СМІ: З-за санкцый Міхаіл Гуцэрыеў рызыкуе застацца без аўтарскіх адлічэнняў за свае песні

Расійскі мільярдэр Міхаіл Гуцэрыеў, які, апроч вядзення бізнесу, піша тэксты папулярных песень, можа сутыкнуцца з праблемамі пры выплаце аўтарскіх адлічэнняў за свае творы ў Еўропе.

12700d4f4735c51301512f71ac6c08fa.jpg


Міхаіл Гуцэрыеў напісаў тэксты для трох соцень песень, якія выконваюцца ў асноўным прадстаўнікамі расійскага шансону, аднак яны ёсць і ў рэпертуары зорак эстрады — такіх, як Ала Пугачова, Рыгор Лепс, Мікалай Баскаў. Усе гэтыя творы гучаць у эфіры рускамоўных радыёстанцый, якія вяшчаюць у Еўропе. Яны ўваходзяць у тым ліку ў расійскія медыясеткі, напрыклад, «Рускае радыё», піша REFORM.by са спасылкай на РБК.

Пасля ўвядзення санкцый рахункі і актывы Міхаіла Гуцэрыева ў ЕС заблакаваныя. Калі ён атрымліваў аўтарскія адлічэнні праз іх персанальна, то цяпер такая схема немагчымая. Зрэшты, як адзначаюць эксперты ў галіне аўтарскага права, гэтыя адлічэнні могуць пералічвацца еўрапейскімі арганізацыямі на рахункі расійскіх партнёраў у абязлічаным выглядзе, а ўжо там яны размяркоўваюць іх паміж аўтарамі праз Расію. У гэтым выпадку выплаты аўтарскіх адлічэнняў Гуцэрыеву, хутчэй за ўсё, не будуць закрануты санкцыямі.

Нагадаем, Міхаіл Гуцэрыеў уключаны ў чацвёрты санкцыйны спіс ЕС. «Дзякуючы сяброўству з Лукашэнкам назапасіў значнае багацце і ўплыў сярод палітычнай эліты ў Беларусі», — абгрунтавалі ўключэнне Гуцэрыева ў санкцыйны спіс.