Хронікі рэпрэсій за 28 лютага
Выйшаў на волю Павел Пяскоў — першы, хто атрымаў палітычны прысуд за падзеі пасля выбараў 2020 года. Палітзняволеную Вольгу Маёраву будуць судзіць за «непадпарадкаванне адміністрацыі турмы». Таксама ў закрытым рэжыме пачнуць судзіць палітзняволеную Вольгу Брыцікаву, паведамляюць праваабаронцы.
- Праваабаронцы надалі статус «былы палітвязень» 22 беларусам
Праваабарончая супольнасць Беларусі сёння, 28 лютага, прыняла вялікую заяву, у якой запатрабавала поўную рэабілітацыю адразу 22 чалавек, асуджаных за удзел у мірных сходах. “Патрабуем рэабілітацыі асуджаных удзельнікаў мірных сходаў”, — гаворыцца ў заяве. Па розных прычынах гэтыя людзі не мелі статусу палітзняволеных падчас свайго зняволення, але, негледзячы на гэта, праваабаронцы ў заяве надаюць ім статус «былых палітвязняў».
- Палітзняволеную Вольгу Маёраву будуць судзіць за «непадпарадкаванне адміністрацыі турмы»
Гродзенскі абласны суд 17 кастрычніка 2022 года агучыў прысуд 12 фігурантам «справы Аўтуховіча». Вольгу тады асудзілі да 20 гадоў калоніі.
Яе прызналі вінаватай паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса. На судзе яна не прызнала віну. У зняволенні палітзняволеную неаднаразова змяшчалі ў карцар і выдалялі з судовых пасяджэнняў. У адным з лістоў яна паведаміла, што ў яе падазраюць цукровы дыябет.
Паводле інфармацыі «Гомельскай Вясны», 5 сакавіка ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля над Вольгай распачнецца суд паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі турмы). Справу будзе разглядаць суддзя Ганна Сакалова. Вользе могуць дадаць яшчэ два гады зняволення.
- У чарговы раз быў затрыманы лекар Руслан Бадамшын
Папярэдне, паведамляюць праваабаронцы, затрыманне адбылося сёння раніцай. Пасля лекара-неўролага павезлі ў Фрунзенскі РАУС.
Вядома, што Бадамшына затрымлівалі як мінімум пяць разоў пасля выбараў — на яго складалі пратаколы і арыштоўвалі.
- Сілавікі выклалі чарговае відэа з бацькам Дзяніса Урбановіча, які ваюе на баку Украіны
У роліку бацьку Дзяніса Урбановіча прымусілі заклікаць сына кідаць вайну і вяртацца дамоў — «Можа не расстраляюць тут, 10 лет адседзіш».
Падобныя відэа з бацькам Дзяніса сілавікі публікавалі ўжо неаднаразова.
- Гомельскія сілавікі пахваліліся тым, як разграмілі кватэру палітычнай эмігранткі
Гаворка пра кватэру псіхалагіні Алы Марціновіч.
Сілавікі выламалі дзверы, раскідалі і зламалі рэчы ў кватэры. Паведамляецца, што ў дачыненні да жанчыны распачатая крымінальная справа паводле арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім).
Нагадаем, раней ГУБАЗіК публікаваў відэа, на якіх хваліўся, як разграміў кватэры рэдактаркі «Карателей Беларуси» і ютуб-канала «Дзікае паляванне» Яніны Сазановіч, грамадскага дзеяча Вадзіма Пракоп'ева, блогера Андрэя Павука, прадстаўніцы кіберпартызанаў Юльяны Шаметавец, прэс-сакратаркі Палка Каліноўскага Крысціны і яе мужа, а таксама маці загінулага каліноўца Паўла «Волата» і іншых.
- Мужа палітзняволенай Віталіі Бандарэнка, якога затрымалі адразу пасля спаткання з жонкай, пачнуць судзіць у сакавіку
Анатоля Старасвецкага затрымалі ў верасні адразу пасля спаткання з Віталіяй. Яго арыштавалі на выхадзе з жаночай калоніі. Мужчыну абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Суд над палітвязнем распачнецца 14 сакавіка ў Мінгарсудзе. Справу будзе разглядаць суддзя Анжэла Касцюкевіч.
Нагадаем, Віталія — адзіная дзяўчына з асуджаных за ўдзел брэсцкіх акцыях пратэсту паводле арт. 293 КК. Яе затрымалі 1 сакавіка 2021 года пасля вяртання з-за мяжы, а потым асудзілі да 4 гадоў калоніі. За кратамі яна выйшла замуж за Анатоля.
- Палітзняволеную Вольгу Брыцікаву пачнуць судзіць 11 сакавіка ў закрытым рэжыме
Былую старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» затрымалі ў жніўні 2023 года. Спачатку была інфармацыя, што яе абвінавачваюць у «закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі». У выніку судзіць яе будуць паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Справу ў закрытым рэжыме пачне разглядаць Віцебскі абласны суд 11 сакавіка. Суд будзе весці суддзя Галіна Бондал.
Нагадаем, Вольга адпрацавала на прадпрыемстве «Нафтан» 16 гадоў, але была звольнена праз выказвання сваёй пазіцыі. Палітзняволеную шмат затрымлівалі за выказванні супраць вайны і распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Цягам 2022 года яна правяла ў зняволенні 105 сутак, з іх – 75 запар.
- Яшчэ аднаго беларуса затрымалі на мяжы
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне на мяжы жыхара Брэста. Наша Ніва адзначыла, што затрыманы — гэта Ігар Сарокін.
Паводле мужчыны, ён жыве ў Польшчы і працуе электрыкам. Сілавікі сцвярджаюць, што затрыманы ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў Брэсце.
- За данаты затрыманы жыхар Слуцка — супраць яго распачалі крымінальную справу
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне жыхара Слуцка, які нібыта ў 2022 годзе зрабіў данат праекту NEXTA. На пакаяльным відэа хлопец кажа, што супраць яго распачалі крымінальную справу і «бліжэйшыя 8 гадоў ён правядзе ў турме».
- У Віцебску сёння зноў судзілі прарасійскую актывістку Эльвіру Мірсалімаву
Эльвіру Мірсалімаву абвінавачвалі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) і арт. 19.10 КаАП (прапаганда, выраб ці дэманстраванне нацысцкай сімволікі), паведамляюць віцебскія праваабаронцы.
Першы судовы працэс у дачыненні да вядомай віцебскай прарасійскай актывісткі адбыўся 15 лютага — паводле інфармацыі праваабаронцаў, па выніках таго пасяджэння яе справу адправілі на дапрацоўку.
- Палітзняволены, якога першым асудзілі за ўдзел у пратэстах 2020 года, цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю
Павел Пяскоў — першы, хто атрымаў палітычны прысуд за падзеі пасля выбараў 2020 года. Яго абвінавацілі ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў, звязаным з ужываннем гвалту (ч. 2 арт. 363 КК) на акцыі 19 чэрвеня 2020 года ў Маладзечне, на якой амапавец дастаў пісталет.
Паўлу прысудзілі 3 гады і 3 месяцы калоніі.
Пазней яго асудзілі да яшчэ аднаго году зняволення за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».
Цяпер стала вядома, што Павел Пяскоў цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.