«"Хуткая" сюды прыязджае ў адным выпадку — зафіксаваць смерць». Як палітвязням (не)аказваюць медыцынскую дапамогу ў турмах
За кратамі для палітзняволеных створаны невыносныя ўмовы, якія праваабаронцы прызнаюць катаваннямі. Неаказанне медыцынскай дапамогі супрацоўнікамі турмаў ужо прывяло да смерці пяцярых палітвязняў.
Медыцына — адна з самых вострых праблем для зняволеных у Беларусі, адзначаюць праваабаронцы. З 2021 года ў калоніях памерлі пяцёра асуджаных за палітычную пазіцыю. Прычынай стала бесчалавечнае абыходжанне, у загінулых не было доступу да аператыўнай і якаснай медыцынскай дапамогі. Трое з іх яшчэ да заключэння мелі сур'ёзныя праблемы са здароўем. Звесткі пра смяротнасць сярод усіх зняволеных МУС не агучвае. Каб лекар прыйшоў на дапамогу, часам даводзіцца выносіць дзверы ў камеры СІЗА, а сваякам — звяртацца ў ААН, піша «Deutsche Welle».
«Не разумееш, што лечыш, а што — калечыш»
Юрыст Павел Сапелка кажа, што праблема сістэмная. Першапачаткова ўмовы ўтрымання і аказання медыцынскай дапамогі пагаршаюць стан зняволенага. Медыцынскі персанал падпарадкаваны МУС, грамадзянскія спецыялісты лечаць зняволеных, толькі калі турэмныя не спраўляюцца і самі выклікаюць «хуткую». Але нават з гэтым бываюць праблемы: часта хвораму кажуць, што няма канвою, каб суправадзіць яго ў бальніцу. Таксама праблемы ўзнікаюць праз адсутнасць медыцынскіх дакументаў: калі чалавек трапляе ў месцы пазбаўлення волі, лячэнне на некаторы час перарываецца, гэта таксама можа пагоршыць яго стан.
«Калі мяне затрымалі, у мяне вылезлі ўсе болькі, было адчуванне, што мне за 60 гадоў. З'явілася асобная сумка з медыкаментамі. Пачаліся такія мігрэні, што я страціла прытомнасць, хоць раней у мяне ніколі не балела галава, — расказала былая палітзняволеная Вольга Такарчук падчас дыскусіі «Як захаваць сябе ў зняволенні», якую арганізавалі праваабаронцы «Вясны». — У калоніі лекі выдавалі перад сняданкам. У маім выпадку прасоўвалі 10-12 таблетак, трэба было адразу ўсё выпіць, на галодны страўнік. У выніку нават не разумееш, што ты лечыш, а што — калечыш».
Былая палітзняволеная Марыя Каленік адзначыла, што большасць жанчын у зняволенні сутыкаюцца з парушэннямі цыклу: менструацыя альбо наогул знікае, альбо становіцца нерэгулярнай. Калі пачынаецца крывацёк або запаленчы працэс, гэта дадатковая праблема, паколькі гінеколага ў СІЗА няма. Агляд праводзіць звычайны тэрапеўт, які мала чым можа дапамагчы, удакладняе Марыя.
Выносілі дзверы, каб лекар дапамог жанчыне з інсультам
Паводле яе слоў, дамагчыся медыцынскай дапамогі ў ізалятары складана нават цяжка хворым людзям. «У гомельскім СІЗА з намі сядзела жанчына 55 гадоў, у яе быў дыябет і іншыя хранічныя захворванні. Яна цяжка перасоўвалася, раней перанесла інсульт, — згадвае Марыя. — Увечары мы спалохаліся, што ў зноў яе інсульт, бо яна не рухалася, у нейкі момант яе пачало ванітаваць, а потым запаў язык, яна не магла размаўляць і варушыць рукамі. У камеры быў званок, але без гуку, з адваротнага боку проста загаралася лямпачка. Хвілін 20 ніхто з супрацоўнікаў не рэагаваў».
Тады, паводле слоў Марыі, яна з іншымі зняволенымі пачалі гучна стукаць у дзверы. «У нейкі момант мы сталі проста выносіць дзверы, падаць на іх, каб нас пачулі, — працягвае яна. — Да нас падышоў супрацоўнік і сказаў, што нічога не можа зрабіць, маўляў, лекар проста не прыходзіць. Давялося гаварыць з ім ужо на падвышаных танах, тлумачылі, што, калі ён нічога не зробіць, жанчына проста памрэ. Праз паўгадзіны прыйшоў лекар, які нічога не змог зрабіць. Супрацоўнікі выклікалі "хуткую", дзе і рэанімавалі пацыентку. Потым яе зноў вярнулі ў камеру. У бальніцы ёй сказалі, што, калі б прыехалі на 10 хвілін пазней, яна б памерла».
Вольга Такарчук згадала падобную гісторыю, калі яна сядзела ў мінскім СІЗА. «Сукамерніца няўдала саскочыла з другога яруса і сур'ёзна пашкодзіла нагу. Каля гадзіны мы выносілі дзверы камеры, каб да яе прыйшоў доктар, — расказала Вольга. — Іншыя камеры, дзе таксама былі палітвязні, пачулі і падхапілі наша патрабаванне, мы разам стукалі і абудзілі ўсё СІЗА, каб дапамагчы дзяўчыне. Так што з медыцынай там жудасная сітуацыя».
Праваабаронца Леанід Судаленка, які прайшоў праз СІЗА ў Гомелі, згадвае, што аднойчы чуў, як чалавек з іншай камеры крычаў і прасіў выклікаць яму хуткую дапамогу. «Супрацоўнік на гэта адказаў, што "хуткая" сюды прыязджае ў адным выпадку — зафіксаваць смерць».
У калоніі могуць проста не даць пасылку з лекамі
У калоніі сітуацыя з медыцынай не лепшая, адзначаюць былыя асуджаныя. На стан здароўя істотна ўплывае харчаванне. Самая вялікая праблема — з мясам і рыбай, гароднінай і садавінай. У СІЗА пры дапамозе перадач і неабмежаванай сумы на турэмную краму можна больш-менш падтрымліваць рацыён, у калоніі з гэтым ужо праблематычна. «Мяне практычна адразу зрабілі "злосным парушальнікам рэжыму" і суму атаваркі зрэзалі да дзвюх базавых велічынь у месяц (на той момант — 74 рублі, каля 20 еўра. — Заўв. рэд.), што можна за гэта купіць? Гэта значыць, грошы ў мяне на рахунку былі, але мне не дазвалялі выдаткоўваць больш за ўстаноўлены ліміт, — згадвае былы палітвязень Леанід Судаленка. — З садавіны адзінае, што ўдавалася браць, — яблыкі».
Атрыманне лекаў і вітамінаў — складаная бюракратычная працэдура, згадваюць былыя зняволеныя. Нават калі начальнік медчасткі зацвердзіў спіс, не факт, што пасылку перададуць зняволенаму, кажа Судаленка: «Некалькі разоў мне не выдавалі бандэроль з медыкаментамі — нібыта я напісаў адмову. Вядома, ніхто і не спрабаваў мне ўручыць лекі».
У некаторых выпадках вырашыць праблему з медыкаментамі і лячэннем атрымліваецца на прыёме ў начальніка медчасткі, куды прыязджаюць сваякі зняволеных. Таксама можна пісаць скаргі ў Дэпартамент выканання пакаранняў, МУС, пракуратуру, але ў цяперашніх умовах гэта можа быць рызыкоўна, адзначаюць праваабаронцы. Часам сваякам даводзіцца тэрмінова звяртацца ў ААН, паколькі існуе прамая пагроза жыццю зняволеных. Так было ў выпадку з Марыяй Калеснікавай. Улады дазволілі бацьку сустрэцца з ёю і апублікавалі фота з бальнічнай палаты. Аднак ужо больш за год няма вестак з калоніі пра Марыю і стан яе здароўя.