Эксперт: характарыстыкамі аб «лаяльнасці» могуць злоўжываць, каб сапсаваць кар'еру чыноўніку
У характарыстыцы ад папярэдняга працадаўцы пры прыёме на дзяржслужбу не патрабуецца доказаў. Дастаткова проста думкі – наколькі чалавек «лаяльны». А працэдуры абскарджання не прадугледжана, разважае Thinktanks.by.
Змены ў дэкрэт «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікам арганізацый» апублікаваныя 13 кастрычніка і ўступяць у сілу праз 10 дзён.
Абноўлены дэкрэт абавязвае наймальнікаў пры прыёме на працу ў дзяржаўныя органы і арганізацыі запытваць у суіскальніка наступныя дакументы:
· характарыстыку з папярэдняга месца яго працы;
· характарыстыку з дзяржаўнай арганізацыі, якая з'яўлялася месцам працы на працягу папярэдніх пяці гадоў. У выпадку, калі такім месцам працы з'яўляліся некалькі дзяржаўных арганізацый, характарыстыка запытваецца па апошняй з іх;
· звесткі з Адзінага дзяржаўнага банка дадзеных аб правапарушэннях у дачыненні да кандыдатаў на кіруючыя пасады.
У характарыстыцы павінны быць указаны прафесійныя, дзелавыя, маральныя якасці, звесткі аб тым, як выконваецца дысцыпліна, стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў.
Характэрна, што гэтыя патрабаванні павінны выконваць не толькі дзяржорганы, але і арганізацыі, у якіх больш за 50% акцый або долі ў статутным фондзе знаходзіцца ў дзяржуласнасці.
Новаўвядзенні пракаментаваў былы юрыст Адміністрацыі прэзідэнта Арцём Праскаловіч падчас «Марафону ідэй» на «Еўрарадыё».
Ён адзначыў, што праверка па базе даных пры паступленні на дзяржслужбу існуе і на сённяшні дзень.
Супрацоўнік, які паступае на дзяржслужбу, павінен напісаць аўтабіяграфію і запоўніць лісток па ўліку кадраў. У ім утрымліваецца пытанне, прыцягваўся ці суіскальнік або яго сваякі да крымінальнай або адміністрацыйнай адказнасці.
Цяпер жа неабходная яшчэ і характарыстыка з папярэдняга месца працы.
«Тут прысутнічае нейкая кругавая парука: паручыся за яго пры прызначэнні на пасаду і нясі потым за гэта адказнасць», — адзначыў Арцём Праскаловіч.
Гэта ж будзе працаваць у іншы бок: працуй так, каб твае калегі, калі ты будзеш пераходзіць на іншае месца працы, напісалі на цябе станоўчую характарыстыку, а не адмоўную.
У эксперта ў сувязі з гэтым паўстала прававое пытанне: «А нейкія працэдуры абскарджання характарыстыкі ёсць? Дзе гарантыі таго, што там будуць дакладныя звесткі? Цябе ж не просяць выкладаць факты, цябе просяць ахарактарызаваць —лаяльны чалавек ці не».
Такой характарыстыкай вельмі лёгка сапсаваць чалавеку кар'еру, падкрэсліў спецыяліст.
У цэлым, на яго думку, сэнс заканадаўчых новаўвядзенняў палягае ў тым, каб яшчэ раз засяродзіць увагу людзей – «не трэба нікуды ўлазіць, інакш вам закрыты шлях у дзяржаўную службу».