Форум — значыць «пабазарыць»

Форум грамадскіх арганізацый і грамадзянскіх ініцыятыў Мінска павінен, па ідэе, вырашаць праблемы грамадзянаў сталіцы. Але як у іх гэта атрымаецца, і ўвогуле, навошта была створана гэтая кааліцыя — вялікая таямніца.



paliklinika.jpg

Як заўсёды, Форум ставіць перад сабою глабальныя задачы. Прыярытэтнымі накірункамі дзейнасці, напрыклад, з’яўляюцца: распрацоўка альтэрнатыўных планаў развіцця Мінска; каардынацыя мінскіх грамадскіх і сацыяльных ініцыятыў; падрыхтоўка і правядзенне кампаній па вырашэнні праблемаў, значных для жыхароў Мінска; грамадзянскі кантроль за дзеяннямі гарадской выканаўчай улады, барацьба з карупцыяй і абарона правоў жыхароў Мінска ад свавольства мясцовых уладаў; а таксама ўцягненне жыхароў горада ў актыўныя сістэмныя дзеянні па абароне сваіх правоў і ўцягванне іх ў грамадскія кампаніі.

Першая задача, за якую бярэцца Форум — праблема аховы здароўя ў Мінску. З гэтай мэтай будзе створаная экспертная аналітычная група, якая вызначыць галоўныя праблемы медычнага абслугоўвання Мінска, правядзе «круглы стол» з распрацоўкай праблемаў, а потым, магчыма, будзе праведзеная грамадская кампанія «За якасную даступную медыцыну».

Як адзначыла кіраўніца мінскай гарадской арганізацыі аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і адна з ініцыятараў стварэння Форума Вольга Кавалькова, сёння, ва ўмовах апатыі і дэпалітызацыі грамадства «варта аб’ядноўваць нашыя высілкі дзеля актывізацыі людзей, дзеля вырашэння супольных сацыяльных пытанняў». «Мне падаецца, што такое аб’яднанне дэмакратычных сілаў хаця б у межах горада Мінска — добры прыклад, магчымасць разам працаваць і вырашаць пытанні», — адзначыла Кавалькова.

«Можна казаць шмат пра мэты Форуму, папулярызацыю арганізацый, мясцовых лідэраў, але галоўнае — гэта актывізацыя людзей і вырашэнне адной праблемы, якую мы лічым вартай вырашэння ў Мінску», — адзначыла Кавалькова.

Форум адкрыты для прыяднання любых арганізацый і ініцыятываў, якія палічаць гэта для сябе патрэбным.

Канешне, адкрытае ўдзельніцтва ў гэтым аб’яднанні — вельмі добра. Каб не адно «але». На гэтым, можна лічыць, «утваральным» пасяджэнні спачатку прысутнічала 10 прадстаўнікоў арганізацый. Сем з іх так ці інакш звязаныя з БХД. З «неБХДшных» былі толькі прафсаюз РЭП, прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Праўда, потым падышоў Ігар Рынкевіч, які прадстаўляе грамадзянскую кампанію «Civil Verdict», але агульнага раскладу наконт большасці і меншасці ў ствараемым Форуме гэта не змяняе. Нават калі б на ўстаноўчы сход прышлі яшчэ, як і абяцалі, прадстаўнікі «Еўраперспектывы» і партыі «Зялёныя», усё роўна палову заснавальнікаў складалі б БХДшнікі.

У дэмакратычнасці такога аб’яднання дэмакратычных арганізацый у сувязі з гэтым узнікюць апраўданыя сумневы. А калі больш, — то ўзнікае ўражанне, што ў БХД проста не хапае слухачоў, якім яны маглі б распавесці пра свае геніяльныя задумы і ініцыятывы. Прыходзіцца ісці на хітрыкі кшталту створанага Форума.

І яшчэ адно пытанне — абраная праблематыка першай актуальнай праблемы. Ніводная з «заснавальніцкіх» арганізацыяў наўпрост медыцынай не займаецца. Яны ў гэтым, будзем шчыра казаць — «ні ўхам, ні рылам».

Глядзіце самі. БСДГ у якасці прыярытэту ў Форуме вызначыла палітычную адукацыю насельніцтва. РЭП — правы працоўных. У АГП свая праграма дзеянняў. ПраБХДшная «Наша Кунцаўшчына» займаеца праблемай пітной вады. Трое з прысутных сябраў БХД займаліся праблемамі экалогіі, добраўпарадкаваннем Курапатаў, і папулярызацыяй беларускай мовы адпаведна. Асноўная мэта «Civil Verdict» — «падтрымка развіцця дэмакратыі праз развіццё механізмаў, заснаваных на прынцыпах вяршэнства права, павагі правоў і свабод чалавека, у Рэспубліцы Беларусь і іншых краінах». Хіба што тыя актывісты той жа БХД, якія займаюцца кампаніяй супраць алкагалізацыі насельніцтва, найбольш набліжаныя да праблемаў медыцыны. Але ізноў-такі, апасрэдкавана.

Канешне, можна перакласці вызначэнне галоўных праблемаў медыцыны на розум і плечы экспертаў, балазе, у трох партыях медыкі знойдуцца. Але кіраўніца Мінскай арганізацыі АГП Ана Канапацкая раіць даць экспертам на падрыхтоўку прамоваў больш часу, чым паўтары месяцы. «Складана будзе вызначыць, за што ўзяцца: алкагалізм, дзіцячая смяротнасць, недахоп кадраў, недахоп паліклінікаў, дрэннае абсталяванне і гэтак далей і далей. А калі мы возьмем школы, дзе не хапае медыкаў, іншыя праблемы?» — казала яна. Яна ж лагічна зазначыла, што кожны з экспертаў будзе лічыць галоўнай «сваю» праблему.

І што будзе ў выніку, нават калі пройдзе «круглы стол»? Дапусцім, пойдзе збор подпісаў па зменах у заканадаўства. Будзе патрабаванне забяспечыць паліклінікі дактарамі, набыць туды тэхніку, і пабудаваць новыя медычныя ўстановы. «А за якія грошы?», — будуць адказваць улады і вымушана пісаць адпіскі.

Ці міожна разлічваць на тое, што сябры новастворанага Форуму самі створаць новую навучальную ўстанову па падрыхтоўцы медыкаў? Купяць медычнае абсталяванне для бальніцаў? Пабудуюць паліклініку? Канешне ж, не. І ўлады таксама з паветра грошы не возьмуць. Тое, што трэба неяк пераразмеркаваць рэспубліканскі бюджэт у «медычны» бок, гэта і вожыку зразумела. Але гэта ўжо праблема не мінскага масштабу, пад што «заточаны» Форум, а даволі-такі рэспубліканская.

Канешне, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў прыклад «аб’яднання дэмакратычных арганізацый» — штука добрая. Але, як сцвярджае сама Кавалькова, Форум яшчэ і не думаў наконт сумеснай працы пад час гэтай кампаніі, а па другое, такіх «яднанняў» было ўжо багата. Напрыклад, «яднанне» па сумесным святкаванні Дня Волі. Дзень Волі правялі — «яднанне» скончылася.

З «актывізацыяй насельніцтва і папулярызацыяй мясцовых лідэраў» таксама ўсё складана. На гэтым ужо надарвалася кампанія «Гавары праўду!» з іх тэорыяй «новай большасці». Тэорыя ёсць, працуюць над ёй ўжо тры гады, а большасці пакуль што не бачна.

Канешне, што рэальна зробіць гэты Форум, мы яшчэ пабачым. Але нешта не пакідае адчуванне, што з гэтага ізноў анічога не атрымаецца. Ну, хіба што самапіяр.

А у прынцыпе, што такое «форум»? «Форум» у старажытным Рыме — плошча, базар, праходзілі агульнанародныя сходы па грамадска значных праблемах. Так што гэты мінскі Форум вяртаеца да свайго гістарычнага азначэння — проста «пабазарыць».