Ідэолагі ябацькаў праводзяць рэйды па бібліятэках Беларусі

У беларускіх бібліятэках праходзяць праверкі з боку аддзелаў культуры, у асноўным ідэолагаў. З паліц загадалі прыбраць гістарычныя кнігі, выдадзеныя ў 90-х. Але ня толькі.

Фота: Павел Хадзінскі

Фота: Павел Хадзінскі

Праверкі ў школьных бібліятэках пачаліся ў лютым 2023 году. «Радыё Свабода» паразмаўляла з кнігавыдаўцом, філёзафам і супрацоўніцай бібліятэкі.
«У нашай раённай бібліятэцы прайшла „інвэнтарызацыя“. Ідэолягі з аддзелу культуры сказалі прыбраць з паліц — пакуль не паліць, праўда, а здаць у архіў кнігі па гісторыі, выдадзеныя ў 90-я гады. Нават тыя, дзе няма бел-чырвона-белага сьцяга ці Пагоні. Такія кнігі, дарэчы, у нас даўно прыбраныя ў архіў. Адназначна сказалі схаваць у архіў кнігі Сьвятланы Алексіевіч, кнігі пра паўстаньне 1863 году, пра асобу Кастуся Каліноўскага», — расказала на ўмовах ананімнасьці супрацоўніца адной з раённых бібліятэк.
Па інфармацыі Свабоды, «чысткі» праходзяць зь лютага 2023 году і ў школьных бібліятэках. Там загадалі прыбраць падручнікі па гісторыі, выдадзеныя ў 90-х гадах, і некаторыя гістарычныя кнігі.
«Наконт кніг Васіля Быкава сказалі „правесьці інвэнтарызацыю“. Іх не гаварылі прыбіраць, а толькі палічыць — колькі кніг, якія менавіта творы ёсьць. Але ж яго праходзяць у школьнай праграме», — расказала крыніца Свабоды.
«Гэта агульны трэнд на зьнішчэньне ўсяго беларускага, які дыктуецца з Усходу»Філёзаф Павал Баркоўскі ў камэнтары «Свабодзе» зазначыў, што ягоныя крыніцы ў Беларусі пацьвярджаюць «чысткі» ў бібліятэках — многія кнігі бібліятэкары здымаюць з фондаў і перадаюць пад росьпіс начальству.
«Куды кнігі пойдуць далей, на ўтылізацыю ці ў сховішчы, ніхто ня ведае. Ведаю, што звальняюць людзей, якія былі адказнымі за камплектацыі фондаў і хто мог дазволіць сабе закупляць кнігі недзяржаўных выдавецтваў. Такіх людзей замяняюць больш паслухмянымі», — кажа філёзаф.
Сытуацыю з кнігамі беларускіх аўтараў ён называе «незайздроснай».

«Для цяперашняй улады важна неяк кантраляваць розумы грамадзян за кошт таго, каб пазбаўляць іх магчымасьці чытаць „забароненую“ літаратуру. Нічога новага яны не выдумалі — так рабілі бальшавікі пасьля 1917 году», — сьцьвярджае Павал Баркоўскі.
Дзеяньні па «чыстках» бібліятэк, на думку суразмоўцы, укладваюцца ў «агульны трэнд на зьнішчэньне ўсяго беларускага», які, лічыць філёзаф, дыктуецца з Усходу.
«Гэты трэнд — рэпрэсіі супраць ідэалягічна нявывераных інфармацыйных прадуктаў, у тым ліку кніг», — кажа Павал Баркоўскі.
Ён нагадаў, што кнігі з альтэрнатыўнай падачай гісторыі, выдадзеныя ў часы адноснай свабоды (90-я гады), з гістарычнай сымболікай доўгі час дазваляліся ў Беларусі, прадаваліся ў кнігарнях, былі ў бібліятэках. Дзяржава іх ці не кантралявала, ці «кантралявала ўмоўна».
«Цяпер жа, калі рэжым стаў таталітарным, маналітным, ён ня хоча пакідаць аніякіх шчылін для сваіх грамадзян. Усе таталітарныя рэжымы пачыналі з таго, што браліся за кнігі», — дадаў філёзаф.
Суразмоўца лічыць, што нават у такім становішчы людзі могуць супраціўляцца, напрыклад захоўваць кнігі ў пэрсанальных бібліятэках, ратаваць тыя, якія «ідуць пад нож» у публічных бібліятэках.
«Тым больш цяпер за мяжой адкрываюцца выдавецтвы, якія друкуюць беларускія кнігі. Наўрад ці ўладам удасца зачысьціць усё пад нуль, тым больш у эпоху інтэрнэту. Але яны будуць імкнуцца „гасіць“ усе ачагі іншадумства, заганяць у глыбокае падпольле», — кажа Павел Баркоўскі.