Экс-беркутавец, што затрымліваў «дыджэяў перамен», наведаў з мінскім АМАПам рэзідэнцыю Лукашэнкі

Экс-баец "Беркута" Сяргей Кімінчыжы аказаўся сярод мінскіх амапаўцаў, якія наведалі рэзідэнцыю Лукашэнкі — палац Незалежнасці. Цяпер Сяргей — адзін з камандзіраў мінскага АМАПа, зазначае Еўрарадыё. Гэты чалавек ужо фігураваў у спецрасследаванні аўтара НЧ Дзяніса Івашына аб дзейнасці былых беркутаўцаў у Беларусі.

2021_01_29_16_34_58.png

Баец расфармаванага ўкраінскага спецпадраздзялення "Беркут" Сяргей Кімінчыжы з’яўляецца экс-байцом асобнага батальёна міліцыі асаблівага прызначэння (БМАП) гэтага падраздзялення, якое дыслакавалася ў Адэсе. Гэта першы выпадак выяўлення сярод супрацоўнікаў беларускай міліцыі адэскага "беркутаўца".


Сяргей Кімінчыжы нарадзіўся 04.08.1983 года ў вёсцы Васіліўка Балградскага раёна Адэскай вобласці, УССР. Пражываў у вёсцы Выгода Біляіўскага раёна той жа вобласці. Пасля дэмабілізацыі з арміі быў прыняты на службу ў БМАП «Беркут» пры Галоўным упраўленні МУС Украіны ў Адэскай вобласці. Пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці ўцёк у Беларусь. Рэжым Лукашэнкі надаў яму грамадзянства і службу ў шэрагах АМАП ГУУС Мінскага гарвыканкама.Вядома, што падчас падзеяў Рэвалюцыі Годнасці 19 лютага 2014 года байцы адэскага «Беркута» прарваліся праз ачапленне, выстаўленае адэскімі грамадскімі актывістамі ля месца дыслакацыі гэтага спецпадраздзялення, і выехалі ў Кіеў на двух аўтобусах. Ужо 21 лютага дэпутат Анатоль Грыцэнка суправаджаў падраздзяленні "Беркута", у тым ліку з Адэскай вобласці, падчас іх выезду з Кіева. Адэскія "беркутаўцы" непасрэдна ўдзельнічалі ў падзеях 20 лютага 2014 года ў Кіеве, адзін з іх нават быў паранены на вуліцы Інстытуцкай.
Са службай Сяргея Кімінчыжы ў мінскім АМАПе звязаныя адразу некалькі інцыдэнтаў па затрыманнях і судовым пераследзе беларускіх грамадскіх актывістаў.
3 красавіка 2018 года ў Мінску быў затрыманы вядомы беларускі анархіст Вячаслаў Касінераў. Днём раней ён удзельнічаў у пікеце з патрабаваннямі дэкрыміналізацыі лёгкіх наркотыкаў у малых дозах і ўхвалення адпаведных зменаў у адзін з самых рэпрэсіўных крымінальных артыкулаў Беларусі №328 "Незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў".
Як засведчыла жонка Вячаслава Касінерава Марына Насенка, затрыманне адбылося проста на вуліцы. Яго здзейснілі супрацоўнік Маскоўскага РУУС Мінска і два байцы АМАПу, якія былі ў цывільнай вопратцы. Адзін з іх тады не прадставіўся, а іншы, паводле дакументаў, меў прозвішча Кімінчыжы. Група захопу пасадзіла Касінерава ў мікрааўтобус, які з самага ранку быў пад вокнамі яго кватэры. На наступны дзень, 4 красавіка, Касінераў быў пакараны адміністрацыйным штрафам паводле не менш рэпрэсіўнага артыкулу 23.34 КаАП РБ.
Другі інцыдэнт звязаны з разглядам адміністрацыйнай справы 10 студзеня 2020 года ў судзе Савецкага раёна Мінска ў дачыненні да Сяргея Папкова — намесніка старшыні КХП-БНФ і БНФ "Адраджэньне". Падчас судовага пасяджэння Сяргей Кімінчыжы і іншы сведак-амапавец, Віктар Мартынчык, надалі паказанні, згодна з якімі Папкоў нібыта выкрыкваў лозунгі і парушаў грамадскі парадак 21 снежня 2019 года на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. У той дзень адбывалася адна з шэрагу акцый у падтрымку незалежнасці Беларусі. Нягледзячы на тое, што Папкоў цалкам давёў суду, што ён не рабіў дзеянняў, у якіх яго абвінавачвалі, судовы вердыкт быў ухвалены на грунце сведчанняў амапаўцаў, у тым ліку Сяргея Кімінчыжы. У выніку Папкова засудзілі да 20 базавых велічыняў (540 рублёў) адміністрацыйнага штрафу.
Наступны, вельмі гучны інцыдэнт з удзелам Сяргея Кімінчыжы, датычны яго ўдзелу ў затрыманні "дыджэяў перамен" — Кірыла Галанава і Уладзіслава Сакалоўскага. Падчас судовага працэсу над імі Кімінчыжы зноў фігуруе ў якасці сведкі і дае паказанні.