Грамадскі балонскі камітэт заяўляе пра гатоўнасць распачаць дыялог усіх зацікаўленых бакоў па ўступленні Беларусі ў ЕПВА
З часу афіцыйнага паведамлення пра непрыняцце Беларусі ў лік краін-удзельніц Балонскага працэсу на саміце ў Бухарэсце прайшоў ужо месяц. Аднак Міністэрства адукацыі Беларусі да гэтага часу не зрабіла ніякіх крокаў па прызнанні сапраўдных прычын адмовы і пазначэнні стратэгіі сваіх дзеянняў па ўступленні краіны ў Балонскі працэс.
З часу афіцыйнага паведамлення пра непрыняцце Беларусі ў лік краін-удзельніц Балонскага працэсу на саміце ў Бухарэсце прайшоў ужо месяц. Аднак Міністэрства адукацыі Беларусі да гэтага часу не зрабіла ніякіх крокаў па прызнанні сапраўдных прычын адмовы і пазначэнні стратэгіі сваіх дзеянняў па ўступленні краіны ў Балонскі працэс. У сувязі з гэтым Грамадскі балонскі камітэт заяўляе пра гатоўнасць ініцыяваць пачатак дыялогу ўсіх зацікаўленых бакоў і садзейнічаць аднаўленню даверу да беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі ў вачах партнёраў па Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА).
Нагадаем, што 26–27 красавіка ў Бухарэсце прайшоў міністэрскі саміт Балонскага працэсу, на якім чакаўся разгляд заяўкі беларускага Міністэрства адукацыі аб далучэнні да ЕПВА. Зрэшты, яшчэ
напярэдадні саміту эксперты беларускага Грамадскага балонскага камітэта выказвалі сумненне ў магчымасці хуткага ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс. Падставай для скепсісу з'яўлялася рэальнае
становішча спраў у беларускай сістэме адукацыі і рэкамендацыі, зробленыя працоўнай групай Балонскага працэсу ў студзені 2012 года. Як паказаў саміт у Бухарэсце, сумневы аказаліся больш чым
апраўданыя.
Міністэрства адукацыі РБ у афіцыйным адказе на саміт абмежавалася тым, што назвала рашэнне еўрапейскіх міністраў адукацыі палітычна матываваным. Тым не менш, менавіта «палітызацыя беларускай
сістэмы вышэйшай адукацыі, ператварэнне яе ў інструмент палітычных распраў і ціску на студэнтаў і выкладчыкаў» прывялі да канфлікту беларускіх і еўрапейскіх акадэмічных каштоўнасцяў. Гэта і
стала вырашальным фактарам у прыняцці адмоўнага рашэння адносна ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс. Як адзначаюць у Заяве сябры Грамадскага Балонскага камітэта: «Калі ў Мінадукацыі
Беларусі зацікаўлены ў інтэграцыі нашай вышэйшай школы ў ЕПВА, то першае, што неабходна зрабіць, — гэта прызнаць канфлікт акадэмічных каштоўнасцяў і пазначыць шляхі яго
пераадолення». Наступным крокам павінна стаць прызнанне ўдзелу ў рэфармаванні вышэйшай школы ўсіх бакоў, зацікаўленых у якаснай адукацыі, — студэнтаў, іх бацькоў, выкладчыкаў,
працадаўцаў, грамадзянскай супольнасці. Эксперты Грамадскага Балонскага камітэта заяўляюць таксама пра гатоўнасць удзельнічаць у распрацоўцы праграмы рэфармавання і маніторынгу стану беларускай
вышэйшай адукацыі.
Поспех і выніковасць падрыхтоўкі Беларусі да наступнага міністэрскага саміту Балонскага працэсу шмат у чым залежаць ад тых пазітыўных дзеянняў, якія распачне сёння беларуская дзяржава. Бо Еўропа
чакае ад беларускага боку не столькі поўнай перабудовы сістэмы вышэйшай адукацыі, колькі правільнага пазначэння вектару пераменаў.
Поўная версія Заявы Грамадскага балонскага камітэта — eurobelarus.info/by/article/bolonia-dialog
Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі