Ужо сёння на «Ночы расстраляных паэтаў» зачытаюць імёны ахвяр сёлетніх пратэстаў

Сёня вечарам, 29 кастрычніка, Зміцер Дашкевіч рыхтаваўся правесці штогадовую «Ноч расстраляных паэтаў», каб ушанаваць памяць рэпрэсаваных беларускіх творцаў. Але яго затрымалі і адправілі на суткі. Але «Ноч расстраляных паэтаў» усё роўна адбудзецца.

«Ноч расстраляных паэтаў» у 2018 годзе

«Ноч расстраляных паэтаў» у 2018 годзе


Даследчыца беларускай літаратуры, пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец мяркуе, што Змітра адмыслова затрымалі напярэдадні мерапрыемства, каб перашкодзіць яго правесці, бо затрыманне адбылося, калі ён ішоў дадому.
 Мы абмяркоўвалі з ім варыянт, ці будзе на «Ночы паэтаў» хапун, і яшчэ смяяліся, я кажу: «Ты ўяўляеш гэтую карціну — хапун у Курапатах? Ноч, лес, крыжы…» Тэарэтычна — рыхтаваліся (да затрымання Змітра Дашкевіча. — НЧ), але, канешне, нечакана.

Зміцер Дашкевіч падчас «Ночы расстраляных паэтаў» у 2017 годзе

Зміцер Дашкевіч падчас «Ночы расстраляных паэтаў» у 2017 годзе


У папярэднія гады міліцыя не замінала праводзіць «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах і затрыманняў падчас яе не было. Але сёлета сітуацыя ў краіне такая, што можна чакаць чаго заўгодна — АМАПу ўсё роўна, дзе хапаць людзей, няхай нават ноччу сярод крыжоў у Курапатах. Ці ёсць план на выпадак разгону «Ночы паэтаў»?
Магчыма, ён быў у Змітра. Але мы абавязкова сёння што-небудзь будзем думаць. Ясна, што трэба рыхтавацца да любога з варыянтаў, але мне падаецца, што мы ўжо за 11 тыдняў натрэніраваліся. Гэта ж не прымусовае мерапрыемства, таму кожны, хто туды ідзе, усё разумее. 
Фармат сёлетняй «Ночы расстраляных паэтаў» будзе адрознівацца ад папярэдніх.
— Звычайна гэта было найперш літататарскае мерапрыемства, а ў гэтым годзе яно будзе агульнае. Вершы расстраляных паэтаў будуць чытаць не толькі літаратары, але і спартоўцы, і медыкі, і акцёры, і тэлевізійшчыкі, радыйшчыкі, і прадстаўнікі стачкамаў. Мы будзем далучаць вельмі шырокае кола. Таксама ў спіс расстраляных, які зачытваецца кожны раз перад «Ноччу паэтаў», будуць далучаныя тыя, хто загінуў ужо на пратэстах. Таму што гэта наша агульная бяда, якая па сёння яшчэ не скончылася, але якую мы разам пераможам.

Ганна Севярынец

Ганна Севярынец

Але сувязь паміж рэпрэсіямі 1930-х і сённяшнімі бачаць не ўсе. Нягледзячы на тое, што вялікая колькасць беларусаў падтрымлівае перамены, многія з іх працягваюць ездзіць у пабудаваны ў ахоўнай зоне Курапатаў рэстаран «Поедем поедім».
— Гэта даносіцца вельмі маруднай няспыннай асветніцкай працай, дзеля гэтага ўжо трэці год стаіць варта. Гэта трэба тлумачыць. Камусьці патлумачыць гісторыя, камусьці — затрыманне ўласных дзяцей альбо катаванні, пад якія трапіць ці сам чалавек, ці яго блізкія. Гэта самы жорсткі варыянт асветніцтва, але і ён будзе, — гаворыць Ганна Севярынец.
Таму, нягледзячы на ўсе перашкоды і затрыманні, «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах мусіць адбыцца.
 — «Ноч паэтаў», безумоўна, варта правесці. Гэтаксама, як варта баставаць, выходзіць па нядзелях. Нельга спыняцца, бо як толькі мы спынімся — мы ўсе апынемся там.