Справа палітвязня Мікалая Дзядка накіраваная ў пракуратуру

Актывісту і блогеру Мікалаю Дзядку прад’яўленае канчатковае абвінавачанне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса.

mikola_dz_viasna_1.jpg


Як перадаюць праваабаронцы, Дзядка абвінавачваюць па:

  • арт. 342 — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»;
  • арт. 361 — «Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»;
  • арт. 295 — «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў».

Першапачаткова СК расследаваў справу ў дачыненні Дзядка па арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Пасля матэрыялы тэлеграм-канала Дзядка сталі падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы па ч. 3 арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»).

Пры затрыманні Дзядка ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна былі канфіскаваныя шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, што стала падставай для справы паводле ч. 1 арт. 295-3 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паразлівае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў»).

Нагадаем, паводле існуючай інфармацыі, пры затрыманні Дзядка катавалі, а бутэлькі з гаручымі рэчывамі яму падкінулі. Пры гэтым сілавікі прадпрымалі дзеянні, каб на тых бутэльках застаўся біялагічны матэрыял Дзядка.

Дзядок прызнаны праваабаронцамі палітвязнем.