«Яго могуць забіць». Маці журналіста Дзяніса Івашына распавяла пра тое, што зараз адбываеццаз сынам
Маці журналіста Дзяніса Івашына, у якога напярэдадні здарыўся сардэчны прыступ у гродненскай турме, Людміла Івашына расказала «Свабодзе», што ў сына раней не было праблем з сэрцам, а таксама — што магло стаць прычынай прыступу.
«Малю Бога, каб гэта было проста супадзенне»
«Дзянісу стала млосна ў карцары. Ён паклікаў турэмнікаў, яму выклікалі лекара, які яго паглядзеў», — расказвае Людміла Івашына.
Калі дакладна гэта было, маці не ведае. Дзяніс сядзеў у
карцары з 19 па 24 чэрвеня. Гэта другое ягонае пакаранне карцарам за
парушэнне правілаў унутранага распарадку. За што менавіта, родныя не ведаюць.
Першы раз яго змяшчалі ў карцар на 7 дзён.
Калі Дзяніс выйшаў з карцару ў пятніцу 25 чэрвеня, яго
паказалі кардыёлагу, які акурат прыехаў у турму, зрабілі кардыяграму, выпісалі
тры лекі.
«Я малю Бога, каб гэта было проста супадзенне, што лекара ў
той дзень выклікалі ў турму, а не спецыяльна да Дзяніса, бо інакш гэта бы
значыла, што сыну было вельмі кепска», — кажа маці палітвязня.
«Пазняк напісаў, што Івашына могуць забіць»
Людміла Івашына ведае, што сына прыкладна двойчы на тыдзень возяць на гутаркі ў КДБ. Яна мяркуе, што яму могуць прапаноўваць супрацоўніцтва або прызнацца ў нейкіх злачынствах. Маці ўпэўненая, што сын не парушаў закон, таму прызнавацца няма ў чым.
«Я вельмі баюся, што падчас гутарак яму могуць прапанаваць
гарбату, а туды дадаць усё, што заўгодна. Зянон Пазняк нядаўна напісаў у
артыкуле, што Дзяніса Івашына могуць забіць. Я не ведаю, чаму ён так сказаў.
Але Зянон Станіслававіч проста так не піша. Я спаць не магу! На Дзяніса
накладвае адбітак пастаянны стрэс, з якога ён не выходзіць», — кажа маці.
Людміла Івашына ведае, што ў камеры цяпер вельмі спякотна і
душна. Яна 25 чэрвеня хадзіла на прыём да намесніка начальніка турмы. У просьбе перадаць Дзянісу ў камеру вентылятар ёй адмовілі.
Больш за месяц ад Дзяніса няма лістоў сваякам. За апошнія
паўтара месяцы Івашыну ў турму прыйшлі толькі два лісты ад маці і жонкі, хаця
яны пішуць лісты штотыдзень. 6 чэрвеня ў Івашына быў дзень народзінаў, аднак
віншавальную тэлеграму ад маці яму таксама не перадалі.
«Намеснік начальніка, гледзячы мне проста ў вочы, з
усмешкай адказаў: «Не можа такога быць. Колькі пішуць — столькі атрымлівае».
Гэта сапраўдныя катаванні», — пераказвае Людміла Івашына адказ службоўца
наконт лістоў.
Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка, калі
ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму прад’явілі абвінавачанне па 365-м крымінальным артыкуле — «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных
спраў».
Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманне Івашына звязанае
з ягоным апошнім расследаваньнем пра былых украінскіх беркутаўцаў, што
ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП.
Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён
даў інтэрвію пра гэта расійскамоўнаму тэлеканалу «Настоящее время».
Дзянісу Івашыну 42 гады, ён жанаты. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Працаваў журналістам у незалежнай газеце «Новы час» і міжнароднай супольнасці ІnformNapalm, якая даследуе ўплыў расійскай агрэсіі на іншыя краіны. Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, праз што ён і «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сірыю.