Яўгенія Пфляўмбаўм. Паўстагоддзя маўчання

На budzma.me выйшаў артыкул, прысвечаны жыццю і творчасці выбітнай беларускай паэткі Яўгеніі Пфляўмбаўм. Радкі з яе вершаў — нібы радкі з жыцця.

Зборнік вершаў Яўгеніі Пфляўмбаўм «Сонца». Фота: facebook.com/pflaumbaum.publishing

Зборнік вершаў Яўгеніі Пфляўмбаўм «Сонца». Фота: facebook.com/pflaumbaum.publishing


Яўгенія Пфляўмбаўм нарадзілася ў 1908 годзе ў Мінску. Сваім незвычайным прозвішчам яна абавязана бацьку, які быў запрошаны з Германіі для працы на беларускай чыгунцы. Пра сямейнае жыццё паэтка будзе згадваць: «А бацька піў і адзін, і з сябрамі. І хоць дзед біў яго сваёю цяжкай палкай, не сунімаўся. І маці не вытрымала, знайшла сабе прытулак і сышла з дому, забраўшы дзяцей — мяне і старэйшага на тры гады брата».

Хто ведае, ці стала б Яўгенія паэткай, калі б не айчым Уладзімір Сакалоўскі? Дырэктар школы, асветнік і перакладчык падручнікаў на родную мову, ён далучыў дзяўчыну да беларушчыны. Пра ступень уплыву сведчыць хаця б такая дэталь: у адной з пазнейшых анкет яна пазначыла, што з’яўляецца дачкой настаўніка, а не чыгуначніка.

Пасля заканчэння школы Яўгенія паступіла ў Белпедтэхнікум і трапіла ў авангард беларусізацыі. Слухаючы лекцыі Якуба Коласа і Міхаіла Піятуховіча, яна рана захапілася паэзіяй і ўжо ў 16 гадоў дэбютавала ў друку. А ў 1926 годзе пабачыў свет першы зборнік з вершамі трох паэтак: Зінаіды Бандарынай, Наталлі Вішнеўскай і Яўгеніі Пфляўмбаўм. У дачыненні да апошняй крытык Мікола Байкоў адзначыў, што яе вершы лірычныя па сваім змесце, прычым перавагу ў іх мае лірызм аб’ектыўны — замілаванне роднай краінай.


Я адна на далёкай чужыне,

У бязмежжы абшараў стэповых.

Я сумую па роднай краіне,

Па бяздонні палёў васільковых.


Апроч лірызму, адзначым і яшчэ адну адметнасць: у той час, калі мэйнстрымам было апяванне бадзёрых тэмпаў сацыялістычнага будаўніцтва, Пфляўмбаўм дазваляла сабе выразна мінорныя, нават дэпрэсіўныя інтанацыі. Пра яе боль мы яшчэ згадаем, а пакуль што можна прывесці ў якасці прыкладу адрасаваныя брату радкі:


Брат любы! Цяжка мне. Балюча

Знішчаюць радасць кіпці лёсу,

А неба — шэрая ануча —

Не шле праменя на пракосы.


Шырэй пракос... і постаць смерці

Спаліла кветачку душы.

Пашто загінула?! Не верце:

Не аджыве яна ў цішы.


Бо й цішыня ўсё тая ж смерць

З істужкай вобразаў імглістых,

Там стогну сэрца не павераць,

Не дасць адказу пах смалісты.


Наступныя гады пасля выхаду зборніка — перыяд сапраўднага росквіту аўтаркі. Той самы час, калі ўсё больш раскрываўся паэтычны талент, пакуль яшчэ не абцяжараны ідэалагічным ціскам. Лірычныя, мілагучныя вершы другой паловы 20-х гадоў, на думку аўтара, — пік творчасці Яўгеніі Пфляўмбаўм.


Я маладая... жыццё наперад!..

Мне пырсне радасць вясёлы свет,

Кудзеляй шчасця, нібы ў сне тым,

Сатчэцца шлях мне — нязрыўны нерат.


Я маладая... мяне кахаюць...

Мне спеў квітнее на шчырых вуснах.

У вачох не знойдзеш журбы спакуснай,

Я маладая... мяне кахаюць.


Я маладая... кахаю шчыра

Бліскучы погляд яго вачэй;

І плынню срэбнай мой смех цячэ,

І шчасцем светлым пачуцці шырыць.


Вершы друкаваліся ў перыядычных выданнях, а ў 1927 годзе ў хроніцы часопіса «Маладняк» з’явілася паведамленне, што аўтарка «рыхтуе да друку зборнік лірычных вершаў». Праз тры гады стала вядома, што кніга пад назвай «Мелодыі» ўжо здаецца ў друк, аднак гэтае выданне так і не пабачыла свет. Размешчаныя ў газетах і часопісах, вершы Пфляўмбаўм 1920-1930-х гадоў заставаліся амаль невядомымі для сучаснага чытача ажно да 2023 года, калі выйшла кніга «Сонца». Аксана Данільчык, яе ўкладальніца, сабрала цэлы россып выдатных вершаў, якія выходзілі ў тыя гады. Аднак што было далей? Вось тут і паўстае першая загадка.

«Мае радкі не ўбачаць свету...»

У 1980-х Яўгенія Пфляўмбаўм напісала:


Мае радкі не ўбачаць свету,

Не прагучаць на слых спагадны.

Не буду звацца я паэткай

З сваёю музай непанаднай.


Яскравым пацвярджэннем гэтых слоў выступае і сама храналогія ў кнізе «Сонца»: адразу ж пасля верша «Вясновы старт» (1931) размешчаны творы з кнігі «Сувой жыцця», якая выйшла... у 1989 годзе. 58 гадоў Яўгенія Пфляўмбаўм маўчала, не надрукаваўшы аніводнага верша. Чым можна патлумачыць такі вялізны перапынак? Перш за ўсё, варта спытаць у самой аўтаркі.


У 1995 годзе ў часопісе «Крыніца» было надрукавана інтэрв’ю з паэткай, падчас якога яна адказала так: «Што тычыць майго маўчання, дык гэта ніякі не прынцып, яно ўяўнае. Мне даволі было выказацца перад сабою, даверыцца алоўку і шматку паперы. Праўды, працуючы ў сібірскай школе і ў маскоўскіх выдавецтвах, цяжка было думаць пра нейкае сталае з дня ў дзень пісанне. Пасля, у Мінску ўжо, часу пабольшала, аднак думалася: чаго табе вытыкацца з вершамі ў людзі, гэта твой клопат, твой боль, які нікому не будзе цікавы. Да таго ж, я пісала тое, што хачу, а наўкол чулася іншае, можа, не зусім адчутае аўтарамі, але абавязковае. А падахвочванняў да друкавання ставала...»

Пра абыякавасць паэткі да славы сведчаць і тыя радкі, што яна даверыла пазней аркушу паперы:


Калі мастак ты чыстым правам,

А не для ўцехі і забаў, —

Дык папусціся зманам славы,

Але душы не занядбай.


Сцвярджаючы, што выказаны вершамі боль наўрад ці будзе каму патрэбны, Яўгенія Эргардаўна, відавочна, праявіла сціпласць. Адпаведныя сведчанні Аркадзя Куляшова і Анатоля Вярцінскага будуць прыведзены далей, а пакуль што звернем увагу хаця б на тое, што сама ж паэтка прызнае: «падахвочванняў да друкавання ставала».

А вось наконт таго, што «наўкол чулася іншае», нават «абавязковае», намёк відавочны. У 1929-м была згорнута беларусізацыя, праз год сфабрыкавалі справу «Саюза вызвалення Беларусі» і ўвогуле абвясцілі курс на барацьбу з «нацдэмамі». Выбар быў просты: або пісаць «правільныя» вершы, або не пісаць іх увогуле. Рашэнне паэткі паспрабуем праілюстраваць наступнымі радкамі:


Радок зацяты, як іслам,

Твая рэлігія — пакора,

Дык хіба я цябе аддам,

На здзек іроніі, на сорам.


Які ты ёсць, такі жыві,

Жыві затоенай істотай,

Палай агнём мае крыві,

Мае тугі, мае самоты.


Такім чынам, адной з меркаваных прычын сыходу ў падполле можна лічыць нежаданне аддаваць свой радок «на здзек іроніі, на сорам», «душы не занядбаць». Пісаць рыфмаваныя дрындушкі пра камсамол, заводы і фабрыкі Пфляўмбаўм не хацела. Апроч таго, немагчыма абмінуць увагай і пытанне бяспекі, надзвычай актуальнае для любога творцы міжваеннага перыяду. Менавіта гэты факт ўзгадаў Анатоль Вярцінскі, які напрыканцы 1980-х займаўся вяртаннем паэткі ў літаратуру: «Адказ вядомы. На лёгкакрылыя перыстыя воблакі, што весела плылі па рамантычна-ўзнёслым небе дваццатых, сталі раптам набягаць злавесна-змрочныя хмары трыццатых гадоў, а вясёлкавы світанак, не паспеўшы разгарэцца ў ясны дзень, стаў змяняцца прыцемкам сталіншчыны». Але ж ці былі іншыя прычыны? І чаму перыяд маўчання пачаўся менавіта ў 1931-м?

Важна адзначыць, што гэтая падзея супала са шлюбам: абраннікам Яўгеніі стаў Алесь Каратай, вядомы ў літаратурным свеце пад псеўданімам Максім Лужанін. Наконт яго ўплыву на творчасць жонкі існуе процьма меркаванняў. Напрыклад, Аксана Данільчык адзначыла ў прадмове: «Падзеі асабістага жыцця, несумненна, паўплывалі на тое, што паэтка замаўчала больш чым на паўстагоддзя». Значна больш радыкальна пра ролю Лужаніна ў гэтай гісторыі выказалася Алена Казлова, галоўная рэдактарка выдавецтва «Пфляўмбаўм»: «Калі жанчына выходзіць замуж, яна знікае. Яна знікае з прафесійнай рэалізацыі, з відавоку, з бачнасці». А паэтка Валянціна Аксак адказала на пытанне вершам самой Яўгеніі:


...Як нескладана быць адданай:

Згасіць агні юначых дзён,

Пакінуць росныя паляны,

Сысці ў палон, душы прыгон.


Зрачыся долі, нават волі,

Не аглядаючыся, не,

Пачаць жыццё былых нявольніц,

Калі раскутасць толькі ў сне.


Безумоўна, любы верш, няхай і вельмі шчыры, не можа выступаць бясспрэчным доказам пэўных жыццёвых абставін аўтаркі: яна можа і не супадаць з лірычнай гераіняй (хаця ў выпадку з Пфляўмбаўм складваецца ўражанне, што супадаюць яны даволі часта). Таму прапаную зрабіць прамежкавыя высновы і адзначыць, што ўсе згаданыя прычыны (нежаданне быць рупарам прапаганды, меркаванні бяпекі, уплыў мужа) у той ці іншай ступені паўплывалі на рашэнне паэткі замаўчаць. А наконт ролі Максіма Лужаніна варта паразважаць асобна.

«А ці была ты, урэшце, жонкай?..»

Пасля шлюбу светлае каханне ў творчасці Яўгеніі Пфляўмбаўм саступае месца матывам пакут, болю і здрады. Вось што яна напіша ў 1950-х:


Пад лісцем чырвоным, пад ветрам

Стаялі яны ўдваіх,

Юнацтва залётніцкі ветразь

На хвалі імчаўся да іх.


Яго калывала раздолле, —

Да рэк падплывалі лугі,

А ім залатая нядоля

Кавала ўжо ланцугі.


Або гэта:


Любоў, узяўшы за руку,

Вяла мяне на шлях пакут.


Пакуты і праўда былі: у 1933 годзе Максім Лужанін быў асуджаны як «член контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі» і сасланы ў лагер ў горад Марыінск Кемераўскай вобласці. Прадаўшы бібліятэку, Яўгенія едзе за ім і ўладкоўваецца настаўніцай, выкладае адразу ў дзвюх школах. Свае ўражанні яна пазней апіша так:


Халодны свет. Чужой рукой

Я адчыняю браму ў дом свой

Марыінск Томскі, — новы дом,

І сцюжу гэтага знаёмства

Мне цяжка выславіць радком.


«Віраж уніз галавой» — такі трапны вобраз паэтка падабрала да нечаканага павароту свайго лёсу:


Не раставала неба ўсцяж,

Калі я свой цяжкі віраж

Засвойвала ўніз галавой, —

Засвоіла, і стаў ён свой.


Пасля заканчэння тэрміну пакарання, якое фактычна адбылі абое, яны пераехалі ў Маскву да бацькоў паэткі. За самаахвярнасць жонкі Лужанін аддзячыў ёй даволі арыгінальна: у 1939 годе нарадзілася дачка. Праўда, Яўгенія ў гэтым наўрад ці паўдзельнічала.


Была я жонкаю благой,

Бо сына ты не прычакаў.

Тады, наводшыбе, з другой,

На свет з’явілася дачка.


У прадмове да кнігі «Сонца» Аксана Данільчык пазначыла, што некаторыя крытыкі ўсё ж лічаць, нібыта дачка была іх агульнай (падставы для такіх меркаванняў застаюцца невядомымі). Аднак афіцыйна дзяцей у іх не было, ды і ў вершах паэткі робіцца такі акцэнт на сямейную здраду, што прайсці міма проста немагчыма:


А ці была калі жанчынай,

Што сэрца некаму тачыла,

А ці была ты, урэшце, жонкай

З тым неакупленым пярсцёнкам,

Што палец дзень пры дні крывавіў

І быў прысутным у няславе?


Ці такія радкі:


Штоноч бягу я наўздагон

Сваёй няславе ў каханні

З высокай стромы за адхон,

Пакуль ізноў не ўспыхне ранне.


Прэтэндуе на аўтабіяграфічнасць і верш «Тэатральнае шоу», дзе паэтка ў адпаведным стылі падала сямейную трагедыю:


З маёй роллю гэтаксама —

Найболей пасавала драма,

Ды аўтар з’едлівы, зацяты

Падсоўваў мне ў партнёры кáта,

Быў здзек і кпіны напаўсцэны,

А далей — гераінь замена...


Ці даравала Яўгенія? У 1995 годзе яна дасць інтэрв’ю, якое будзе надрукавана ў часопісе «Крыніца». І на пытанне пра тое, ці шчаслівы яна чалавек, адкажа: «Хутчэй за ўсё — шчаслівы. Таму што многа бачыла. МХАТ у асноўным складзе, найдасканалейшым, Меерхольда, Таірава. Адно знаёмства з Янкам Купалам чаго варта! Прыязджаў і клікаў пайсці куды, павячэраць, пагуляць. Ад гэтай непапраўнай страты дасюль не магу апамятацца. Шмат пісала пра паэта, і, мусіць, не ўсё яшчэ. Праўду кажучы, паэзію ствараюць нешчаслівыя. Ці шмат таго шчасця бачылі на дарозе Шаўчэнка, Пушкін, Купала? Не так багата было яго ў мяне, але ці трэба больш: я шчаслівая, што пісала, маю кніжкі, пакрысе складаю новую...»


Даволі аб’ёмны адказ, у якім хто толькі не згаданы ў якасці нагоды для «шчасця»: Купала, Шаўчэнка, найдасканалейшы склад МХАТа, Меерхольд з Таіравым і нават Пушкін. Ды толькі не ўзгаданы чалавек, з якім паэтка на той момант пражыла 64 гады.


Недзе на досвітку боль я прыспала,

Улада прыгадак прагнала тугу,

Нібы ізноў я жыццю даравала

Тое, аб чым расказаць не магу.

...

Не, мусіць, не, дараваць не магу я

Тое, чым знішчана доля мая.


«Гэты сшытак на распал, ён вясну маю праспаў...»

З 1931 года Яўгенія Пфляўмбаўм перастала друкавацца, аднак не перастала пісаць. Бо не магла іначай:


Пішы, каб прадыхнуць, каб дыхаць,

Каб заўтра дзень яшчэ заспець,

Каб знаць, што гэты боль аціхне,

Каб новаму пад сэрцам спець.


Праўда, абставіны не дужа спрыялі творчасці: пераехаўшы ў Маскву пасля высылкі мужа, паэтка з цяжкасцю ўладкавалася спачатку карэктаркай, а потым рэдактаркай «Абароннага дзяржаўнага выдавецтва» (і яўна знаходзілася пад ціскам, улічваючы статус жонкі ворага народа і бацьку-немца). Падчас вайны Яўгенія была байцом супрацьпаветранай абароны Масквы. Там жа, на чужыне, памерла і яе маці: «Пасля развітання з маці стала зусім невыносна. Расла туга па Беларусі. Мае начальнікі ўрэшце зразумелі, што мяне трэба адпусціць на радзіму. І я паехала ў зруйнаваны вайной Менск. І тут пачаліся вершы. Але я помніла матчын запавет — не выносіць іх на людзі...»

Ці ведаў Максім Лужанін, што яго жонка працягвала пісаць? Выдатна ведаў, што і адзначыў пазней: «Што вершы пішуцца кожны дзень, нельга было ўтаіць, жывучы пад адным дахам. Аднак мне яны не паказваліся, а сунуць нос не ў сваё — брыдка». Аднак нічога брыдкага ён не бачыў у тым, каб ставіць сваё прозвішча пад яе перакладамі: «Тады яна шмат перакладала. Усе пераклады празаічных і драматургічных твораў ад "Кліма Самгіна" да "Маладой гвардыі", "Вішнёвага саду" і Байрана, хоць і падпісаны маім іменем, але належаць ёй. Мой удзел у гэтай рабоце — чыстка і праўка рукапісу перад апошнім перадрукам на машынцы. Выключэнне: рабіў сам пераклады Гогаля, Радзішчава, Грыбаедава, вершаў Пушкіна, Твардоўскага, часткова Бранеўскага і Сыракомлі. Я ўжо там-сям аднавіў справядлівасць, паздымаў сваё прозвішча з не свае работы». Такое памкненне выглядае высакародным, аднак цяжка ўявіць, як яно можа быць рэалізавана. Няўжо магчыма зняць сваё прозвішча хаця б з нейкай часткі перакладаў, што былі надрукаваны ў кнігах, часопісах і газетах?

Наталля Вішнеўская, паплечніца Яўгеніі па дэбютным зборніку, лічыла яе «найбольш здольнаю з усіх дзяўчат». І адзначала: «А наогул Жэня дурная з дурных. Даўно магла мець сваё імя. Мне нехта гаварыў, што яна часам пісала за яго [Лужаніна]». Ды і ўвогуле ставілася да яго без асаблівай пашаны: «Неяк бачыла яго па тэлевізары і ахнула. Які мастадонт! А гонару, а ячаства! Хапіла б на трох з ліхвой» (з лістоў да Сяргея Грахоўскага ад 13.11.1971 і 13.01.1987).

Справы ў Максіма і праўда ішлі добра: кнігі выходзілі адна за адной, а спадарожнічалі ім узнагароды і пасады. А што Яўгенія? Аднойчы, калі Лужанін з Куляшовым сядзелі ў дачным агародчыку, яна выйшла з дома, трымаючы цэлы ахапак папер і натанікаў, ды рушыла за агароджу. Далей цытата з успамінаў мужа:


— Куды ты?

— Да суседскага кастра.

— А што ты нясеш?

— А якая вам справа?

Аркадзь, скеміўшы, пра што тут рэч, ускочыў, заступіў дарогу і адабраў паперы: вершы! Асуджаныя на спаленне.

— Ты не маеш права рабіць гэтага, — запярэчыў цвёрда. — Будзем выдаваць кнігу. Я ўжо колькі разоў гаварыў, даволі ўпарціцца.

Аркадзь Куляшоў і праўда захапіўся ідэяй і нават выказаў жаданне быць рэдактарам. І аўтарка нечакана пагадзілася, бо паважала яго густ і здавён любіла вершы. Аднак задума не спраўдзілася: у 1978 годе народны паэт памёр, а рукапіс лёг у шуфляду. Далейшыя спробы мужа зрушыць справу, паводле яго ўспамінаў, рашуча адхіляліся Яўгеніяй.

Так цягнулася амаль дзесяць гадоў. Праўда, паэтка стала паказваць вершы, а Лужанін аддаваў іх на перадрук і складваў у тую ж тэчку, што была заведзена яшчэ пры Куляшове. І хто ведае, чым бы скончылася, калі б аднойчы не завітаў у госці Анатоль Вярцінскі — тагачасны галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» — і не прачытаў вершы.

— Добра, і вельмі! — Анатоль Ільіч хітравата пасміхнуўся. — Але ж нешта на вас не падобны.

Давялося прызнавацца, хто сапраўдны аўтар.

— Бяру ўсе!

Так успамінаў гэтую сцэну Лужанін. І сапраўды, неўзабаве ў «ЛіМе» з’явілася падборка даўно не чытанай аўтаркі, а ў 1989 годзе выйшла і кніга пад назвай «Сувой жыцця». Пачыналася яна такімі радкамі:


Зрабі намаганне, мой лёс,

Давай перагорнем старонку,

Дзе высака ты мяне ўзнёс,

Каб кінуць яшчэ ў палонку.

...

Дык дзякуй жа сонца таму

І тым вечаровым заранкам,

Што мне пілавалі турму,

Адкуль я ўжо выйшла паўстанкай.


Наступная кніга, «На захадзе сонца», выйшла ў 1992 годзе. Паэтка працягвала пісаць і разам з мужам рыхтавала новы зборнік «Зімовае сонца», якое так і не ўзышло: 14 студзеня 1996 года Яўгенія Пфляўмбаўм памерла. Максім Лужанін здаў рукапісы ў «Мастацкую літаратуру», аднак кніга так і не пабачыла свет.

Сімвалічна, што гістарычную справядлівасць аднавіла менавіта выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм», дзякуючы якой мы цяпер маем творы не толькі з «Зімовага сонца», але і з іншых зборнікаў, надрукаваных і ненадрукаваных.

І яшчэ адна рэч. У адным з вершаў аўтарка напісала:


І не чакаючы здаўна

Падзякі замаруджанай,

Адно баюся, каб мана,

Залішне ўгрэўшыся з віна,

Зайшла ў мой дом астуджаны.


Падзяка бывае замаруджанай, але не залішняй. Дзякуй, Яўгенія Эргардаўна, што ўсё ж не спалілі вершы. Насуперак лёсу радок убачыў свет.