Хронікі рэпрэсій. 11 гадоў за адміністраванне тэлеграм-канала, затрыманне бакалаўра багаслоўя

З дапамогай праваабаронцаў і іншых незалежных крыніц сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 19 студзеня.

post_image252_logo.png

У Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме асудзілі Віктара Савашэвіча паводле ч. 3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») і ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 («Саўдзел у распальванні варожасці») Крымінальнага кодэкса. Суддзя Сяргей Хрыпач прызначыў Віктару 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Віктару паставілі ў віну стварэнне і адміністраванне канала «23.34» у Тэлеграме, на якім размяшчалася інфармацыя пра беларускіх суддзяў.

Таксама мужчыну абвінавацілі ў «дапамаганні наўмысным дзеянням адміністратараў і ўдзельнікаў шэрагу іншых дэструктыўных тэлеграм-каналаў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, якія выклікалі цяжкія наступствы».

У Кастрычніцкім судзе Віцебска вынесены прысуд па справе Дзяніса Хаўханава паводле ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі») КК. Суддзя Сняжана Кіндзеева асудзіла Дзяніса на адзін год і два месяцы пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Дзяніса абвінавацілі ў тым, што ён са свайго мабільнага тэлефона пад пастом у тэлеграм-канале пакінуў каментары. Суд іх палічыў «негатыўна ацэначнымі, такімі, што прыніжаюць аўтарытэт, гонар і годнасць Лукашэнкі».

Сведкам па справе выступаў супрацоўнік ГУБАЗіКа, які выявіў, што Дзяніс пад псеўданімам пакінуў каментары ў Тэлеграме. Таксама сведкам на працэсе выступіў аднакурснік Дзяніса, які паведаміў, што «чуў неаднаразова ад яго негатыўныя выказванні ў адрас Лукашэнкі, таксама бачыў, як Хаўханаў у Тэлеграме праглядаў ролікі з крытыкай Лукашэнкі».

Вядома, што Дзяніс Хаўханаў мае асаблівасці слыху.

26-гадовы жыхар Оршы зняў на відэа ваенную тэхніку і даслаў у «экстрэмісцкі» канал — супраць яго распачалі крымінальную справу. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, супраць мужчыны заведзена крымінальная справа паводле арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Імя затрыманага пакуль невядома.

Стала вядома, што экспертка па этыкеце Аксана Зарэцкая затрымана па «народным» артыкуле КК (342-м). Яна знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага. Нагадаем, Аксана — член асноўнага складу Каардынацыйнай Рады, трэнерка па этыкеце і бізнес-камунікацыях, магістарка педагогікі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, судовы працэс над Зарэцкай адбудзецца ў лютым. Яе будуць судзіць разам з палітзняволеным заснавальнікам кампаніі «Astronim» і арганізатарм фестывалю маркетынгу і рэкламы «Белы Квадрат» Багданам Караўцом.

photo_2023_01_19_09_39_59.jpg

У Цэнтральным судзе Мінска пачалі судзіць палітзняволеную спявачку Мэрыем Герасіменка паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») КК. Справу разглядае суддзя Вікторыя Шабуня.

Нагадаем, Мэрыем затрымалі 4 жніўня пасля канцэрту ў мінскім бары «Банкі-бутэлькі», дзе спявачка выконвала песню «Обійми» гурта «Океан Эльзи» ў падтрымку Украіны. Факт выканання песень на ўкраінскай мове абурыў прапагандыстаў.

Пасля затрымання спявачку двойчы асудзілі на 15 сутак паводле адміністрацыйнага артыкула. Пасля перазатрымалі ў межах крымінальнай справы і змясцілі ў СІЗА.

Мэрыем — лідарка гурта «Meriem Band» і аўтарка шматлікіх сінглаў. Спявачка атрымала шырокую вядомасць пасля ўдзелу ў некалькіх выкальных шоу. Так, напрыклад, яна брала ўдзел ва ўкраінскім песенным конкурсе «Голос країни» ў 2018 годзе.

У Мінску былі затрыманы Аляксандр Сазонаў, Эвеліна Козіч і Яна Зябко. Апошняя, імаверна, тая самая дзяўчына, якая ў 2020 годзе вучылася ў БДМУ і атрымала штраф за ўдзел у акцыі пратэсту. Прычыны затрыманняў невядомыя. Таксама ў Мінску быў затрыманы Вадзім Шафранскі і студэнтка 4 курса БДМУ, прозвішча якой пакуль невядома.

Затрыманы жыхар Гомеля Андрэй Пуканаў — праваслаўны вернік, бакалаўр багаслоўя, выкладчык нямецкай мовы. Сілавікі прыйшлі да яго на працу, па месцы жыхарства быў праведзены ператрус. На дадзены момант няма інфармацыі ні пра тое, дзе ён знаходзіцца, ні пра прычыны затрымання.

Днямі ў Мінску затрымалі мясцовую жыхарку Ганну Кавалёву. Падрабязнасці затрымання невядомы.

У Гомелі затрыманы мясцовы жыхар Павел Пялюх. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, Павел нібыта распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы і публічна заклікаў да антываенных мітынгаў. У дачыненні да яго складзены пратаколы паводле ч. 2 арт. 19.11 («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў») і ч. 1 арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне»). Мужчына змешчаны ў ІЧУ.

У Беларусі дзевяць новых палітвязняў. Гэта Дзмітрый Адарачкін, Андрэй Купрэеў, Вадзім Баранаў, Мікіта Маляр, Максім Палянскі, Пётр Пятруша, Руслан Красаў, Аляксандр Сініца, Аляксандр Труш. Усяго, паводле праваабаронцаў, у Беларусі цяпер 1443 палітычныя зняволеныя. Хаця насамрэч іх нашмат больш.

photo_2023_01_19_18_09_57.jpg

Па заканчэнні тэрміну на волю выйшаў актывіст Уладзімір Цурпанаў. За кратамі палітвязня ўтрымлівалі 1 год 11 месяцаў і 14 дзён.

Нагадаем, Цурпанава, асуджанага раней на «хімію», адправілі ў калонію на два гады. Падставай для новай крымінальнай справы супраць палітвязня, асуджанага на тры гады «хіміі», стала «парушэнне правіл унутранага распарадку ва ўстанове». Нібыта супрацоўнікі не аднойчы бачылі, як ён сядзеў і ляжаў на ложку ў недазволены час, не засцілаў належным чынам сваё спальнае месца. Вядома, што яго ў калоніі змяшчалі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

У красавіку 2022 года палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Гродна.