Ігар Ільяш: Праз паўгода беларуская журналістыка будзе як у фрылансераў на Данбасе
Аналітык — пра сумныя перспектывы беларускай журналістыкі.
— Зачыстка «БелаПАН» была абсалютна прадказальнай падзеяй,
таму што, пачынаючы са жніўня мінулага года, Лукашэнка ўзяў курс на пабудову
таталітарнага грамадства, дзе проста не будзе месца аніякаму альтэрнатыўнаму пункту гледжання. У такім таталітарным грамадстве не можа быць месца і аніякай
незалежнай прэсе, — пракаментаваў Ігар Ільяш апошнія падзеі ў эфіры канала
«Дождь», піша «Салідарнасць». — Па сутнасці, з канца 2020 года беларуская журналістыка дрэйфуе ў бок
такіх партызанскіх форм працы.
У нармальных умовах журналісцкая праца перш за ўсё характарызуецца публічнасцю і адкрытасцю. А ва ўмовах дыктатуры і беспрэцэдэнтнага палітычнага тэрору, наадварот, журналісты імкнуцца быць як мага менш прыкметнымі, па магчымасці, нават ананімнымі.
Журналіст параўноўвае становішча беларускіх незалежных СМІ з
працай украінскіх СМІ ў акупаваным Данбасе.
— Вядома, перспектывы ў гэтай сувязі досыць сумныя. Калі
інтэнсіўнасць рэпрэсій будзе працягвацца ў тым жа аб'ёме, то дзесьці праз
паўгода беларуская журналістыка ператворыцца ў нешта сярэдняе паміж дысідэнцкай
хронікай бягучых падзей і працай фрылансераў на падкантрольных баевікам
тэрыторыях Данбаса. Я маю на ўвазе журналістаў, якія ананімна супрацоўнічаюць з
украінскімі выданнямі, — адзначыў Ільяш.