Наступным канцлерам Германіі можа стаць кандыдатка ад «Зялёных»

Не паспела кандыдатка ад нямецкай партыі «Зялёных» на пасаду канцлера ФРГ на выбарах 26 верасня Аналена Баербок заявіць пра свае амбіцыі, як рэйтынг эколагаў пайшоў уверх. Цяпер за «Зялёных» у Германіі гатовыя аддаць свае галасы 28% выбаршчыкаў, у той час як за хрысціянскіх дэмакратаў Ангелы Меркель — каля 26%. Сацыял-дэмакраты набіраюць не больш за 13%.

51278220_303_700x375.jpg


Такі поспех прымусіў многіх экспертаў сапраўды дапусціць перамогу «Зялёных» на выбарах і задумацца, як будзе выглядаць Германія пры «зялёным» канцлеры. У тым ліку гэтай тэмай заняўся салідны штотыднёвік «Spiegel», каб прыйсці да высновы: «зялёнае» канцлерства будзе ўяўляць сабою істотны разрыў з цяперашнімі ўяўленнямі пра федэральны ўрад.
Сярод іншага Германію могуць чакаць канфлікты ўрада з нямецкімі прадпрымальнікамі і з краінамі Усходняй Еўропы, якія яшчэ ў значнай ступені залежаць ад вугальнай генерацыі. Акрамя таго, у пазіцыі «Зялёных» хаваецца значны канфліктны патэнцыял з партнёрамі па ЕС па такіх тэмах, як міграцыя, разуменне прававой дзяржавы і правы ЛГБТ-супольнасці. З амерыканцамі Баербок можа палаяцца з-за жадання стварыць войска ЕС і крытыцы канцэпцыі свабоднага гандлю. А з Расіяй — з-за жадання даць «зялёнае святло» ўступленню Украіны ў Еўрасаюз і NATO.
Зрэшты, спачатку «Зялёным» трэба будзе сфарміраваць кааліцыю. У сілу радыкальнасці іх праграмы эколагі, як адзначае «Spiegel», могуць сутыкнуцца з цяжкасцямі пры пошуку партнёраў.