Гэта страшнае слова «глісты»: ці ёсць прафілактыка? Спытайце ў педыятра

Энтарабіёз, аскарыды і яшчэ шмат страшных назваў маюць гельмінты, або, прасцей кажучы, глісты. Як з імі змагацца? Ці можна рабіць прафілактыку? Тлумачыць педыятр Мая Церакулава.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Зусім яшчэ нядаўна глісты былі моднымі.  У інтэрнэце можна было паглядзець шмат жахлівых відэа і купіць шмат найноўшых прэпаратаў з семак гарбуза і соды. Усе хваробы тлумачыліся глістамі, а блогеры прыкідваліся паразітолагамі гэтак жа, як цяпер прыкідваюцца нутрыцыёлагамі. Але мода прайшла, а глісты засталіся.

Трэба сказаць, той увагі яны не былі вартыя. Гельмінты суправаджаюць чалавецтва на працягу ўсёй гісторыі і ніколі не былі самымі вялікімі ворагамі. А з тых часоў, як у людзей з'явіліся вадаправод, фармакалогія і ветэрынарыя, гельмінты сталі знікаючым відам. 

Небяспечныя мяса і рыба

Самыя страшныя трохметровыя стужачныя чарвякі ніколі не сустрэнуцца вам на шляху, калі вы жывяце ў горадзе і ясцё мяса з крамы. А значыць мяса праверанае лабараторыямі, выгадаванае пад кантролем ветэрынараў. Мяса, здабытае мужам-паляўнічым, — іншая гісторыя. Калі ўжо вам выпала доля ім харчавацца, памятайце, што магчымыя непрыемнасці. Рэкамендуюць вымочваць такое мяса ў солі два месяцы, ці тры дні замарожваць пры тэмпературы мінус трыццаць, ці запякаць не менш за тры гадзіны. І потым усё роўна кантраляваць ўзнікненне магчымых сімптомаў. Самі па сабе млоснасць ці метэарызм нічога не значаць да таго часу, пакуль не аказваецца, што з'явіліся яны пасля паглынання дзікіх жывёл.

Глядзіце таксама

Тое ж з рыбай. Рыба, якая прадаецца ў крамах, мае сертыфікат. Яе вырошчвалі ў спецыяльных сажалках і кармілі спецыяльным кормам. Ну, ці яна жыла ў салёнай вадзе акіяна. А вось калі вы самі злавілі прэснаводных акуня, шчупака і ментуза, то тут ужо, калі ласка, рыхтуйце больш дбайна. І пры скаргах на дзіўны сверб, сып ці кашаль не забудзьцеся расказаць доктару, як елі рыбу злоўленую ў каламутнай рацэ.

Але я педыятр, а людзі звычайна не кормяць сваіх дзяцей дзікім мясам і сырой рыбай. Дзеці знаходзяць гельмінтаў самастойна. У дзіцячым узросце ў кожнага ёсць шанец сустрэцца з аскарыдамі, і нікога не абміне чаша вастрыц. І той, і іншы гельмінтоз перадаецца фекальна-аральным шляхам. Гэта значыць ад чалавека да чалавека праз нямытыя ў прыбіральні і перад ежай рукі. Найлепшая прафілактыка гельмінтозу такога кшталту — сфармаваная звычка мыць рукі пасля прыбіральні і перад ежай. 

Аскарыдоз

Аскарыды сустракаюцца не вельмі часта. У Індыі часцей, чым у Беларусі. Але, бывае, некаторая насцярожанасць ў лекараў да гэтага дыягназу прысутнічае. Яйкі аскарыдаў праглынаюцца з ежай, лічынкі ўсмоктваюцца кішачнікам і трапляюць у крывацёк, з крывацёку — у лёгкія, там падымаюцца па бранхіяльным ствале ў рот, дзе зноў праглынаюцца. І вось ужо, другі раз апынуўшыся ў кішачніку, лічынкі становяцца дарослымі асобінамі, якія адкладваюць яйкі, што заражаюць іншых людзей. Карацей, нармальна вандруе аскарыда па чалавечым арганізме. 

Калі лічынкі аскарыдаў аказваюцца ў лёгкіх, бывае кашаль. Астатні час сімптомы абмяжоўваюцца раздражненнем кішачніка. Дыягназ ставяць з дапамогай аналізу кала. Лечаць стандартнымі супрацьпаразітарнымі прэпаратамі. Але гэта даволі рэдкае захворванне і занадта баяцца сустрэць яго не варта. Так, і яшчэ яно можа само прайсці — з дапамогай імунітэту, які мае спецыяльныя імунаглабуліны для барацьбы з гельмінтамі.

Энтэрабіёз

Куды часцей за аскарыдаў сустракаецца энтэрабіёз, або ўсім нам знаёмыя вастрыцы. Перадаюцца яны гэтак жа — праз нямытыя рукі. Выглядаюць як маленькія белыя чарвячкі, раздражняюць перыанальную вобласць, свярбяць. Жывуць у кішачніку, па арганізме не вандруюць. Яйкі іх могуць доўга захоўвацца ў ложку, мяккіх цацках, занавесках, шпалерах — паўсюль, дзе пабывалі нямытыя рукі. Заразіцца вельмі лёгка. З добрых навін: ачуняць таксама лёгка. Жывуць вастрыцы ў кішачніку два тыдні, а потым паміраюць назаўжды. І калі не заражацца імі паўторна ад сваіх жа нямытых рук, то можна не лячыцца. А калі лячыцца, але заражацца паўторна, то лячэнне не дапаможа. Так што галоўны спосаб барацьбы з вастрыцамі — мыццё ўсяго дома, кіпячэнне ложку, прасаванне майткоў. 

Дыягнастуюцца вастрыцы з дапамогай скотчу. Яго наляпляюць на перыанальную вобласць і выяўляюць на ёй яйкі вастрыц. Дыягнаставаць энтэрабіёз з дапамогай аналізу крыві не трэба. Наяўнасць антыцелаў толькі кажа, што арганізм сутыкаўся з імі калі-небудзь у жыцці. Але мы ўсе сутыкаліся. Дыягназ любой гліснай інвазіі толькі пацвярджаецца аналізам крыві на антыцелы, але грунтуецца на сімптомах. Наяўнасць антыцелаў пры адсутнасці скаргаў нічога не значыць.

Таблека на ўсялякі выпадак?

Так, і важны момант пра супрацьпаразітарныя прэпараты. Мы не даём іх прафілактычна. Гэтыя прэпараты таксічныя, маюць рызыку пабочных эфектаў, прызначаюцца пад медыцынскім кантролем і толькі ў мэтах лячэння дыягнаставанага захворвання.

Прафілактычна труціць глістоў нельга. Ні раз на год, ні часцей, ні радзей. Незалежна ад колькасці сабак у доме. Карміце сабак супрацьгліставымі прэпаратамі прафілактычна, а дзіця нельга.

Дзеля прафілактыкі глісных інвазій дзіця павінна ёсць якасныя прадукты і ўмець мыць рукі. 


Доктар Мая Церакулава

Доктар Мая Церакулава