Рэспубліканская экспертная камісія назвала TUT.BY «схаваным каардынатарам» пратэстаў
У Мінску 24 чэрвеня пачнецца суд па справе прызнання прадукцыі TUT.BY на партале і ў сацсетках экстрэмісцкай. Стала вядома, якое заключэнне дала рэспубліканская камісія адносна матэрыялаў рэдакцыі. Высновы камісіі леглі ў аснову позва МУС супраць сайта.
Рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці / адсутнасці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму 12 траўня прадставіла ў МУС сваё заключэнне № 234, піша «Радыё Свабода». Эксперты: прафесар кафедры прававой інфарматыкі Акадэміі МУС Аляксандр Іваноўскі і Тацяна Лапуніна — начальнік аддзела маўленчых і эканамічных даследаванняў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.
У дакументах пазначана, што на экспертызу паступілі 498 матэрыялаў: 39 публікацый на партале, 97 матэрыялаў з відэа і больш за 350 скрыншотаў допісаў з Telegram-канала TUT.BY. Таксама згаданыя тры матэрыялы іншых СМІ, якія сайт перадрукаваў.
Асноўныя тэзісы экспертызы:
— службовыя асобы краіны характарызуюцца негатыўна. Нібыта ў публікацыях ідзе адмоўная ацэнка Аляксандра Лукашэнкі, Наталлі Качанавай, Наталлі Эйсмант і іншых. Дзеянні іх праціўнікаў, на думку Іваноўскага і Лапунінай, TUT.BY ацэньвае выключна станоўча;
— партал з’яўляецца схаваным каардынатарам пратэсна настроенай часткі грамадства;
— дзеянні TUT.BY па інфармацыйным забеспячэнні пратэстаў, стварэнні магчымасці выступаць з дэструктыўнымі заклікамі наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі;
— у матэрыялах ёсць ускосныя заклікі да пратэстаў, напрыклад, да такіх заклікаў прылічылі загаловак матэрыялу «Ціханоўская разлічвае на сыход Лукашэнкі ўвесну»;
— шматразовым паўтарэннем лозунга «Я/Мы з вамі» выяўляецца ідэя кансалідацыі ўсіх слаёў грамадства вакол пратэстаў, накіраваных «на страйк асноўных бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў Беларусі»;
— у тэкстах ёсць маўленчыя стратэгіі і тактыкі дыскрэдытацыі, тут прыводзяцца цытаты Святланы Ціханоўскай і Марыі Калеснікавай адносна становішча ў краіне. Выказванні нібыта аказвалі ўздзеянне на чытачоў.
Матэрыялы будзе разглядаць суд Цэнтральнага раёна Мінска.