Нямецкія адвакаты заявілі ў Федэральную пракуратуру аб злачынствах Лукашэнкі

Адвакаты ад імя дзесяці беларусаў звярнуліся ў Федэральную пракуратуру Германіі, заявіўшы аб учыненні Лукашэнкам злачынстваў супраць чалавечнасці.

7f9e4315a3c63d28b21768d1c45fdc64_1400x850.jpg


Як піша «Нямецкая хваля» са спасылкай на агенцтва dpa, чатыры нямецкія адвакаты звярнуліся ў Федэральную пракуратуру ў Карлсруэ ў сувязі з прымяненнем гвалту над мірнымі жыхарамі Беларусі падчас мірных пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. Ад імя пацярпелых ад катаванняў беларусаў яны заявілі ў пракуратуру аб злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых Лукашэнкам, перадае «Радыё Свабода».

Адвакаты падкрэслілі, што ў Беларусі ні Лукашэнку, ні супрацоўнікам яго сілавых ведамстваў не пагражаюць прававыя наступствы празмернага ўжывання сілы і катаванняў затрыманых грамадзян. У сувязі з гэтым яны заклікалі Германію правесці незалежнае расследаванне такіх злачынстваў. Пры гэтым адвакаты спаслаліся на ўніверсальную юрысдыкцыю, якая прадугледжвае магчымасць прыцягнення да крымінальнай адказнасці за злачынствы, забароненыя міжнародным правам і ўчыненыя ў іншых дзяржавах.

Паводле слоў юрыстаў, іх кліенты паскардзіліся на цялесныя катаванні, катаванні пазбаўленнем ежы і сну, абразы і знявагі, з прычыны чаго здароўю ўсіх іх была нанесеная сур’ёзная шкода. У прыватнасці, яны паведамілі, што ім даводзілася цягам многіх гадзін стаяць на каленях са звязанымі рукамі. «У цэлым дзеянні ўлад можна назваць толькі зверскімі», — адзначылі адвакаты.

Падчас пратэстаў у Беларусі былі арыштаваныя і затрыманыя больш за 30 тысяч чалавек, у тым ліку дзясяткі журналістаў. Сотні чалавек пацярпелі, некалькі былі забітыя.