Хронікі рэпрэсій за 3 студзеня
Маштабныя палітычныя рэпрэсіі няспынна працягваюцца трэці год.

У «тэрарыстычны спіс» дадалі яшчэ пяць беларусаў — цяпер у ім амаль тысяча чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ пяці чалавек. Цяпер у ім 993 чалавекі, з іх 247 — беларусы.
Сярод іх Міхаіл Корзун, Аляксандр Емяльянаў, Дзмітрый Каханоўскі, Мікалай Васілевіч, Мікалай Кацалапаў.
ГУБАЗіК затрымаў мужчыну пасля вяртання таго з-за мяжы — яго вылічылі па фота з Shutterstock

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне мінчука Андрэя. Паводле іх, мужчына ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту — у якасці доказаў апублікаваны фотаздымак з Shutterstock.
Таксама сілавікі паведамляюць, што 24 снежня мужчына вярнуўся з-за мяжы ў Беларусь.

Затрымана сям'я рэпетытара Яўгена Лівянта, а таксама сузаснавальнік адукацыйнага цэнтра
Вядомага рэпетытара Яўгена Лівянта затрымалі 28 снежня — сілавікі прыпісваюць яму ўдзел у пратэстах-2020, «перакрыццё дарог» і нават «спробу дзяржперавароту», бо Лівянт уваходзіў у склад Каардынацыйнай рады.
Дачка рэпетытара Ганна Лівянт была затрымана ў снежні разам з мужам, калі яны вярталіся з Польшчы. У «пакаяльным відэа» дзяўчына кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічала ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». Таксама затрымалі жонку Яўгена Лівянта Юлію. Па інфармацыі «Зеркала», рэпетытар, яго жонка, дачка і зяць знаходзяцца на Акрэсціна.
Затрыманы сузаснавальнік адукацыйнага цэнтра «100 балаў» Аляксей Іваноў. На «пакаяльным відэа» яго прымушаюць назваць свой агульны даход за год, а таксама «прызнацца» ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Пазней стала вядома, што Яўгена Лівянта, Ганну Лівянт і Аляксея Іванова асудзілі на 14 сутак арышту, Юлію Лівянт — на 15 сутак. Па інфармацыі праваабаронцаў, суд над Яўгенам адбыўся 29 снежня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Суддзя Юлія Крэпская прызнала яго вінаватым у «дробным хуліганстве» паводле арт. 19.1 КаАП.

На пінскую актывістку склалі пратакол за фота ў Instagram з вадзяным знакам палка Каліноўскага
На Вераніку Іванову, актывістку з Пінска, склалі чарговы пратакол. Гэтым разам падставай стаў допіс у сацсетцы «Instagram».
Згодна з пратаколам, жанчына «выклала фотаздымак, на якім адлюстаравана экіпіроўка вайскоўца з вадзяным знакам у ніжнім левым куце і назвай тэлеграм-канала Палка Каліноўскага, які рашэннем МУС Беларусі прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем, і такім чынам распаўсюдзіла інфармацыйную прадукцыю, якая прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць».

У Гомелі пачынаецца суд за здымак аэрадрома ў Зябраўцы і здраду дзяржаве
Гомельскі абласны суд пачынае разгляд крымінальнай справы жыхара вёскі Зябраўка Гомельскага раёна Яўгена Глушкова, якога падазраюць у здрадзе дзяржаве (ч.1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса) і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-1 КК). Судовы працэс назначаны весці суддзя Алег Харошка.
Паводле інфармацыі некаторых СМІ, у ноч з 10 на 11 жніўня на аэрадроме ў Зябраўцы здарыўся інцыдэнт, пасля якога пачаліся праверкі мясцовых. У Яўгена ў тэлефоне знайшлі кантакты розных украінцаў і стары здымак аэрадрома, які ён рабіў з дрона. Гэтага было дастаткова, каб затрымаць хлопца. Па артыкуле 356 Крымінальнага кодэкса Глушкову можа пагражаць да 15 гадоў зняволення.
Прызначана дата разгляду апеляцыйных скаргаў лідараў АГП
У судзе Першамайскага раёна Мінска 3 лістапада вынеслі прысуды па крымінальнай справе супраць трох лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі: Мікалаю Казлову — 2,5 гады калоніі, Аксане Аляксеевай — 1,5 года калоніі і Антаніне Кавалёвай — 1 год калоніі.
Палітвязняў абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, праз удзел у «Маршы Новай Беларусі» 23 жніўня 2020 года (арт. 342 КК).
У Мінгарсудзе 31 студзеня разгледзяць апеляцыйныя скаргі палітвязняў. Да гэтага часу кожны можа падтрымаць іх грашовымі пераводамі, пасылкамі, медыцынскімі бандэролямі.

Агулам амаль 17 гадоў калоніі: у Гомелі палітвязня асудзілі другі раз за паўгода
У Гомельскім абласным судзе вынеслі другі за паўгода прысуд у дачыненні да палітвязня Андрэя Паднябеннага. Ён мае расійскае грамадзянства, але з 6 гадоў жыве ў Беларусі і мае від на жыхарства. Першы раз Андрэя асудзілі да 15 гадоў калоніі па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «акт тэрарызму» за падпал машыны начальніка Кіравання дэпартамента выканання пакаранняў.
Цяпер Андрэя судзілі па чатырох артыкулах, у тым ліку за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і «распальванне сацыяльнай варожасці».
У выніку да 15 гадоў зняволення яму дадалі яшчэ 1 год і 8 месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя гэтага, палітвязня аштрафавалі на 1000 базавых велічынь (37 000 рублёў). Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Руслан Царук.
Хлопца са Жлобіна асудзілі за ўдзел у пратэстах на два гады «хатняй хіміі». У якасці доказаў віны — відэа з камер назірання і дэталізацыя тэлефонных размоў
У судзе Жлобінскага раёна асудзілі Мікіту Богуша паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэкса. Суддзя Яўгеній Ерафееў прызначыў Мікіту два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
Мабільны аператар «А1» прадаставіў сілавікам CD-дыск з дэталізацыяй размоў хлопца. З дапамогай гэтай інфармацыі стала магчыма высветліць месцазнаходжанне Мікіты падчас пратэстаў 9 жніўня 2020 года.
Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку і прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады пачнуць судзіць «завочна» 17 студзеня

Палітвязень Аляксандр Фядута трапіў у турэмную бальніцу амаль адразу пасля пераводу ў магілёўскую калонію. У яго абвастрыліся праблемы з сэрцам, з'явіліся ацёкі.
Палітолага Аляксандра Фядуту асудзілі да 10 гадоў зняволення па «справе змоўшчыкаў». Яго разам з Юрасём Зянковічам і Рыгорам Кастусёвым абвінавацілі ў спробе зрынуць рэжым Лукашэнкі.

Гродзенцу Дзмітрыю Анчукову прысудзілі год «хіміі» за чатыры пратэсныя надпісы
Суд Ленінскага раёна Гродна вынес прысуд часова беспрацоўнаму Дзмітрыю Анчукову, абвінаваціўшы яго ў апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт. 341 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала суддзя Наталля Горбач.
Па матэрыялах абвінавачання, Дзмітрый нанёс аэразольным балончыкам чорнага колеру некалькі надпісаў на тарцы дамоў і прыпынкі грамадскага транспарту ў розных месцах горада, якія, на думку следства, абражалі пачуцці грамадзян, дэманстравалі грэбаванне маральнымі каштоўнасцямі і дыскрэдытавалі дзяржаўную ўладу.
Усяго такіх надпісаў ён зрабіў чатыры, чым прычыніў матэрыяльны ўрон камунальным прадпрыемствам на агульную суму ў 253 рублі і 61 капейку.