Як ажаніцца і застацца ва Украіне
Можна выказаць здагадку, што пасля прыняцця ў Беларусі новых правілаў прызыву ў войска колькасць беларускай моладзі, якая пераязджае ва Украіну, рэзка вырасце. Зрэшты, Украіна заўсёды прыцягвала і прыцягвае беларусаў як краіна постсавецкай прасторы з самымі нізкімі цэнамі і добра развітай інфраструктурай паслуг.
Дадаюць прывабнасці і шырока распаўсюджаныя ў Беларусі міфы пра тую лёгкасць, з якой беларускі грамадзянін можа пры жаданні застацца ў суседняй дзяржаве і беспраблемна атрымаць часовы дазвол на жыхарства (ДНЖ), а пасля і сталы дазвол на жыхарства. Самыя папулярныя з іх: калі пражыць ва Украіне пяць гадоў на падставе часовага пасведчання на жыхарства, можна атрымаць грамадзянства; наяўнасць уласнасці ў краіне — выдатная нагода для ДНЖ; нічога не можа быць прасцей, чым уладкавацца на працу ва Украіне.
Насамрэч, у рэальнасці ўсё складаней. Са з’яўленнем ва ўкраінцаў магчымасці бесперашкодна наведваць Еўрасаюз для неграмадзянаў ва Украіне нормы міграцыйнага заканадаўства сталі больш жорсткімі. Дакладней, яны папросту пачалі выконвацца. ЕС патрабуе выразнай міграцыйнай палітыкі, каб натоўпы новаспечаных грамадзян не прасочваліся ў Еўропу праз Украіну. У выніку многія беларусы, якія сутыкаюцца з патрэбай легалізавацца ва Украіне, церпяць няўдачу. Найперш таму, што недаацэньваюць усю сур’ёзнасць працэдуры, а галоўнае — не могуць давесці, што ў іх ёсць падстава для знаходжання ў краіне.
Без дакумента (зараз ужо пластыкавага) часовага дазволу на жыхарства беларус можа знаходзіцца ва Украіне толькі 90 сутак за паўгода. Адлік 180 сутак вядзецца з моманту першага заезду ва Украіну. Калі мінаюць гэтыя 180 дзён, стартуюць другія 180 дзён, за якія ты можаш быць таксама толькі 90 сутак з усімі заездамі і выездамі. Напрыклад, вы заехалі 1 сакавіка, з гэтага моманту адлічваюцца 180 дзён, за гэты тэрмін вы можаце быць з усімі заездамі і выездамі ва Украіне толькі 90 дзён. З 1 верасня пачынаецца новы перыяд, за які вы таксама можаце быць 90 дзён. Ад 1 студзеня кожнага новага каляндарнага года — новы адлік.
Каб застацца ва Украіне на больш працяглы тэрмін (ад аднаго да трох гадоў), трэба аформіць часовы дазвол на жыхарства ў Дзяржаўнай міграцыйнай службе. Падставаў для атрымання такога дазволу шмат. Але на практыцы найбольш распаўсюджаныя наступныя: праца, уз’яднанне сям’і, бізнес, навучанне.
У кожнага з іх ёсць свае плюсы і мінусы, ацаніць якія адразу часам няпроста.
Спрабуем працаўладкавацца
Напрыклад, такая падстава, як «праца». Паводле меркавання многіх знаёмых беларусаў, якія пакуль што жывуць у Беларусі, але плануюць у будучыні перабрацца ва Украіну, тут усё вельмі проста. Аднак гэта — ілюзія. Знайсці афіцыйную працу ва Украіне і на гэтай падставе атрымаць часовы дазвол на жыхарства (ДНЖ) вельмі складана. Працы ва Украіне, канешне, шмат. Але для ўкраінскага працадаўцы афармленне на працу беларуса па складанасці нагадвае падрыхтоўку касманаўта. У гэтым ёсць сэнс, толькі калі вы каштоўны спецыяліст сусветнага ўзроўню або айцішнік. Лягчэй вас узяць на падрад ці наогул нелегальна. Але, натуральна, для таго, хто планаваў застацца па такой падставе, — плакаў тады ДНЖ і, адпаведна, легальны статус.
Самая галоўная складанасць — атрымаць дазвол на працу. Гэта дакумент строгай справаздачнасцi з індывідуальным нумарам, які выдае служба занятасці па месцы знаходжання вашага працадаўцы, і які пацвярджае вашу занятасць на ўкраінскім прадпрыемстве ці фірме. Такі дазвол сам па сабе — вельмі дарагі. У 2019 годзе плата за дазвол на працу з тэрмінам дзеяння ад 6 месяцаў да года ва Украіне складае 608 беларускіх рублёў, або каля 300 долараў.
Чыста тэарэтычна, такі збор павінен аплачваць са сваёй кішэні працадаўца. Але далёка не факт, што ён возьме на сябе ўсе выдаткі і клопаты. Прычым, на пачатак афармлення дазволу ў вас на руках ужо павінна быць копія вашага працоўнага кантракту.
Афармляцца па гэтай падставе мае сэнс толькі тым катэгорыям беларусаў, якія афіцыйна могуць працаўладкавацца ва Украіне без аплаты такога збору. А менавіта: тыя, хто мае афіцыйны статус бежанца; работнікі замежнага флоту (у тым ліку авія); работнікі сродкаў масавай інфармацыі; працаўнікі прадстаўніцтваў замежных кампаній (працаўладкоўваюцца на падставе службовай карткі); прафесійныя спартсмены, артысты, работнікі мастацтваў; работнікі аварыйна-выратавальных службаў; святары для працы ў рэлігійных арганізацыях; работнікі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі; выкладчыкі, якія збіраюцца працаваць у ВНУ; замежныя ўкраінцы (аналаг тых, хто мае «Карту паляка»).
Але тое, што вам не патрэбны дазвол на працу, зусім не гарантыя, што ў працадаўцы з’явіцца жаданне вас працаўладкаваць. Прычына простая: з восені 2017 года заканадаўча рэгулюецца памер мінімальных заробкаў для работнікаў-неграмадзян. Адпаведна, працадаўца павінен устанавіць вам заробак у памеры не меншы, чым 10 мінімальных заробкаў, ці 3302 беларускіх рубля на месяц! Ведаю, некаторыя ўкраінцы прымудраюцца разрульваць гэтую сітуацыю і прызначаюць работнікам-беларусам няпоўны працоўны дзень. Але сам маштаб праблемы зразумелы. Украінскі працадаўца банальна не гатовы плаціць за вас падаткі з гэтай сумы, і наогул не гатовы з вамі поркацца. Для параўнання: калі ўкраінец працаўладкоўваецца на прыватную фірму альбо прадпрыемства, у кантракце яму нярэдка прапісваецца заробак у памеры «мінімалкі» — 330 беларускіх рублёў.
Адсюль выснова: хочаце працаваць ва Украіне — пачынайце шукаць працу з Беларусі года за паўтара да запланаванага пераезду. Праўда, зусім не факт, што нават калі вы абгаворыце ў якасці ўмовы працаўладкавання ваш афіцыйны статус, зможаце атрымаць жаданае.
Ідэальна, на мой погляд, афармленне ДНЖ у міграцыйнай службе па гэтай падставе падыходзіць для айцішнікаў або ўнікальных спецыялістаў сусветнага ўзроўню ў любой сферы.
Шлюб, лепш не фіктыўны
Матыў «уз’яднання сям’і» — адна з лепшых падстаў для афармлення ДНЖ ва Украіне. Фактычна, «уз’яднанне» — гэта сітуацыя, калі адзін чалавек з вашай сям’і ўжо мае часовы ДНЖ альбо з’яўляецца грамадзянінам Украіны. Да «сям’і» могуць належыць ваш муж/жонка, бацькі і дзеці да 18 гадоў. Пасля 18 гадоў вашы дзеці не маюць права на атрыманне ДНЖ па гэтай падставе, бо па ўкраінскім заканадаўстве чамусьці перастаюць лічыцца вашай сям’ёй.
Найлепшая сітуацыя, калі ваша другая палова мае ўкраінскае грамадзянства. Праз два гады шлюбу можна атрымліваць дазвол на сталае месца жыхарства (СМЖ) ва Украіне, а там, праз пяць гадоў, і грамадзянства. Калі ваш муж (жонка) — грамадзянін Украіны, на этапе збору дакументаў усё максімальна зразумела і празрыста. Хаця з досведу знаёмых ведаю: калі падаюцца дакументы па такой падставе, міграцыёнка максімальна цягне час. У трох з чатырох выпадкаў пры афармленні, напрыклад, гублялася квітанцыя аб аплаце паслуг. Часам наогул без усялякіх прычын проста на тыдні затрымлівалася выдача самога ДНЖ.
Фактычна, у такой сітуацыі вы не можаце выехаць з Украіны ў Беларусь па справах, таму што назад можаце і не заехаць — прызнаюць нелегалам. Таму парада: падавайце дакументы максімальна хутка, каб потым быў час для манеўру.
Ёсць нюансы, калі вы вырашылі атрымаць ДНЖ па ўжо атрыманаму ДНЖ іншага чальца сям’і (напрыклад, ваш муж/жонка неграмадзянін, а раней атрымаў ва Украіне дазвол на працу як іншаземец). Давядзецца даводзіць іміграцыйнай службе, што вам змогуць забяспечваць матэрыяльнае ўтрыманне на ўвесь час вашага знаходжання ва Украіне. Даказаць магчымасць такога ўтрымання афіцыйна часам складана, а часам — нерэальна. Напрыклад, адна сітуацыя, калі часовы ДНЖ па такой падставе будзе атрымліваць толькі ваша жонка, і зусім іншая, калі на ДНЖ прэтэндуюць адразу жонка і двое дзяцей.
Варта трымаць у галаве і непрыемную акалічнасць — ДНЖ «па ўз’яднанні сям’і» не дае вам права легальна працаваць без афармлення дадатковага дазволу. Але ў любым выпадку, атрыманне ДНЖ на падставе ўз’яднання сям’і — тэма вельмі папулярная. Галоўнае — яна працуе.
Вучымся ва Украіне
Не менш папулярная падстава афармлення ДНЖ — вучоба ў вышэйшых навучальных установах Украіны.
Пасля залічэння на навучанне ВНУ хадайнічае пра афармленне вам часовага дазволу на жыхарства на падставе навучання. Самае прыемнае, што такі від ДНЖ не мае патрэбы ў штогадовым падаўжэнні. Студэнт можа жыць ва Украіне без абмежаванняў на працягу ўсяго тэрміну навучання.
Але заўважу, што калі вы за час вучобы не «кінулі якар» ва Украіне (то-бок, не знайшлі працу, не ажаніліся ці не зрабілі яшчэ нешта), то пасля заканчэння ВНУ ў выпадку адсутнасці падстаў для падаўжэння дазволу на жыхарства вы абавязаны за тыдзень выехаць за межы краіны. ДНЖ могуць ануляваць і раней, — калі ў вас не складзецца з вучобай і вас выключаць. Дарэчы, у вышэйзгаданым хадайніцтве ВНУ, апроч іншага, бярэ на сябе абавязацельства неадкладна паведамляць у аддзел міграцыйнай службы пра вашае выключэнне.
Вядзем бізнес
Афармленне ДНЖ па бізнесе звычайна ладзяць тыя беларусы, якія раптоўна разумеюць, што законных падстаў для афармлення ДНЖ ва Украіне ў іх папросту няма. Тады лагічным крокам падаецца пайсці ў адну са шматлікіх юрыдычных кантор, дзе абяцаюць без праблем усё аформіць. У такой канторы таксама разумеюць, што ў вас няма падстаў. І прапануюць у якасці выйсця з сітуацыі аформіць ФАП (фізасобу-прадпрымальніка, аналаг беларускага ІП), каб вас такім чынам працаўладкаваць.
Але не вядзіцеся. Хочаце бізнесам праз ФАП ва Украіне займацца — займайцеся, толькі не падавайцеся на ДНЖ на падставе створанага юрыдычнай канторай ФАП. Па-першае, з вас злупіць грошы сама кантора (ад адной да трох тысяч долараў — як пашанцуе). Па-другое, па такой падставе вельмі часта адмаўляюць у міграцыёнцы. Яны не дурні, і вы іх проста не задаволіце сваім дзьмутым ФАП. Яны пачнуць патрабаваць (рэальная практыка!) даведкі пра паходжанне сродкаў на адкрыццё і ўтрыманне ФАП (да капейкі), потым запатрабуюць, каб вы працаўладкавалі ўкраінцаў, потым выпадкова атрымаецца, што ўкраінцы павінны былі быць працаўладкаваныя за паўгода да таго, як вы задумалі падаваць на ДНЖ, рахунак у банку (будзе праблемна аформіць, ды і ўсе сродкі павінны туды залічвацца афіцыйна), потым ласкава папросяць пацвердзіць існаванне офіса ва Украіне (натуральна, афіцыйна знятага).
Гэта такая гульня ў коткі-мышкі. Выдаткі растуць, выніку няма. Урэшце, у ДНЖ вам адмовяць — і наступным разам вы зможаце падаць на ДНЖ мінімум праз паўгода. Час страчаны. Выснова: афармляйцеся па гэтай падставе, толькі калі вы плануеце рэальна займацца бізнесам ва Украіне, прычым цалкам «па беламу». У любым разе, мае сэнс усё рабіць самому (хутчэй і нашмат танней), а не звяртацца да пасярэднікаў.
Разнавіднасць падставы «па бізнесе» — афармленне ДНЖ для інвестара. З 2017 года дазвол на жыхарства ва Украіне могуць атрымаць асобы, якія ўнеслі ў статутны фонд украінскага прадпрыемства суму не менш за 100 тысяч еўра. Вядома, гэта варыянт для выключна багатых людзей. Але я разглядаю яго таму, што ў ім ёсць адзін вялікі плюс у параўнанні з проста варыянтам «па бізнесе», — магчымасць афармлення дазволу на сталае месца жыхарства (СМЖ) ва Украіне. Акрамя дарагоўлі, гэта падстава ДНЖ мае цэлы шэраг недахопаў.
1. ДНЖ інвестару выдаецца тэрмінам толькі на 2 гады. Пры гэтым у міграцыйную службу ўсё роўна давядзецца хадзіць штогод для пераафармлення.
2. Грошы павінны быць усе легальныя з пацвярджэннем паходжання.
3. Ніхто не ведае, як ацэньваць неграшовыя актывы.
4. Нават калі вы ўкладзяце свае кроўныя ва ўкраінскае прадпрыемства, ніхто не гарантуе, што афіцыйна яны будуць аформлены ў якасці інвестыцыі. Замежныя бізнесмены скардзіліся, што ні наняты юрыст, ні прадстаўнікі банка, праз які пералічваліся грошы ва Украіну, не змаглі падказаць ім, як падобныя інвестыцыі афармляць па ўсіх правілах — самі не ведалі!
5. Чыста тэхнічна незразумела, як можна вывесці свае актывы.
Іншыя варыянты
Новая падстава для атрымання ўкраінскага ДНЖ з’явілася ў чэрвені гэтага года. Беларусы-добраахвотнікі, што бяруць удзел у абароне Украіны, могуць на час гэтага ўдзелу атрымаць ДНЖ. Прычым, што характэрна, звяртацца ў міграцыйную службу для афармлення якіх-небудзь дакументаў не трэба. Законнасць знаходжання чалавека ва Украіне для любых афіцыйных органаў пацвярджаецца ў гэтым выпадку звычайным ваенным білетам. Па сутнасці, гэта заднім днём легалізуе шмат беларусаў, якія ўжо некалькі гадоў удзельнічаюць у баявых дзеяннях, але пры гэтым даўно парушылі ўсе тэрміны знаходжання ў краіне на законных падставах.
Па гэтай падставе можна нават атрымаць украінскае грамадзянства па спрошчанай працэдуры. Адзіная ўмова: у зоне АТА трэба прабыць не менш за тры гады. Пасля трох гадоў удзелу ў баявых дзеяннях можна атрымаць статус удзельніка баявых дзеянняў (УБД), што адпавядае статусу ветэрана. А потым, пры жаданні, — і ўкраінскае грамадзянства.
Можна згадаць яшчэ іншыя рэдка ўжываныя падставы для атрымання ДНЖ ва Украіне: удзел у рэалізацыі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі; прапаведаванне рэлігійных веравучэнняў, выкананне рэлігійных абрадаў ці іншай кананічнай дзейнасці па запрашэнні рэлігійных арганізацый і прадстаўленні профільнага дэпартамента Міністэрства культуры Украіны; удзел у дзейнасці філіялаў, аддзяленняў, прадстаўніцтваў і іншых структур грамадскіх (няўрадавых) арганізацый замежных дзяржаў; праца ў прадстаўніцтвах замежных кампаній ва Украіне; культурная, навуковая, адукацыйная дзейнасць; статус прафесійнага спартсмена; удзел у міжнародных і рэгіянальных валанцёрскіх праграмах або ўдзел у дзейнасці арганізацый і ўстаноў, што прыцягваюць да сваёй дзейнасці валанцёраў; праца карэспандэнтам замежнага СМІ.
Калі казаць пра атрыманне дазволу на сталае месца жыхарства ва Украіне, то тут працуюць толькі наступныя падставы: шлюб з украінскім грамадзянінам на працягу больш за 2 гады; тэрытарыяльнае паходжанне (брат, сястра, хаця б адзін з бацькоў, дзед ці бабка пражывалі раней на ўкраінскіх землях); пацверджаная інвестыцыя ва ўкраінскую эканоміку; уцекачы і асобы, якія атрымалі прытулак ва Украіне, асобы, якія пацярпелі ад гандлю людзьмі (пры ўмове бесперапыннага трохгадовага пражывання ва Украіне); апекуны, папячыцелі грамадзян Украіны, а таксама асобы, над якімі ўстаноўлена апека (або папячыцельства) украінскіх грамадзян; дзеячы культуры і навукі па квоце; высокакваліфікаваныя спецыялісты па квоце; былыя грамадзяне Украіны; блізкія сваякі грамадзян Украіны; замежнікі, якія на працягу трох гадоў бралі ўдзел у баявых дзеяннях па абароне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.
Усе мае знаёмыя беларусы ва Украіне афармлялі дазвол на СМЖ выключна па дзвюх першых падставах. Падстава «па тэрытарыяльным паходжанні» зручная яшчэ і тым, што пачынаць афармленне дазволу на сталае месца жыхарства ва Украіне можна проста з Беларусі. Толькі сабраны пакет дакументаў пажадана падаць у міграцыйную службу ў самой Украіне. Адпаведна, не трэба праходзіць праз агонь і ваду атрымання ДНЖ ва Украіне. Сядзіш у Беларусі — і рыхтуеш глебу для свайго пераезду.
...Пазаўчора на выхадзе з гарадской міграцыйнай службы я выпадкова сутыкнулася са знаёмым сірыйцам. У мінулым годзе мы адначасова падавалі дакументы на ДНЖ. Тады ў яго ў планах было аформіць часовы дазвол, а пасля — дазвол на сталае месца жыхарства ва Украіне на падставе ўнясення інвестыцыі ва ўкраінскую эканоміку ў памеры 100 тысяч еўра. Я пацікавілася, на якой стадыі яго інвестыцыйныя намеры зараз. Суразмоўца глыбока ўздыхнуў і паведаміў, што плюнуў на ўсё і ажаніўся з украінкай: так прасцей, і праз два гады можна атрымаць СМЖ.
Некаторыя выбіраюць і крамольны шлях, афармляюць фіктыўны шлюб, які каштуе прыкладна каля 1500 долараў, і атрымліваюць жаданы ДНЖ. Дарэчы, ва Украіне ў афіцыйных органах нікога не хвалюе, ці сапраўдны ваш шлюб.