Мінчуку далі два года «хатняй хіміі» за абразу мёртвага міліцыянта
Суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў вінаватым жыхара сталіцы Паўла Анісімава ў абразе міліцыянта па арт. 369 КК. У гэтай справе была адна асаблівасць: абражаны быў мёртвы, што, на думку адваката, выключала магчымасць абвінавачвання паводле гэтага артыкула.
Паводле матэрыялаў справы, Анісімаў 3 лютага пакінуў каментар у тэлеграм-канале «Еўрарадыё» пад навіной пра смерць намесніка начальніка штаба УУС па Магілёўскай вобласці Аляксандра Петрусевіча, у якім у рэзкай форме назваў яго дрэнным чалавекам, выказаў задавальненне яго смерцю і пажадаў яму вечных пакут у пекле. Тым самым, паводле версіі абвінавачвання, Анісімаў наўмысна абразіў прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, прынізіў яго гонар і годнасць. Пацярпелым быў прызнаны сын абражанага — супрацоўнік ГУУС Мінгарвыканкама Андрэй Петрусевіч, піша REFORM.by са спасылкай на праваабаронцаў.
У судзе Анісімаў пацвердзіў, што ён пакінуў гэты каментар, але не прызнаў сябе вінаватым і адмовіўся ад дачы паказанняў. Пры гэтым на папярэднім следстве ён прызнаваў віну і тлумачыў, што ў каментары проста выказаў свае эмоцыі.
Пацярпелы ў судзе заявіў, што ён сам тыя каментары не чытаў і пра абразу яго бацькі даведаўся ад супрацоўнікаў упраўлення ўласнай бяспекі УУС. На яго думку, яго бацька быў абражаны ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў. Сын запатрабаваў 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, таму што адчуваў маральныя пакуты і пачуццё сораму, быў вымушаны тлумачыцца перад блізкімі, а таксама супакойваць калегаў па службе, якія хацелі прыцягнуць абразніка да адказнасці.
Павел Анісімаў не пагадзіўся з пазовам і падкрэсліў, што артыкул 369 у дадзеным выпадку наогул не можа прымяняцца, бо па вызначэнні прадугледжвае злачынства супраць прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, а мёртвы чалавек такім быць не можа.
«Не магу зразумець, як чалавек выконваў абавязкі, будучы мёртвым?» — сказаў Анісімаў на судзе.
Яго адвакат таксама падкрэслівала тое, што мёртвы Петрусевіч выконваць абавязкі не мог. Таксама яна адзначыла, што аб’ектам артыкула з’яўляецца аўтарытэт, гонар і годнасць прадстаўніка ўлады, гэта значыць пацярпелым па заканадаўстве можа быць толькі прадстаўнік улады, а не яго сын. Адвакат заявіла, што ў дзеяннях Анісімава няма складу злачынства і яго трэба апраўдаць.
«Ці шкадую я, што надрукаваў абразлівы каментар? Так, я шкадую. Але я шкадую таму, што гэтая абраза — яна прыніжае мой гонар на ўзроўні тых, хто, займаючы вышэйшыя пасады, размаўляе паміж сабой абразамі, бруднымі словамі, а таксама абражае нават сваіх калег», — сказаў Павел Анісімаў у апошнім слове па-беларуску. Ён заявіў, што лічыць сябе невінаватым і патрабуе кампенсацыі за перанесеныя катаванні ў тыя трое сутак, што яго трымалі ў Магілёўскім ІЧУ.
Суддзя Наталля Бугук вынесла Анісімаву прысуд, які запытаў дзяржабвінаваўца Дзмітрый Хаваўка, — 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, таксама пастанавіла, што ён павінен выплаціць сыну памерлага 1000 рублёў.