«Фамілія» — беларускае слова. Як Мінадукацыі паказала сутнасць лукашэнкаўскага чынавенства
Што лукашэнкаўская бюракратыя фарміруецца паводле правіл адмоўнай селекцыі, вядома даўно. Што дамінуючай якасцю прасоўвання па службовай лесвіцы з’яўляецца не кампетэнтнасць, а лаяльнасць — таксама. З наступствамі такой кадравай палітыкі беларусы сутыкаюцца рэгулярна і ў розных сферах жыцця. Апошнім часам у трэндзе — Міністэрства адукацыі.
Напрыканцы навучальнага года ведамства, адказнае за адукацыю новых пакаленняў, згенерыравала адразу дзве адчайна крынжовыя сітуацыі.
Спачатку быў гучны фэйл з цэнтралізаваным экзаменам. Новая методыка падліку балаў аказалася настолькі пачварнай і несправядлівай, што многія тысячы выпускнікоў і іх бацькоў у сваім абурэнні перайшлі негалосныя чырвоныя лініі і ледзьве не зладзілі пратэсты ў духу 2020 года. Прынамсі, яны фізічна дайшлі да патрэбных чыноўніцкіх кабінетаў і выказалі іх насельнікам усё, што пра іх думаюць.
Умешвацца прыйшлося асабіста Лукашэнку, які насуперак некаторым чаканням не нацкаваў на незадаволеных сілавікоў, а распарадзіўся ўсё ж неяк залагодзіць людзей. Добры цар пры дурных баярах — пераважыў менавіта гэты прыём, хаця карныя ведамствы, пэўна, ужо рыхтавалі дручкі.
Адметна, што да ўмяшальніцтва правадыра Мінадукацыі ўпарта адмаўляла свае хібы з ЦЭ і расказвала, як усё добра. Кіраўнік ведамства Андрэй Іванец настойваў на прагрэсіўнасці новай методыкі, а што ў некаторых іншае меркаванне — то яны проста адшчапенцы, якія распаўсюджваюць фэйкі, і гэта не застанецца без наступстваў.
Калі ж Лукашэнка ўзяў бок «адшчапенцаў», міністр адразу шчоўкнуў абцасамі, быццам нічога не было. Суперскую методыку запхнулі ў доўгую скрыню і болей не ўспаміналі.
Але ж асадак, як кажуць, застаўся.
Другі крынж Мінадукацыі можа здацца больш дробным, але ён дакладна не менш паказальны.
У суботу «Еўрарадыё» разгледзела грубую памылку ў бланках атэстатаў і дыпломаў новага ўзору. У беларускамоўнай іх частцы замест прозвішча ўладальніка прапануецца напісаць «фамілію».
Такі лексічны ляп — цалкам тыповы ў зрусіфікаванай Беларусі, дзе чыноўнікі не ведаюць беларускай мовы, а сілавікі непрыхавана лічаць яе варожай. Але і тут значэнне мае не памылка, ад якой ніхто не застрахаваны, а рэакцыя на памылку. А яна — рэакцыя — у Мінадукацыі і тут прадказальная. Няма ніякай памылкі, «фамілія» — беларускае слова.
Як даведалася «Наша Ніва», сваю ганьбу ў ведамстве заўважылі яшчэ да таго, як сітуацыя трапіла ў медыя. Намеснік міністра Аляксандр Кадлубай разаслаў у падначаленыя ўстановы ліст з тлумачэннямі. У ім, спасылаючыся на тлумачальны слоўнік 1999 года, чыноўнік паведамляе, што ў беларускай мове «возможно использование слова «фамілія». Што тое слова мае прынцыпова іншае значэнне («род, шэраг пакаленняў, якія маюць аднаго продка», адсюль фразы кшталту «фамільнае срэбра»), Кадлубай маніпулятыўна не ўдакладняе.
Пры гэтым у сваім лаканічным рускамоўным лісце на некалькі абзацаў ён зрабіў пяць памылак. Такі вось неадукаваны намміністра адукацыі па «фаміліі» Кадлубай.
Як бачым, не тое што перадрукоўваць бланкі — нават выбачацца Мінадукацыі не збіраецца. Як і прызнаваць сваю хібу. І ўжо тут Лукашэнка не ўмяшаецца, бо беларускую мову ён аднолькава не ведае і не любіць.
Не будзе тут і ніякіх аргвысноў, бо за непрафесіяналізм у лукашэнкаўскай сістэме зараз не караюць. Не так шмат у рэжыму кадравага рэзерву, каб раскідвацца адданымі людзьмі. Да таго ж гэта дэмаралізуе наменклатуру, згуртаваную вакол свайго куміра з поўным усведамленнем маральных выдаткаў і будучых наступстваў.
Нават за правал з расійскім самалётам у Мачулішчах Лукашэнка нікога не звольніў, што ўжо казаць пра нейкіх там вучняў і нейкія іх атэстаты.
Цікавае ў гэтых гісторыях яшчэ і тое, што кіраўнікі Мінадукацыі належаць да маладой хвалі лукашэнкаўскай бюракратыі. Іванцу 38 гадоў, Кадлубаю — 41, празначаны на свае пасады яны адносна нядаўна.
То-бок за імі няма савецкага бэкграўнда, яны цалкам узгадаваны пры лукашызме, напэўна, прайшлі шляхам БРСМ ды іншых ідэалагічных інстытуцый. І гэта сапраўды сімвалічна, бо адна справа, калі цемрашальскую лухту вярзе ўмоўная Качанава, якая безнадзейна захрасла ў мінулым, і зусім іншая — калі крынжуюць маладыя чыноўнікі, якія атрымалі сучасную адукацыю і яшчэ памятаюць, чаму іх вучылі ва ўніверсітэтах.
Тут варта нагадаць, што ўвогуле адбываецца ў сістэме адукацыі пасля 2020 года. А адбываецца суцэльная ідэалагізацыя за кошт страты якасці ўласна адукацыйнага працэсу. Перапісваюцца падручнікі па гісторыі, ладзяцца праўладныя мерапрыемствы, уводзіцца школьная форма і праслухоўванне гімна, прасоўваецца прарасійская мілітарызацыя, знішчаюцца прыватныя ўстановы. Ад самага маленства з дзяцей спрабуюць рабіць юных лукашыстаў, а настаўнікаў, якія думаюць інакш, наўпрост звальняюць. І вось на гэты фронт кіраўнікамі пастаўлены людзі нібыта новай фармацыі, але такія ж лаяльныя кар’ерысты, як і іх папярэднікі. Яны цягнуць краіну назад у СССР, у якім амаль не жылі.
— гэта словы з нядаўняга выступлення міністра Іванца.
Ужо з гэтых слоў вынікаюць прыярытэты галоўных бюракратаў ад адукацыі, бачна, як нават маладая лукашэнкаўская наменклатура літаральна на вачах пераўтвараецца ў тыя класічныя вобразы чыноўнікаў, якія мы ведаем з сатырычнай літаратуры. І гэтыя чыноўнікі мацуюць вертыкаль троечнікаў, пры кіраванні якіх па ўсіх напрамках дэградуе цэлая краіна.
А ў Беларусі між тым фіксуецца скарачэнне колькасці дзяцей. І сярод іншых чыннікаў гэтага трэнда ёсць і эміграцыя. Учорашнія школьнікі актыўна паступаюць на навучанне ў замежныя ВНУ. Працягвае падаць прэстыж прафесіі настаўніка, педагогі звальняюцца, заробкі ў галіне застаюцца мізэрнымі.
Але, вядома, не гэта турбуе Мінадукацыі, дзе не ведаюць беларускай мовы, а на рускай не ўмеюць пісаць без памылак. Мінадукацыі турбуе іншае, ад чаго церпіць грамадства і марнуецца будучыня.