Хронікі рэпрэсій. Алесь Бяляцкі «паўтарыў» свой ранейшы тэрмін за кратамі, замежніку пагражае 25 гадоў

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 31 траўня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_1_1.webp

Затрыманы чарговы берасцейскі вядоўца

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльнае відэа» з Віктарам Стэльмахам, на якім ён кажа, што ў Instagram «не выдаліў адзнаку свайго профіля ў акаўнце, які з'яўляецца экстрэмісцкім». Таксама мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.

У Беларусі замежніку пагражае да 25 гадоў калоніі — яго будуць судзіць за «наёмніцтва» і «агентурную дзейнасць»

У Мінскім абласным судзе 6 чэрвеня распачнецца суд над Рыко Крыегерам. Верагодна, гэта грамадзянін Нямеччыны. Яго абвінавачваюць адразу па шасці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: «наёмніцтве» (арт. 133), «агентурнай дзейнасці» (арт. 358-1), «акце тэрарызму» (ч. 3 арт. 289), «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361-1), «наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін» (ч. 4 арт. 309), «наўмысным прывядзенні ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін» (4 арт. 295).

Гэта першы суд у Беларусі за «наёмніцтва», за намер далучыцца да ваенных фармаванняў ва Украіне беларусаў судзяць паводле арт. 361-3 КК (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні). 

Праваабаронцам невядомая сутнасць абвінавачвання. Афіцыйныя ведамствы нічога не паведамлялі пра затрыманне па такой справе. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра «падрыхтоўку» ці «намер». Мужчыне пагражае да 25 гадоў калоніі. Справу будзе разлядаць Алег Лапека.

Палітвязень Яўген Мерунко — на волі 

Па інфармацыі "Гомельскай Вясны", ураджэнец Светлагорска напрыканцы траўня выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. 

Нагадаем, палітвязня затрымалі 8 снежня 2021 года. Яго абвінавацілі па арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі). 1 сакавіка 2022 года суд Навабеліцкага раёна г. Гомеля прызначыў Яўгену 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

З 5 чэрвеня 2022 года Яўген адбываў тэрмін у ПУАТ-55.

1 052 дні ўтрымліваецца за кратамі Алесь Бяляцкі

Менавіта столькі доўжылася ягонае зняволенне па першай крымінальнай справе: у 2011 годзе старшыню «Вясны» асудзілі да 4,5 гадоў пазбаўлення волі і паводле амністыі вызвалілі 21 чэрвеня 2014 года — праз 1 052 дні. Гэтаму зняволенню і вялізнай хвалі падтрымкі прысвечаны «Альбом салідарнасці».

Цяпер Алесь Бяляцкі асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. І на сённяшні дзень ён зноў знаходзіцца за кратамі 1 052 дні. Падрабязней пра асобу славутага праваабаронцы можна прачытаць на адмысловым шматмоўным сайце.

Падтрымайце праваабаронцу лістамі салідарнасці, паштоўкамі і тэлеграмамі: ПК № 9, 213410, Горкі, Дабралюбава, 16, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму.

У Магілёве былога палітвязня судзяць яшчэ па адной крымінальнай справе

У судзе Ленінскага раёна Магілёва 31 траўня распачаўся судовы працэс у дачыненні да 35-гадовага Паўла Белаголава, які ўжо адбыў тэрмін па «справе Зельцэра». Яго абвінавачваюць у «паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі» (ч. 2 арт. 367 КК). Суд вядзе Таццяна Рахманенка. Паўлу пагражае да 6 гадоў калоніі. 

У жніўні 2022 года суд Дрыбінскага раёна асудзіў мужчыну да двух з паловай гады калоніі за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), а таксама за «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (арт. 130 КК).

У лютым над ім адбыўся суд па адміністрацыйнай справе, але тады суддзя суда Ленінскага раёна Наталля Панасенка прызнала яго невінаватым у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Але супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. 367 КК.

Чатыры гады таму быў затрыманы Мікола Статкевіч 

Яму прысудзілі 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. Апошнюю інфармацыю пра палітвязня родныя Мікалая атрымалі 9 лютага 2023-га году — 477 дзён таму.

У другой палове лістапада сваякі палітвязня праз «другія рукі» атрымалі пацверджанне, што ён дагэтуль знаходзіцца ў глыбоцкай калоніі № 13, дзе сядзіць па чарзе то ў адзіночнай камеры ПКТ, то ў камеры штрафнога ізалятару. Яго пазбавілі права на званкі і адзінай на год перадачы і спаткання.

Жонка палітвязня Марына Адамовіч была затрымана 23 студзеня падчас рэйда на сваякоў палітвязняў. Яе асудзілі за «дробнае хулігнаства» да 15 сутак арышту.

Падтрымайце палітвязня: ПК № 13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу.