Суд адмовіўся вярнуць ліцэнзію адвакату, які абараняў баскетбалістку Леўчанка
Суд Маскоўскага раёна Мінска адмовіўся вярнуць ліцэнзію адвакату Міхаілу Кірылюку.
У 2020 годзе ён абараняў баскетбалістку Алену Леўчанка і дырэктарку Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольгу Вялічка, да якой неаднаразова з праверкамі прыходзілі сілавікі, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на defenders.by.
Кірылюка пазбавілі ліцэнзіі, заявіўшы, што ў сваіх публікацыях ён дапусціў «грубыя, нетактоўныя выразы ў дачыненні да прадстаўнікоў дзяржаўных органаў». Якія менавіта выразы трапілі пад гэтае азначэнне, чыноўнікі Мінюста тлумачыць адмовіліся.
Сам Кірылюк упэўнены, што яго пазбавілі ліцэнзіі па палітычных матывах — за ацэнку сітуацыі ў краіне.
Рашэнне суда ён плануе абскарджваць.