«Я заўсёды на тваім баку». Як размаўляць з дзецьмі пра сэксуальнасць і гендар?

Школьная праграма не мае адэкватых урокаў сэксуальнага выхавання, на якіх дарослыя адказвалі б на тыя пытанні, якія хвалююць дзяцей і падлеткаў — пра цялеснасць, гендар, сэкс і стасункі. Таму гэта цалкам кладзецца на плечы бацькоў, многія з якіх проста не ведаюць, як размаўляць на такія тэмы. А што калі гэта можна змяніць? 

1_1079.jpg

Да Дня маці і Дня бацькі беларускі запусцілі інфакампанію «Я заўсёды на тваім баку», якая заклікае пераасэнсоўваць сямейныя каштоўнасці і абмяркоўваць з дзецьмі тэмы сэксуальнасці і гендару. Яе праводзяць удзельніцы медыя-ініцыятывы «ГэтаОкей». Раней мы ўжо пісалі пра іншы іх праект — збор сродкаў на падтрымку ЛГБТК+ актывістак і актывістаў унутры Беларусі ў межах кампаніі «Каханне — мая рэлігія».

Новая акцыя прапануе дарослым падумаць над тым, якія насамрэч каштоўнасці мы транслюем сваім дзецям.

— У Беларусі з кожным годам умацоўваецца рыторыка пра «традыцыйныя каштоўнасці»: прасоўваецца паняцце «традыцыйнай сям'і», забарона прапаганды ЛГБТК+ і чайлдфры, царква ўсё больш уплывае на пытанні рэпрадуктыўнага здароўя. Усе гэтыя тэмы змяшаныя, пераблытаныя і шчасна спакаваныя ў святы — Дзень маці, Дзень бацькі і Дзень сям'і, – гавораць удзельніцы медыя-ініцыятывы «ГэтаОкей».

Але што такое насамрэч для беларусаў і беларусак «сямейныя каштоўнасці»? Пра што яны хочуць гаварыць з дзецьмі? І ці згодныя яны з «традыцыйнымі каштоўнасцямі», пра якія так часта кажуць у дзяржаўных СМІ?

Медыя-ініцыятыва «ГэтаОкей» правяла даследаванне, мэтай якога было выяўленне патрэб беларускіх бацькоў у пытаннях гендарнага і сексуальнага выхавання дзяцей. Як адзначаюць актывісткі, бацькі сутыкаюцца з няведаннем дэталяў у тэме гендару, а таксама сэксуальнасці з прычыны таго, што ў іх саміх адсутнічала такая адукацыя, а ў грамадстве тэма ўсё яшчэ табуяваная. 

Савецкае мінулае, а таксама цяперашняя палітыка беларускай дзяржавы, накіраваная на актыўны пераслед ЛГБТ+ людзей, паставілі асвятленне тэм сэксуальнасці і гендарнай разнастайнасці ў адзін шэраг з цяжкімі злачынствамі, якія парушаюць цялесную аўтаномію і сэксуальную бяспеку — такімі, як педафілія (стварэнне закона аб «забароне прапаганды нетрадыцыйных сексуальных адносінаў, змены полу, педафіліі і чайлдфры»).

Усё гэта не спрыяе паляпшэнню сітуацыі, звязанай з узроўнем ведаў бацькоў у тэме гендарнага і сексуальнага выхавання.


snimok_ekrana_2024_10_18_135640.png

Аднак даследаванне выявіла, што беларускія бацькі зацікаўлены ў павышэнні сваіх ведаў на тэмы гендарнага і сексуальнага выхавання дзяцей. Так, 74,3% рэспандэнтаў і рэспандэнтак перыядычна нешта слухаюць і чытаюць пра гендарнае і сэксуальнае выхаванне.

Тыя бацькі, якія адказвалі, што не моцна цікавяцца тэмамі гендэру і сэксуальнасці, таксама расказваюць, што глядзяць фільмы, серыялы, відэаролікі, чытаюць артыкулы, наўпрост звязаныя з гэтымі тэмамі. Гэта значыць, іх «нецікава» да тэм хутчэй абумоўлена табуяванасцю, ідэалогіяй дзяржавы і адсутнасцю даступнага і дакладнага кантэнту.

Большасць бацькоў (55,7%) згадвалі, што дзеці задаюць ім пытанні па гэтых тэмах, альбо абмяркоўваюць гэтыя тэмы са сваімі сябрамі, альбо дэманструюць сваю цікавасць да гэтых тэм. І ім бы хацелася ведаць адказы і ўдзельнічаць у размовах са сваімі дзецьмі, гаворыцца ў выніках даследавання.

Кампанія «Я заўсёды на тваім баку» прапануе беларускім бацькам пераасэнсаваць сямейныя каштоўнасці, не баяцца гаварыць пра тое, што важна ўстанаўліваць свае традыцыі і правілы ў сям'і. У межах гэтай інфакампаніі запланаваны шэраг дзеянняў, якія зробяць больш бачнай праблему адсутнасці зносінаў паміж бацькамі і дзецьмі на важныя тэмы сэксуальнасці і гендару. Запланаваны анлайн-сустрэчы з псіхалагіняй-сэксалагіняй у розных краінах цяперашняга знаходжання беларусаў і беларусак, краўдфандынгавы збор к падтрымку ЛГБТК+ людзей у Беларусі, якія цяпер падвяргаюцца пераследу з боку ўладаў; актывісткі таксама плануюць выпусціць адмысловы зін для бацькоў, дзе мамы і таты змогуць знайсці адказы на пытанні, якія часта задаюць дзеці, і развеяць міфы па тэмах сэксу, гендару, інтымнага здароўя свайго і сваіх дзяцей. А таксама запланаваныя відэагісторыі вядомых беларусак і беларусаў, якія дзеляцца досведам размоў са сваімі дзецьмі на складаныя і нязручныя тэмы.


snimok_ekrana_2024_10_18_135316.png

Падчас анлайн-канферэнцыі, прысвечанай запуску праекта, ужо крыху прагучалі гісторыі Насты Базар і Лявона Халатрана, якія падтрымалі ініцыятыву актывістак з «ГэтаОкей» і расказалі, чаму яны далучыліся да інфакампаніі «Я заўсёды на тваім баку».

Пачынаючы размову пра свой досвед мацярынства і гутарак з дзецьмі, Наста Базар адзначыла, што перад анлайн-канферэнцыяй яна гаварыла з жанчынай, якая перажыла сэксуалізаваны гвалт і зразумела, што тое было менавіта гвалтам, толькі праз год.

— Я разумею, што гэта вынік той сістэмы, у якой мы жывём, — гаворыць Наста. — І я вельмі хачу, каб мае дзяўчынкі (а ў мяне дзве дзяўчынкі-падлеткі) жылі ў іншым свеце. Я хачу, каб яны разумелі свае межы, каб яны ўсведамлялі, чаго хочуць, а чаго — не, што для іх з'яўляецца нормай, а што не з'яўляецца. Што такое кансэнт (згода.Заўв. рэд.). Гэта самае важнае.

Наста Базар адзначае, што шмат хто з беларусаў і беларусак выраслі ў сітуацыі, калі бацькі развяліся і ў сям'і з'яўляўся новы чалавек. Натуральна, што гэта ўздымае пытанні даверу ўнутры сям'і, які важны для спакойнага і ўтульнага суіснавання разам.

— У маім выпадку быў развод з татам дзяўчынак і новае партнёрства. І я прынцыпова кажу «партнёрства», а не «жонка», бо я на гэтым хачу ставіць акцэнт, — заўважае актывістка. — І вельмі цікава назіраць, як можна выбудоўваць гэтыя сямейныя каштоўнасці, якія будуць абапірацца на кансэнт, на давер, а не на ўладу. Калі ў сям'і ёсць лад, гэта найвялікшая апора і самы галоўны рэсурс — калі ты знаходзішся побач з тымі, каго ты любіш.


snimok_ekrana_2024_10_18_135329.png

Пра важнасць размоў з дзецьмі з боку бацькі расказаў Лявон Халатран. Паводле яго, мужчынам, якія выбудавалі патрыярхатны свет, павінна быць у ім лягчэй, але гэта не так. Сістэма навязвае хлопцам поўную стэрэатыпаў мадэль існавання, ад якой вельмі складана пазбавіцца. І таму ў размовах са сваім сынам, якому 7 гадоў, Лявон імкнецца адказваць на любыя пытанні, нават самыя нязручныя, каб выбудоўваць правільную карціну свету.

— Сын можа задаць мне абсалютна любое пытанне і атрымаць адказ, — дзеліцца сваім досведам Халатран. — Я не дазваляю фармавацца пустым месцам, прабелам, якія могуць быць запоўненыя сумессю прапаганды, забабонаў, сабраных на вуліцы, школе ці ад нейкіх кансерватыўных дарослых, у тым ліку і ад маіх бацькоў, і ад бацькоў маёй жонкі.

У тым, што ў іх сям'і сфармаваліся даверлівыя адносіны і адкрыты дыялог, Лявон бачыць таксама заслугу сваёй жонкі, якая мае «даволі ліберальны погляд на многія рэчы». Таму дзіця можа спакойна пытаць пра што заўгодна і атрымліваць адказы.

— Але ў мяне такое адчуванне, быццам ён ужо ўсё ведае, — гаворыць Лявон пра сына. — Мы глядзім разам фільмы, і там многія тэмы паднімаюцца. Калі яму штосьці незразумела, ён пытае, але мне падаецца, што агулам ён усё разумее.


dizajn_bez_nazvanija_3.png

У рамках медыякампаніі «Я заўсёды на тваім баку» запланаваныя таксама гісторыі Крысціны Дробыш, Марыны Ментусавай, Марыі Грыц, Зоі Прышывалка і Даны Кавалёвай. Асаблівую ўвагу варта звярнуць на краўдфандынг, які праходзіць з кастрычніка па снежань. За данат можна будзе атрымаць падтрымліваючыя стыкеры або плакат. А ўсе сабраныя сродкі будуць адпраўленыя на падтрымку квір-персон у Беларусі: псіхалагічную падтрымку, эвакуацыю, аплату адвакатаў.