў, адвакатаў;
— семінар па лічбавай бяспекі для праваабаронцаў.
«Мой семінар таксама запісалі ў навучанне пратэстоўцаў, проста вось так цынічна і нахабна, хоць усе апытаныя адназначна выдалі паказанні аб яго тэматыцы!» — абураецца Судаленка.
Паводле ацэнкі палітвязня-праваабаронцы, суд можа прайсці ўжо ў сярэдзіне ліпеня.
«Калі суд паставіць знак роўнасці паміж гуманітарнай дапамогай і фінансаваннем [пратэстаў], ён створыць небяспечны прэцэдэнт. З іншага боку, а каго сёння гэтыя прэцэдэнты цікавяць?» — задаецца рытарычным пытаннем Судаленка.