Агееў: На сённяшні рэжым надзеі ніякай ужо няма
Юрыст Алег Агееў перакананы, што рана ці позна ў Беларусі з’явяцца магчымасці выпраўляць тое, што дзесяцігоддзямі рабіў сённяшні рэжым, але рыхтавацца да змен трэба ўжо цяпер.
![_cihi_supraciu___lipen_2021___belarus___pahne_czabor__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg _cihi_supraciu___lipen_2021___belarus___pahne_czabor__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg](/img/v1/images/_cihi_supraciu___lipen_2021___belarus___pahne_czabor__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У беларускім заканадаўстве ўтрымліваецца значная колькасць нормаў, якія прадугледжваюць крымінальную і адміністрацыйную адказнасць за дыфамацыю — абразу і паклёп. Пра гэта гаворыцца ў чарговым, чацвёртым па ліку, аналітычным аглядзе, падрыхтаваным юрыстамі Беларускай асацыяцыі журналістаў, піша «Филин».
Гэтыя нормы неаднаразова рабіліся аб’ектам крытыкі праз тое, што яны празмерна абмяжоўваюць права на свабоду выказвання меркаванняў.
У папярэднія гады ўраду Беларусі былі адрасаваны рэкамендацыі аб неабходнасці змен заканадаўства ў бок большага захавання правоў чалавека. У прыватнасці, у рамках трэцяга цыкла Універсальнага перыядычнага агляду ў 2020 годзе, падрыхтаванага БАЖ.
Як адзначаюць аўтары чарговага агляду, у перыяд 2020-2023 гадоў названыя рэкамендацыі не былі выкананы. Больш за тое, ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу, які пачаўся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га, рэзка ўзмацніліся жорсткасць як заканадаўства, якое ўсталёўвае абмежаванні права на свабоду выказвання меркавання, так і практыка прымянення дадзенага заканадаўства.
Абвінавачванні ў дыфамацыі сталі актыўна выкарыстоўвацца для пераследу палітычных апанентаў дзеючай улады, журналістаў і звычайных грамадзян, якія выказваюць нязгоду з дзеяннямі дзяржавы.
Тым не менш, юрысты БАЖ у чарговы раз выступілі з прапановай прыбраць з Крымінальнага кодэкса артыкулы аб паклёпе на чыноўнікаў.
«Филин» папрасіў пракаментаваць гэтую ініцыятыву юрыста, намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева.
— Хоць такі зварот да ўлад выглядае безнадзейным у сённяшніх умовах, чаму важна рабіць гэта, даносіць сваю пазіцыю?
— Рана ці позна ў Беларусі з’явяцца магчымасці выпраўляць тое, што дзесяцігоддзямі рабіў сённяшні рэжым. І, адпаведна, каб хутчэй і прасцей гэтыя змены адбываліся, трэба мець напрацоўкі і прапановы наконт таго, што будзе адпавядаць дэмакратычнай і прававой дзяржаве.
Таму, каб рэформы былі хуткімі, каб найхутчэй усё небяспечнае перастала працаваць, а ўсё добрае запрацавала як трэба, і неабходна распрацоўваць такія прапановы ўжо цяпер. Чым мы і займаемся.
Глядзіце таксама
![Пастухоў: Рабі, што мусіш, і хай будзе, што будзе Пастухоў: «Калі не ведаеш, што рабіць, дзейнічай паводле закону»](/img/v1/images/sakavik_2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
— То-бок гэта праца хутчэй на будучыню і не з цяперашняй ўладай?
— Канечне. На сённяшні рэжым надзеі ніякай ужо няма.
— За апошнія тры гады сітуацыя ў сферы дыфамацыйных абвінавачванняў толькі істотна пагоршылася. Якога развіцця падзей варта чакаць далей?
— На жаль, гэтыя тэндэнцыі існуюць. Дзеючае заканадаўства (яго прымяненне) усё больш імкнецца да пагаршэння сітуацыі. Адпаведна, нейкіх чаканняў, што гэты рэжым можна памяняць не ў горшы бок, а павярнуць да святла, ні ў каго не засталося.
Таму, гэта хутчэй спроба дамаўляцца з уладамі новай Беларусі. Што, дарэчы, сёння не зусім зразумела — якімі яны будуць, ці будуць яны гатовы да размовы па пытаннях, узнятых у нашых чатырох даследаваннях.
Нельга пакуль казаць, што гэта нейкі комплексны падыход да рэфармавання медыясектара. Гаворка пра кропкавыя моманты, на якія абавязкова трэба будзе звяртаць увагу пры рэфармаванні сферы медыя ў новай Беларусі.
Глядзіце таксама
![Ігар Леднік: Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі — гарантыя бяспекі ў рэгіёне АБСЕ Ігар Леднік: Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі — гарантыя бяспекі ў рэгіёне АБСЕ](/img/v1/images/lednik_ihar.jpeg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
***
Нагадаем, што паводле арт.367 КК («Паклёп на Лукашэнку») суддзёй Таццянай Шоцік на тры гады калоніі быў асуджаны партыйны актывіст Ігар Леднік, які памёр у зняволенні ў лютым 2024-га.
Палітвязня судзілі за публікацыю артыкула «Мiжнародна прызнаны нейтралiтэт Беларусi — гарантыя бяспекi у рэгiёне АБСЕ» ў партыйным часопісе БСДП «Пазіцыя».
Глядзіце таксама
![Ігар Леднік дапускаў, што можа памерці ў калоніі Былы палітвязень Аляксей Галоўкін: «Ігар Леднік казаў мне, што хутчэй за ўсё ён памрэ ў калоніі»](/img/v1/images/lednik_ihar_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)