Генпракуратура накіравала «справу Ціханоўскага» ў Вярхоўны суд для вызначэння падсуднасці

Генеральная пракуратура накіравала ў Вярхоўны суд для вызначэння падсуднасці крымінальную справу па абвінавачанні Сяргея Ціханоўскага і іншых фігурантаў. Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.

cf305220_337f_4d01_9f23_5819d1c44339_w1597_n_r0_st_925x650.jpg


«Згодна з матэрыяламі справы, Ціханоўскі, Статкевіч, а таксама прыцягнутыя імі Сакаў, Папоў, Лосік, Цыгановіч і іншыя грамадзяне з чэрвеня 2019 года планавалі арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі краіны ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе. Для дасягнення сваіх мэт яны выкарыстоўвалі сучасныя паліттэхналогіі, каб стварыць у насельніцтва недавер і негатыўнае стаўленне да прадстаўнікоў дзяржаўных органаў» — перадае TUT.BY са спасылкай на пракуратуру.

У ведамстве адзначылі, што «ў выніку супрацьпраўных дзеянняў Ціханоўскага і яго саўдзельнікаў дзяржаве нанесены ўрон на суму больш за 3 млн. рублёў». Генеральная пракуратура ў рамках крымінальнай справы прад’явіла да абвінавачаных пазоў аб кампенсацыі шкоды, прычыненай іх дзеяннямі.

На маёмасць абвінавачаных накладзены арышт на суму звыш 2 млн. рублёў. У Генпракуратуры таксама распавялі пра вынікі ператрусу ў Ціханоўскага.

«Падчас ператрусу ў садовым доміку ў Гомельскім раёне, які Ціханоўскі выкарыстаў для працы і жыхарства, выяўленыя і канфіскаваныя 900 300 долараў ЗША, пнеўматычны пісталет і пнеўматычны аўтамат. Характар упакоўкі значнай часткі грошай, серыйнасць нумароў банкнот у пачках паказвалі на іх аднамомантнае атрыманне ў банкаўскіх або іншых фінансавых арганізацыях» — гаворыцца ў заяве ведамства.

У Генпракуратуры таксама заявілі, што «абвінавачанне прад'яўлена абгрунтавана і пацверджана сабранымі доказамі», «абставіны крымінальнай справы даследаваны поўна, усебакова і аб'ектыўна», «парушэнняў крымінальна-працэсуальнага закона падчас папярэдняга расследавання не дапушчана».

Цяпер у Вярхоўным судзе павінны вырашыць, калі і дзе адбудзецца судовы працэс.

Сяргею Ціханоўскаму, Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову інкрымінаваныя наступныя злачынствы:

  • арганізацыя масавых беспарадкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі) — ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі;
  • распаўсюд групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі) — ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі;
  • пагрозы на адрас старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса Беларусі) — да 5 гадоў пазбаўлення волі;
  • арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаны з ужываннем гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў улады (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі) — да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Мікалаю Статкевічу прад'яўлена абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі).

Дзеянні абвінавачаных Ігара Лосіка і Уладзіміра Цыгановіча кваліфікаваныя наступным чынам:

  • распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асоб (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі);
  • арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і узброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі).