Рост беларускай эканомікі зхлопваецца

Пра гэта пішуць аналітыкі Еўразійскага банка развіцця. Найноўшыя ацэнкі ЕАБР прадказваюць спаўзанне да нуля ў другой палове года.

ekonomika_padaet.jpg


Эксперты ЕАБР выпусцілі экспрэс-агляд эканомікі РБ па выніках выхаду статданых за 5 месяцаў. Паводле іх разлікаў, «рост ВУП Беларусі ў траўні ацэньваецца ў 5,4-5,8% год да года» і гэты рост «звязаны выключна з нізкай базай мінулага года», пішуць banki24.by.

Разлікі ЕАБР у цэлым супадаюць з нашымі ацэнкамі. Паводле аператыўных звестак, мы адзначаем рост ВУП у траўні прыкладна на 5,6% пасля 7% у красавіку. Падобна да таго, што пік аднаўлення ўжо мінуў і далей будзе ў асноўным запаволенне.

Паводле інфармацыі ЕАБР, «драйверы аднаўлення пачатку года — калійная вытворчасць і нафтаперапрацоўка — губляюць імпульс да росту з-за вычарпання эфекту нізкай базы». У ЕАБР ацанілі травеньскі прырост у калійнай галіне як калянулёвы, а ў нафтаперапрацоўцы зафіксавалі падзенне выпуску на 4,6%. Мяркуючы па ўсім, падзенне выпуску ў нафтаперапрацоўцы звязана ў тым ліку з меншай загрузкай заводаў, чым год таму.

Увесну было абвешчана аб аднаўленні амерыканскіх санкцый у дачыненні да «Нафтана». Паводле даных агенцтва «Argus», з 1 па 30 чэрвеня на Мазырскім НПЗ запланавалі рамонтныя працы. Значыць, выпуск нафтапрадуктаў па выніках чэрвеня таксама можа ўпасці да 2020 года.

Аналітыкі ЕАБР невысока ацанілі ўнутраны попыт у Беларусі. Паводле разлікаў банка, рознічны тавараабарот у краіне стагнуе. Пры гэтым інвестыцыі ў асноўны капітал за 5 месяцаў знізіліся на 10,4% да мінулага года.

Каманда эканамістаў ЕАБР паведаміла, што па выніках 6 месяцаў рост ВУП яшчэ застанецца каля 3%, аднак «можа моцна запаволіцца ў другой палове года». Імпульс для экспарту слабее па меры завяршэння аднаўлення ў расійскай эканоміцы і пачатку дзеяння санкцый ЕС і ЗША.

Паводле версіі ЕАБР, унутраны попыт у Беларусі схільны да негатыву з боку высокай нявызначанасці і суверэнных рызык, запаволення росту даходаў і росту кошту крэдытаў. Услед за чацвёртым пакетам кропкавых санкцый Еўрасаюз ужо анансаваў сектаральныя, якія могуць закрануць калійную галіну, банкаўскі сектар і нафтаперапрацоўку.

Навіны аб еўрапейскіх санкцыях адбіліся на каціроўках еўрабондаў Беларусі. Каціроўкі папер з пагашэннем у чэрвені 2027 года да канца таргоў панядзелка адкаціліся ўніз да 97,1% ад наміналу, з пагашэннем у лютым 2030 года — да 91,5%, з пагашэннем у лютым 2031 года — да 87,4%.

У траўні рэйтынгавае агенцтва «Fitch» пацвердзіла доўгатэрміновы рэйтынг дэфолту Беларусі ў замежнай валюце на ўзроўні «B» з негатыўным прагнозам. Увядзенне маштабных сектаральных санкцый Захадам у дачыненні да РБ можа прымусіць рэйтынгавыя агенцтвы перагледзець свае ацэнкі.