«Дзейнічаючы дзёрзка і нахабна...» Пачаўся суд за нанясенне малюнка на трансфарматарную будку

«Выказваючы пагардлівыя адносіны да грамадства, наўмысна без прычыны з хуліганскіх меркаванняў нанёс чырвоную фарбу на фасад будынка падстанцыі ТП». Сума шкоды, нанесенай трансфарматарнай будцы, мізэрная — 32 рублі 90 капеек.

taratun_1.jpg

Суд Партызанскага раёна Мінска 6 траўня пачынае разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні 37-гадовага Дзмітрыя Таратуна і яго 23-гадовай знаёмай Дзіяны Казак па ч. 2 артыкула 339 (злоснае хуліганства).

Справу разглядае суддзя Наталля Дзядкова. Дзяржабвінаваўца — пракурор Вароніч

Згодна з матэрыяламі справы Таратун і Казак у пачатку лютага 2021 года, у начны час, нанеслі на фасад будынка трансфарматарнай падстанцыі (ТП-1064) што знаходзіцца на вул. Стаханаўскай, каля дома 36а, фарбай малюнак грамадска-палітычнага зместу, чым прычынілі РУП "Мінскэнерга" маёмасную шкоду, паведамляе сайт Генпракуратуры.

Сума нанесенай шкоды мізэрная — 32 рублі 90 капеек.

“Дзейнічаючы крайне дзёрзка і нахабна, супрацьпаставіла сябе інтарэсам грамадства, здзейсніла наўмысныя дзеянні, якія груба парушылі грамадскі парадак”, — пазначана ў пастанове СК.

Абвінавачаныя сваю віну не прызналі, аднак не адмаўлялі той факт, што з выкарыстаннем балончыкаў з фарбай размалявалі фасад падстанцыі. Пры гэтым Таратун у той момант нібыта знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Прычыненую супрацьпраўнымі дзеяннямі ўрон кампенсаваны ў поўным аб'ёме.

У ходзе папярэдняга расследавання да Таратуна ўжылі ў якасці меры стрымання — падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах. Абвінавачваны парушыў яе ўмовы і схаваўся ад органа крымінальнага пераследу. Пасля яго затрымалі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і выдалі ў Рэспубліку Беларусь. Пасля чаго Дзмітрыя заключылі пад варту.

Абраную да Казак меру стрымання ў выглядзе асабістага паручыцельства пракурор, накіроўваючы справу ў суд, пакінуў без змены.

У судовай залі сёння шмат людзей — сваякі і сябры абвінавачваных.

Адвакат Стралкова  заявіла хадайніцтва пра выклік у працэс сведкі Яўгеніі Таратун, а адвакат Касцюк, якая абараняе Казак, пра выклік Яўгена Дэгустарава, навуковага кіраўніка Казак у якасці сведкі па характарыстыцы.

Хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы артыкула аб дакладзе пра стрыт-арт у Беларусі — адхіленае.

Пракурор зачытвае абвінавачванне.

Дзейнічаючы ў групе асоб, Таратун 6 лютага ў час 00.01—00.20, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, выказваючы пагардлівыя адносіны да грамадства, наўмысна без прычыны з хуліганскіх меркаванняў нанёс чырвоную фарбу на фасад будынка падстанцыі ТП.

Віну не прызнае.

Такое ж абвінавачванне і Дзіяне Казак, толькі без алкагольнага ап'янення. Віну не прызнае.

Допыт у судзе Таратуна

Паказанні ў судзе Таратуна: "Пазнаёміліся з Дыянай у кастрычніку на дваровых чаяваннях. Гэтыя чаяванні ён выкарыстаў як псіхалагічную разгрузку. Пасля з Дыянай склаліся таварыскія адносіны, пасля сяброўскія. 6 лютага знаходзіліся разам з Дыянай на Стаханаўская 36 а ў 12 ночы з мэтай нанясення малюнкаў.

Суддзя: Як магла паўстаць ідэя зрабіць малюнак? Вы мастакі? Вы дома не маглі сабрацца і намаляваць або на студыі? Для чаго?

Таратун: Канкрэтнай мэты не было.

Суддзя:  Дык для чаго тады маляваць, калі няма мэты? Для чаго маляваць на будынку?

Таратун:  Дзеля эстэтыкі. Хацелі зрабіць нейтральны малюнак, які нясе прыемны сэнс для грамадства. Якія менавіта малюнкі мы хацелі нанесці, мы не абмяркоўвалі.

Таратун напярэдадні набыў фарбу чырвонага і чорнага колеру. У Казак быў трафарэт з сімваламі — сэрца, кулак і вікторыя.

1595603717_1803ea5cf1135d5605173da9846ee96e.jpg

Суддзя: А чаму фарбы менавіта чырвонага і чорнага колеру? Можа для эстэтыкі прыгажэй фарба блакітнага, жоўтага?

Ён тлумачыць, што бачыў, што на трасфарматарнай падстанцыі ўжо даўно былі малюнкі, якія адносяцца да футбольных клубаў і палічыў, што іх малюнкі ніяк не перашкодзяць. Таратун прапанаваў гэта месца сам.

У першы раз малюнак не атрымаўся, фарба паплыла, таму вырашылі зрабіць другі. Дыяна рабіла трафарэт, Таратун наносіў фарбу.

Яшчэ ён вырашыў зрабіць надпіс, свае сімвалы на лацінцы, але не паспеў скончыць надпіс, бо ўбачыў патрульную машыну, і яны пабеглі.

Пракурор: У сувязі з чым былі абраныя гэтыя малюнкі, сімвалы?

Таратун: Хацелася нанесці нейтральныя, эстэтычныя, прыемныя рэчы. Гэтыя сімвалы вельмі простыя і даступныя для разумення кожнага грамадзяніна. Яны нясуць у сабе дабро, любоў, згуртаванасць грамадства. У грамадстве быў раскол, гэта прыгнятала.

Пракурор: Якім чынам дадзеныя малюнкі спрыялі вашым мэтам?

Таратун: Калі чалавек бачыць добрыя, прыемныя малюнкі, у яго ўзнікаюць добрыя эмоцыі.

Суддзя: Вы разумелі, што знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення?

— Так.

Па заканчэнні следства была вынесена пастанова аб падпісцы аб нявыездзе. Я парушыў падпіску, таму што спалохаўся абвінавачвання. З лютага 2021 года за нанясення гэтых малюнкаў была ўзбуджаная справа па артыкуле 341 і я ўсведамляў прад'яўленыя абвінавачванні і ўнутрана я быў гатовы панесці пакаранне, але па заканчэнні справы, перакваліфікаванай на ч. 2 арт. 339, і што ён магу атрымаць некалькі гадоў, запанікаваў. І з'ехаў.

Допыт у судзе Казак

Дзіяна Казак адмовілася даваць паказанні ў судзе.

Зачытваюцца тыя, што былі дадзеныя пад следствам 6 лютага.

spring96.org