«Хрэн вам, а не хуткая». Новыя сведчанні пра катаванні ў турме на Акрэсціна
Сям’я адзначае, што амаль палова затрыманых перахварэлі на ковід. Меддапамога не аказваецца наогул, распавядае «Свабода».
Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі сям’ю — Кацярыну і Аляксандра (імёны зьмененыя ў мэтах бясьпекі). Пасьля ператрусу і допыту ў Следчым камітэце іх арыштавалі на 15 сутак паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Ён увесь тэрмін правёў у ЦІП на Акрэсьціна, яна трапіла яшчэ і ў ІЧУ Баранавічаў.
Маладыя людзі расказалі Праваабарончаму цэнтру «Вясна» пра ўмовы для «сутачнікаў» у жніўні: відэакамэры над «гаршком», метады лячэння COVID-19 і адмову выклікаць хуткую дапамогу хлопцу з прыступам эпілепсіі.
Утрыманне на Акрэсціна Кацярына называе «сапраўдным катаваннем»: святло гарыць 24/7, будзяць а другой і чацвёртай гадзіне ночы, у душ і на шпацыр не водзяць, ад сваякоў ні лістоў, ні перадач, ні лекаў. Перадачы аддалі толькі пры вызваленні, а лісты так і не дайшлі.
Камеры ў ізалятары перапоўненыя: мужчын на чатыры месцы — 20–22, жанчын — прыкладна 18. За 15 сутак праз камеру Аляксандра прайшло каля 60 чалавек — склад тройчы цалкам абнавіўся.
У Баранавічах у дзяўчат было 10 чалавек у дзесяцімясцовай камеры, а ў хлопцаў — 20 чалавек на 10 «шконак».
Сям’я адзначае, што амаль палова затрыманых перахварэлі на ковід. Меддапамога не аказваецца наогул. Калі жанчынам давалі парацэтамол, валідол (яго выкарыстоўвалі замест таблетак ад кашлю) і ватку з борнай кіслатой, каб сагрэць вуха, то мужчыны не атрымлівалі нават гэтага.
Кацярына ўзгадвае: калі ў сукамерніцы пачаліся курчы ад недахопу кальцыю, дзяжурныя патэлефанавалі яе сваякам і папрасілі прывезці лекі. Пры гэтым іншая змена на аналагічныя просьбы адмовіла.
У адной з камер хлопцы каля 10 хвілін націскалі трывожную кнопку, бо ў аднаго здарыўся эпілептычны прыпадак і яму трэба было тэрмінова аказаць дапамогу. Замест хуткай прыйшлі двое дзяжурных, паглядзелі на хлопца з прыступам і сказалі проста «патрымаць яму язык і перавярнуць тварам уніз». Пры гэтым дадалі: «Хрэн вам, а не хуткая».
Кацярына расказвае, што на Акрэсціна ежа была агідная, з ядомага — толькі супы і грэчка. У хлеба амаль заўсёды канчаўся тэрмін прыдатнасці і ён быў з цвіллю. Пры гэтым два-тры разы на тыдзень давалі свежую гародніну. Але раз-пораз яе замянялі сапсаванымі бочкавымі памідорамі.
Акрамя таго, у арыштаваных адбіраюць грошы з асабістых рэчаў у лік аплаты за харчаванне. Праз тое, што ў Кацярыны і Аляксандра з сабою не было наяўных, на тэчцы з іхнымі справамі нават зрабілі адпаведную пазнаку.