Гісторыя Ігара Пыж’янава. Як былы міліцыянт з Ліды быў назіральнікам на выбарах, а потым атрымаў 3 гады

Мужчыну асудзілі за тое, што ён нібыта пашкодзіў нагу супрацоўніку КДБ. Суд зрабілі закрытым. На волі Ігара чакаюць жонка і трое дзяцей, адно з іх хворае на цэрэбральны параліч.

image_2_5.png

49-гадовага лідскага юрыста Ігара Пыж’янава 17 чэрвеня асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і прызначылі выплаціць 10 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Суддзя Аляксандр Гаўрылаў прызнаў яго вінаватым у «гвалце супраць службовай асобы» (ч. 1 арт. 366 КК РБ). Працэс быў закрыты, а падсудны падпісаў паперу аб неразгалошванні. Пацярпелы ў справе — супрацоўнік КДБ І. А. Ліхарад, які ўдзельнічаў у затрыманні Пыж’янава 12 студзеня. Яму Пыж’янаў нібыта пашкодзіў нагу — парваў меніск.

Брат зняволенага Леанід расказвае «Белсату» тое, што яму ўдалося даведацца пра справу. Сам ён жыве ў Ізраілі, а другі брат зняволенага, Ілля, цяпер у Новай Зеландыі.

Што гаворыць пра інцыдэнт брат падсуднага

Паводле Леаніда, затрыманне адбывалася так. Раніцай 12 студзеня Ігар выйшаў у двор, каб адагнаць машыну, якая нібыта замінала суседу. Але ў аўтамабіль на задняе сядзенне падсеў адзін незнаёмец, а другі адчыніў пярэднія дзверы і забраў ключы ад машыны. Яны назваліся супрацоўнікамі КДБ і хутка паказалі нейкі дакумент. Той, што сеў ззаду, стаў хапаць Ігара за рукі ды адзенне. Другі запатрабаваў, каб Ігар праехаў з імі, але на пытанні аб тым, ці затрыманы ён, нападнікі адказвалі адмоўна. Ігар не пагадзіўся і сказаў, што сам паедзе ў КДБ — першы пачаў крычаць і лаяцца.

Ігар выйшаў з машыны, пайшоў у кірунку дома. Адзін з нападнікаў схапіў яго за руку, спрабаваў спыніць — і Ігар зрабіў падсечку. Нападнік упаў (Леанід не верыць, што яго брат сур’ёзна пашкодзіў нагу супрацоўніку КДБ, і кажа, што пацвярджэнняў гэтаму на судзе не падалі). Ігар пайшоў дадому, яго ўжо не спрабавалі затрымаць. У той дзень ён адвёз сына ў школу, прыехаў на працу, расказаў дырэктару пра здарэнне і ўрэшце сам паехаў у лідскі КДБ, прабыў там шэсць гадзін і ўжо не выйшаў на волю.

Ігар Пыж’янаў, як гаворыць яго брат, заяўляе, што крымінальную справу супраць яго пачалі незаконна, а расследаванне праводзяць са шматлікімі парушэннямі. Ігара яшчэ не прызналі палітычным зняволеным, але яго сваякі трымаюць кантакт з праваабаронцамі.

Працаваў у міліцыі, адстойваў справядлівасць пасля выбараў

Ігар Пыж’янаў працаваў у міліцыі ў 1994-2006 гадах, быў капітанам у аддзеле барацьбы з незаконным абарачэннем наркотыкаў, але, паводле Леаніда, сышоў праз канфлікт, звязаны з палітыкай. Яго тады, кажа брат, разжалавалі ў старшага лейтэнанта, але ён праз суд вярнуў сабе званне і тады толькі звольніўся. Падрабязнасцей Леанід не ведае — брат толькі ў агульных рысах расказваў пра гэта. Урэшце Ігар пайшоў працаваць юрыстам у міжнародную кампанію.

На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Ігар пайшоў у назіральнікі, заўважыў вялікую неадпаведнасць: перамога Лукашэнкі на яго ўчастку і вялікая колькасць выбаршчыкаў з белымі бранзалетамі і бюлетэнямі, складзенымі гармонікам (так прыхільнікі альтэрнатыўных кандыдатаў пазначалі сябе). Ён заклікаў звязацца з ім выбаршчыкаў, якія галасавалі супраць Аляксандра Лукашэнкі.

photo_2021_06_28_19_53_49_1.jpg

Леанід мяркуе, што сігнал затрымаць яго брата прыйшоў з Мінска, бо ў Лідзе Ігар быў вядомы шматлікім жыхарам, «вельмі аўтарытэтны чалавек у горадзе» — ён бясплатна дапамагаў тым, каго незаконна затрымлівалі, пісаў скаргі. На думку Леаніда, сілавікі шукалі, «за што яго зачапіць», але не знайшлі, таму падставілі, а суд зрабілі закрытым, каб не было хваляванняў.

«Шукае праўду нават там, дзе цяжка знайсці»

За кратамі Ігар трымаў галадоўку 32 дні, яму выклікалі «хуткую», кажа Леанід. Зняволенаму прапаноўвалі пагадзіцца з абвінавачаннем у абмен на меншы тэрмін, але ён адмовіўся. У следчым ізалятары Ігара як былога сілавіка трымалі ў асобнай зоне.

На волі Ігара чакаюць жонка і трое дзяцей, адно дзіця хварэе на цэрэбральны параліч. Сваякі і знаёмыя дапамагаюць сям’і.

Леанід перакананы, што Ігарава затрыманне было звязанае не з мінулай працай у міліцыі, а з тым, што брат «заўсёды шукае праўду». Маўляў, гэта сямейная рыса: Леанід у Ізраілі неаднаразова судзіўся і перамагаў. Ад прапановы перабрацца ў Ізраіль Ігар калісьці адмовіўся.

P. S. Калі ў Беларусі толькі пачаліся пратэсты, Леанід напісаў песню «Белая 2020», пазней выдаў яе са сваім гуртом «Без границ». На думку Леаніда, 2020 год паказаў кожнаму беларусу, што ён не адзін, што такіх мільёны.