«Калі ты разважаеш, што не можаш справіцца з ядзернымі тэрарыстамі, знойдзецца шмат жадаючых дапамагчы»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» нагадвае ўладам, што думкі могуць быць матэрыяльнымі, а словы, сказаныя ў эмацыйным запале, — мець вельмі нечаканыя наступствы.

63_2.jpg


Усё-ткі карма — бязлітасная сцерва. Ужо так сведкам стабільнасці падабалася злараднічаць пра бяссілле Захаду і яго бяззубыя санкцыі. Проста кожны ўяўляў сябе не менш чым Іскандэрам Вялікім. І вось на табе! Беларускаму МЗС даводзіцца выказваць заклапочанасці. Учора і пра дыялог сказалі, і пра акно магчымасцей. А яшчэ, разам з прэм’ерам Галоўчанкам, намякнулі на меры ў адказ супраць замежных кампаній, якія працуюць у Беларусі.

Гэта значыць, у Варонежы яны цяпер пагражаюць бамбіць іншаземныя кварталы. І гэта, вядома, лагічна. Таму што ад іншых кварталаў ужо мала што засталося. Але іншаземныя кварталы — гэта ўсё роўна ўсё яшчэ Варонеж. І для калектыўнага Захаду страты ад яго бамбёжак сумнеўныя, а вось для беларускіх улад — відавочныя. Таму што пры першых узрывах бомбаў яго насельнікі, трэба думаць, захочуць эвакуявацца ў больш спакойнае месца, і пажадана з рэчамі. Так што беларускія ўлады атрымаюць сабе глыбокае маральнае задавальненне і ўцёкі замежнага капіталу, з усімі яго сумнымі для дзяржаўных фінансаў наступствамі.

Хоць пасля ўчарашніх навін пра "21vek" і "Юркас" айчынныя капіталы разам з капіталістамі могуць і апярэдзіць замежных калег. Не чакаючы, пакуль альтэрнатыўныя спосабы збору даніны набудуць масавы і рэгулярны характар (праўда, нешта мне падказвае, што публічна і з перамяшчэннем у СІЗА пацярпелі толькі самыя непанятлівыя. І што значна болей тых, хто проста ціхенька заплаціў за адсутнасць дадатковых жыццёвых перажыванняў).

Ну а як? Красауцам надакучыла ж дэманстраваць вернасць за бясплатна (у сэнсе, на адну зарплату). І хочацца наўзамен больш пераканаўчай падзякі ў пераліку па курсе Нацыянальнага банка. Бо на самой справе несправядліва, калі адны днём і ноччу бясстрашна змагаюцца з нелегітымным спалучэннем колераў, а матэрыяльнымі выгодамі цывілізацыі пры гэтым карыстаюцца зусім іншыя. У якіх, можа, яшчэ вочы ў стол і дуля за пазухай.

І гэтая несправядлівасць асабліва востра адчуваецца цяпер, пасля таго, як Еўрасаюз сваімі санкцыямі ўшчаміў беларускую ўладу за яе самыя адчувальныя месцы. Гэта на публіку добра плакаць пра пакуты рабочых МАЗа і БелАЗа. А насамрэч у беларускіх улад значна больш інтымныя фінансавыя перажыванні. «Брэміна» якое-небудзь і іншыя мытна-лагістычныя кампаніі, чыіх назваў мы з табой да ўвядзення санкцый можа, нават, і не чулі. Таму што альтэрнатыўна легальныя мытна-лагістычныя схемы — гэта табе не МАЗ (у сэнсе рэнтабельнасці і нормы чыстага прыбытку). Тут ні на працоўных марнавацца не трэба, ні рамантаваць станкі.

І увогуле, не дзіўна, што нехта ўчора выяўляў некаторую павышаную эмацыянальнасць. І, падаецца, у эмацыйным запале сказаў сёе-тое лішняе. Пра ядзерныя матэрыялы, якія могуць трапіць у Еўропу.

Я, вядома, падумваў, што прароцтва аб кантрабандзе нелегальных ядзерных матэрыялаў у Еўропу — апошні аргумент беларускай знешнепалітычнай стабільнасці. Але мне ўсё ж падавалася, што нават у сведак стабільнасці хопіць інстынкту самазахавання, каб гэты аргумент не ўжываць. Таму што калі ты пачынаеш разважаць, што не можаш справіцца з ядзернымі тэрарыстамі, якія з’явіліся з ніадкуль, то знойдзецца шмат жадаючых дапамагчы. Ад амерыканскіх марскіх коцікаў да кітайскіх снежных барсаў. Ды нават якія-небудзь рускія альфа-мядзведзі — і тыя могуць захацець паўдзельнічаць. І што беларускім уладам з усім гэтым заапаркам рабіць?