Мінчанка атрымала «хатнюю хімію» за дызлайк і выдаленую абразу ў сацсетках у дачыненні міліцыянта

У судзе Савецкага раёна Мінска 19 жніўня да двух гадоў «хатняй хіміі» паводле артыкула 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») асудзілі Вольгу Варывончык, паведамляе «Вясна».

_5258001235980695542_120.jpg

Суддзя Сяргей Шаціла абвінаваціў яе ў абразе начальніка Маладзечанскага РАУС Вадзіма Прыгары ў «Аднакласніках» пад допісам Вольгі Карач. Да абразы прыраўнялі каментар жанчыны з «пальцам уніз», а таксама абразу, якую Вольга выдаліла і якую на судзе не агучылі.

На суд пацярпелы не з’явіўся, таму зачыталі яго паказанні, дадзеныя падчас следства. Прыгара распавядаў, што пра пост даведаўся 9 чэрвеня ад сваёй жонкі. Як начальнік РАУС, які каардынуе працу супрацоўнікаў, асабіста загадаў аб затрыманнях не аддаваў. Бачыў такі пост і ў вайберы, таксама бачыў каментары. Лічыць, што мэтай каментароў і допісу было прынізіць яго і дыскрэдытаваць працу РАУС. Былі прычыненыя псіхалагічныя пакуты.